Корж несямейны. Чаго рабіць у хаце, калі там недзе паці?
2554 / 2
16.11.2014

Корж несямейны. Чаго рабіць у хаце, калі там недзе паці?

Вокладка гэтага альбому ўводзіць у зман — герой Каржа на прыстойнага сям’яніна не выглядае. Шлюбам ён пабраўся ды дзіця завёў, але апанаваў яго галімы быт і аддаецца ён марам зьбегчы на флэт, каб тамака ўх..ярыцца ды заснуць у ваньне.

Нягледзячы на вонкавую нязмушанасьць, забаўляльнасьць і дурасьць песенек, у «Хатнім» уздымаецца сур’ёзная праблема — абсалютная непадрыхтаванасьць пакаленьня Каржа (25+) да сур’ёзнага жыцьця. Самы модны хлопец на раёне, заўсёднік паці і ўлюбёнец дзяўчат ці то з залёту, ці то зь неабходнасьці завёў сям’ю і стаў пачварай і тыранам, ад імя якога пяецца ў некалькіх даволі брыдкіх з пасылу трэках з гэтага дыску. Думка наконт таго, якой халеры я тут раблю ў хаце, калі там недзе паці, паўтараецца зь песьні ў песьню, і паступова героя становіцца шкада, бо выглядае ён кончаным ідыётам. Праўда, надзея на яго сацыяльнае аздараўленьне ёсьць — ён дае абяцаньні заўтра стаць іншым ды навучыцца разрульваць праблемы, а ў час такой чаканай паездкі ў Амстэрдам наогул канстатуе сваю прытомленасьць «жывёльным сьветам забаваў». Песьня гэтая, дарэчы, арганічна магла ўпісацца ў рэпэртуар Brutto, каб ня словы «я не гонюсь за ЗОЖ».

У музычным пляне альбом Каржа — поўнае расчараваньне. Ён і блізка не стаіць у гэтым пляне з папярэднім «Жить в кайф». Праца пакідае ўражаньне зробленай насьпех, выпакутаванай, нацягнутай. Нібы пісаўся матэрыял зь пільнай патрэбы, а не з пакліканьня, бо неабходна было зрабіць у азначаны тэрмін прадукт і дагадзіць сваёй аўдыторыі. Ледзьве восем арыгінальных трэкаў нацягнулася.

Па выданьні «Хатняга» Корж апынуўся на яўным раздарожжы. Прысьпеў той момант, калі выбар трэба рабіць, хоць і ня вельмі хочацца. Альбо працягваць экпслюатаваць тэму ад імя недаробка-інфантыла на патрэбу аўдыторыі — чарговы раз прахрыпець «Я убью тебя, малая», скаціцца ў поўны шансон ды выглядаць пародыяй на самога сабе. Альбо пасталець разам з аўдыторыяй ды падцягнуць яе да іншага ўзроўню — зрабіць нешта кардынальна новае, смачнае як у пляне канцэптуальным, так і музычным.

Макс КоржДомашний, Respect Production (RU), 2014

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by

КАМЕНТАРЫ: