Аўтазак
342 / 0
30.10.2020

«Мы вернем тое, што ў нас забралі» — «Партызанскі праспект» спявае пра «краіну ў аўтазаку»

Гурт «Партызанскі праспект» прэзентуе песню «Аўтазак» у новым туры аўдыёчарта TuzinFM — гэта другі па ліку сінгл каманды.

На сёння гурт «Партызанскі праспект» — гэта два чалавекі: Уладзь Лянкевіч і Раман Жарабцоў. Адпачатку каманда была ананімнай (лідара, напрыклад, звалі Рамуальд Панк-Асмялеўскі), але цяпер вырашана быць адкрытымі.

— У нас з Раманам ёсць асноўныя музычныя праекты, — распавядае Ўладзь. — Раней я досыць часта пісаў больш метафарычныя, сузіральныя і асабістыя тэксты, але цяпер для мяне асабіста прыйшоў час прамых і ясных выказванняў. Мы абралі музычную форму гаражную, трохі прыпанкованую, рабілі песні хутка.

Песня была запісаная літаральна за тыдзень да выбараў. Праз некалькі дзён пасля яе выхаду гітарыста Рамана забралі і ён адседзеў суткі. Уладзь таксама трапіў на суткі ў верасні.

— Калі мы задумлялі праект, падавалася, што нейкая гульня ў ананімнасць — гэта забаўна. Але падзеі жніўня ўсё перавярнулі, і цяпер, мне здаецца, адкрытасць вельмі важная (калі гэта не стварае небяспекі жыццю). Час прайшоў, песня ўсё яшчэ актуальная, я таксама паспеў пакатацца ў верасні ў аўтазаку, — кажа Лянкевіч.

Зараз музыкаў можна пачуць на дваравых канцэртах. Апроч таго, акурат цяпер «Партызанскі праспект» плануе выхад новай песні.  


Партызанскі праспект — Аўтазак


Па горадзе гойсаюць банды ў цывільным,

Твары схаваныя, позірк звярыны.

Пакуюць карціны, пакуюць людзей -

Няправільна стаў, не так паглядзеў.

Душаць, загадваюць, рукі ламаюць.

Час разагнаць незаконную зграю!


Краіну спакавалі ў аўтазак,

Яны за гэта мусяць адказаць.


Мы сёння разам, і нішто не спыніць гэтай  хвалі.

Мы вернем тое, што ў нас забралі.

Пасля дажджу гуляюць промні па небакраі,

Мы вернем тое што ў нас забралі.


Крадуць галасы без сораму, стабільна

Чыняць беззаконне, судзяць нявінных.

Ганяць, прыніжаюць, хлусяць кожны дзень.

З суддзямі таксама сустрэнемся ў судзе. 

Святкуюць перамогу занадта рана -

Ніхто не застанецца беспакараным.


Краіну спакавалі ў аўтазак,

Яны за гэта мусяць адказаць.


Мы сёння разам, і нішто не спыніць гэтай  хвалі.

Мы вернем тое, што ў нас забралі.

Пасля дажджу гуляюць промні па небакраі,

Мы вернем тое што ў нас забралі.