Iowa. Музыка на «Export»
2170 / 0
26.02.2015

Iowa. Музыка на «Export»

Гурт, які саматэгіцца як #iowaизмогилева, запісаў альбом № 1 у беларускай поп-музыцы ў 2014 годзе.

Гурт Iowa — яшчэ адно сьведчаньне беларускага музычнага нашэсьця на Расею. Магілёўцы адчулі задуху на Радзіме ды паехалі ў Піцер. Яны літаральна зрабілі сябе самі — па маленькім кроку заваёўваючы публіку ды старанна шліфуючы саўнд. Як вынік — іх дэбютнік «Export» умомант па выхадзе ўвайшоў у лідэры расейскага iTunes, ня кажучы пра велізарны попыт на кліпы гурту (па 2—4 мільёны праглядаў на кожны).

Гэта не прадусарскі праект, таму ў ім прысутнічае натуральнасьць, жывасьць, эмацыйнасьць і агульная непрыдуманасьць, што выгадна адрозьнівае яго на тле расейскай поп-сцэны. Узровень творчага мысьленьня ў нашых музыкаў іншы, вельмі часта непрымальны для постсавецкай прасторы, дзе ў фаворы паказушны глямур, што мяжуе зь безгустоўнасьцю і пошласьцю. Посьпех чакае таго, хто знаходзіць залатую сярэдзіну і дэманструе разьняволенасьць ды адкрытасьць, ня страчваючы пачуцьця густу і ўласьцівай беларусам шчырасьці і наіўнасьці. Iowa (а трохі раней — Макс Корж) — якраз з такіх безумоўных знаходак для расейскага шоў-бізу, які пэрманэнтна перажывае крызыс ідэяў.

Уласна кажучы, маштаб таленту Каці Іванчыкавай настолькі шырокі, што яна з посьпехам магла працаваць у панк-стылістыцы, вольна пачувацца ў цяжкай музыцы, сьпяваць блюзы й рок-н-ролы ды яшчэ ўсё што заўгодна. Кажуць, што мянушка Каці, якая потым стала і назвай яе гурту, зьявілася ад яе любові да мэтал-банды Slipknot з штату Аёва. А два іншыя ўдзельнікі гурту — бубнач Васіль Буланаў ды гітарыст Леанід Цярэшчанка — пэўны час вызначалі гучаньне гурту Mauzer (у яго складзе яны праходзілі пад імёнамі Vase і Lenny). У межах гэтага праекту музыкі даюць сабе волю, але роўна ў акрэсьленых межах, за якімі пачынаецца паняцьце «нефармат». Ну а безумоўная адметнасьць каманды — своеасаблівы Кацін вакал з разыначкай ды яе чыста чалавечая харызма. А яшчэ танцы падчас жывых канцэртаў, якія завуцца «беларускі кач».

Да ўсяго цешыць тое, што Iowa ня стала закладнікам аднаго гіту пасьля фурору песьні «Мама». Усе астатнія 9 арыгінальных нумароў з дыску зробленыя настолькі ж яскрава, а «Улыбайся» можа нават і пераўзышла посьпех таго першага-лепшага сынглу. Ну а найвялікшы музычны цуд з дыску — найдалікатнейшым чынам зробленая «Весна», рэч проста непараўнаная. Посьпеху альбому моцна паспрыялі кліпы, зьнятыя практычна на ўсе песьні. Відэашэраг настолькі шчыльна злучыўся з музыкай, што безь яго трэкі нават не ўспрымаюцца напоўніцу.

На фоне правальнага альбому ад Каржа менавіта «Export» ад Iowa можна лічыць беларускім поп-альбомам № 1 у 2014 годзе. Іншая справа, што ў яго ўвайшлі ўсе напрацоўкі каманды за піцерскі пэрыяд — фактычна гэта іх The Best. Пытаньне ў тым, ці зможа гурт вытрымаць настолькі высокую плянку надалей.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by