Сумнае мора
580 / 0
04.09.2019

Naviband. Мора сумуе два (прэм’ера)

Гурт Naviband прэзэнтуе ў першым туры на TuzinFM сваю новую беларускамоўную песьню «Сумнае мора». Музыкі лічаць яе адной з самых кранальных і таямнічых у сваёй творчасьці.

У песьні «Сумнае мора» ўжо ёсьць багатая перадгісторыя. Справа ў тым, што яна першапачаткова была прэзэнтаваная па-ўкраінску. Рэжысэр Антон Мамоненка зьняў на яе кліп, які прыязна сустрэлі прыхільнікі гурта, асабліва ва Ўкраіне. Ролік дасягнуў ужо 200 000 праглядаў. У першым туры аўдыёчарту на TuzinFM Naviband прэзэнтуе першапачатковую вэрсію гэтай кампазыцыі. «Менавіта па-беларуску яна была напісаная і ў гэтым варыянце яна мае крыху іншую афарбоўку», — кажа Ксенія Жук. Арцём Лук’яненка дадае: «Мы лічам яе адной з самых кранальных і таямнічых у нашай творчасьці. Тут шмат болю, перажываньняў і шматкроп’яў».

Слухаць на Youtube

Цяпер музыкі працуюць у Кіеве над запісам свайго новага альбому разам з украінскім саўндпрадусарам Віталём Цялезіным, у якога запісваліся «Ляпіс Трубяцкі» і «Океан Ельзи». Сродкі на рэліз яны ўпершыню вырашылі зьбіраць праз краўдфандынг. У якасьці падзякі спонсараў абяцаюцца разнастайныя лоты, сярод якіх акром перадзамовы самога альбому ёсьць, напрыклад, безьлімітны гадавы канцэртны абанэмэнт, экскурсія па Менску ад Арцёмы з Ксюшаю ды кватэрнік.

Naviband — Сумнае мора (музыка Ксеніі Жук, словы Ксеніі Жук і Арцёма Лук’яненкі)

TuzinFM

Сумнае морa ці не

Колеры шэрыя зьніклі

Водгалас цёплы нясе

Туды дзе вобразаў стан нерухомы, нерухомы

 

Сумнае мора ня нам

Сьпевы свае навявае

Ціхім гуканьнем яно

Kожную хвалю каханьнем натхняе, натхняе

 

Там вецер сустрэў каханьне, каханьне

Халодным дажджом па вадзе

Сьпявай мне… сьпявай мне…

 

Сумнае морa ці не

У прыцемках шэпт лунае

Водгалас цёплы нясе

Туды дзе сонца свой сьвет рассыпае