Ave Maria
9831 / 0
29.05.2014

«Стары Ольса». Ад прадзедаў нам дастаўся рок-н-рол (аўдыё)

Яны ўздымаюць забытыя пласты старадаўняй музыкі, рэканструююць музычныя помнікі даўніх дзён, бяруцца за выкананьне рэлігійных гімнаў, а ў перапынках граюць Nirvana і Judas Priest на старажытных інструмэнтах. Гонар айчыннай музыкі — гурт «Стары Ольса» ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Песьні ў выкананьні гурту «Стары Ольса» ўдзельнічалі ў чарце на «Тузіне Гітоў» практычна ад самага заснаваньня. 10 гадоў таму «Тузін» скарыла іх песьня «Ліцьвін», а пазьней «У карчме». Праз працяглы перапынак каманда на чале са Зьмітром Сасноўскім прадстаўляе ў гіт-парад твор «Ave Maria» з свайго апошняга альбому «Santa Maria», які акурат цяпер лідзіруе ў альбомным чарце.

Дакладная назва сьпеву — «Ave Maria» («Cuncti simus concanentes»), альбо «Засьпявай Адзінай Панне». Гэта сярэднявечны хрысьціянскі гіт. Арыгінал музыкі і словаў зьмешчаны ў рукапісе 14 стагодзьдзя «Чырвоная кніга кляштара Мансэрат» («Llibre Vermell de Montserrat»). Згодна з камэнтаром укладальніка рукапісу гэтую песьню можна выконваць паломнікам, якія спыніліся ў манастыры і маюць жаданьне сьпяваць і танчыць. Яе мэлёдыя ўзьнёслая і запамінальная. Па-беларуску «Авэ Марыя» загучала ўпершыню якраз у выкананьні «Старога Ольсы», дзякуючы перакладу Зьмітра Сасноўскага. Цікава, што пасьля зьяўленьня гэтага твору, «ольсаў» сталі актыўна запрашаць з выступамі розныя рэлігійныя арганізацыі.

«Рэлігійных сьпеваў у нашым рэпэртуары ня так і шмат, як здаецца. „Засьпявай Адзінай Панне“ — адна з чатырох. Выконваем яшчэ „Гімн Багародзіцы“, „Псальм Манаршэ Вечнэму“ і „Маці Каралеву“», — кажа Зьміцер і заўважае, што пераклад, аранжыроўка і запіс «Авэ Марыі» атрымалася зрабіць на дзіва хутка і лёгка, у адрозьненьне ад некаторых іншых сьпеваў. «Мусіць неба дапамагло», — кажуць удзельнікі «Старога Ольсы».

Упершыню песьню выканалі падчас штогадовага Каляднага фэсту. Лютніст каманды Ільля Кубліцкі кажа, што з другога куплету людзі хутка падхапілі прыпеў і пад канец песьні ўжо сьпявала і танчыла ўся заля: «Тое ж самае адбылося на знакамітым літоўскім фэсьце „Kilkim Žaibu“, дзе мэталёвыя паганцы пад канец песьні ўверавалі!» — пасьміхаецца Ільля.

Дарэчы, музыкі з задавальненьнем граюць і песьні Deep Purple, Nirvana, Metallica, Judas Priest на старадаўніх інструмэнтах. Праўда пакуль толькі дзеля забавы. Зьміцер Сасноўскі кажа, што як ні дзіўна, рыфы гітарнай рок-музыкі вельмі ўдала кладуцца на старадаўнія інструмэнты, у першую чаргу язычковыя, як шалмеі, жалейкі і дуды. Так што невыпадкова музыку «ольсаў» і «Авэ Марыю» ў прыватнасьці называюць сярэднявечным рок-н-ролам.

Tuzin.fm

Стары Ольса — Ave Maria (музыка і словы народныя, пераклад на беларускую Зьмітра Сасноўскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя!


Была Пані на самоце,

Калі завітаў анёл,

Габрыель у Божай цноце,

Да яе зь нябёс сышоў.


Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя!


Разнасіў анёл бясконца,

Песьню словаў залатых,

Блаславёная пад сонцам,

Ты, Марыя, назаўжды!

Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя! (х2)


Атрымаеш сьветлы цяжар,

Сьветлую надзею зь ім,

Запануе ў табе радасьць,

Радуйся дарам сьвятым!


Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя!


Вестка добрая лунае,

Над сусьветам, над усім,

Над зямлёю і над раем,

Трубіць славу хэрувім!


Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя! (х2)

 

Бездакорная Марыя,

Блаславёная ва ўсім,

У радасьці народзіш сына,

Прыйдзе ратаваньне зь ім!


Засьпявай Адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя!


Езус будзе яму імя,

Найславутае навек,

Гімны пець табе, Марыя,

Будзе кожны чалавек!


Засьпявай адзінай Паньне,

Авэ Марыя!

Славу, гонар, шанаваньне,

Авэ Марыя!