Порах і сталь
1006 / 0
27.08.2019

PyLai пра край, што меў самурай (аўдыё)

Гурт PyLai прэзэнтуе ў першым туры 17-га сэзону на TuzinFM «Порах і сталь», галоўны гіт са свайго дэбютніку «Hraniony», у якім праводзіць аналёгіі паміж беларускай і японскай гісторыяй.

Гурт PyLai заснавалі Рыгор Лайкоў і Ўладзь Пыльчанка. Рыгор паходзіць зь Піцеру, але апынуўся ў Менску, скончыў тут гістфак БДУ ды зачараваўся беларускай культурай. Уладзь вядомы як гітарыст шэрагу гуртоў, ён акампанаваў Паліне Рэспубліцы, уваходзіў у склад гуртоў HandmadE, MarkutsBand, «Нельга забыць» ды іншых. Уласна ад першых літараў прозьвішчаў заснавальнікаў і ўтвораная назва гурта. Музыкі граюць рамантычны рок, сёлета прэзэнтавалі дэбютны дыск «Hraniony».

Слухаць на Youtube

Песьня «Порах і сталь» — адзін з самых яскравых нумароў з гэтае праграмы. «Хтосьці падумае, што гэтая песьня ўяўляе сабой кароткі зьмест фільму „Апошні самурай“, — кажа Рыгор. — Ну й, па шчырасьці, небеспадстаўна. Аднак аналёгіі навідавоку, а тэма зьнікненьня культурных адметнасьцяў актуальная».

Песьня існуе ў дзьвюх моўных вэрсіях. Беларускамоўны тэкст пераклаў з расейскай і адаптаваў Яўген Пыльчанка, брат Уладзімера.

За навінамі гурта можна сачыць праз афіцыйную суполку.

PyLai — Порах і сталь (музыка Рыгора Лайкова, Паўла Панькова і Ўладзімера Пыльчанкі, словы Рыгора Лайкова і Яўгена Пыльчанкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Туш

Поўніць радкі

Сакэ тры глыткі

Як верш

 

Дым

Агорне мяне

Ды шал захлыне

Найперш

 

Край

Што меў самурай

Купляй-прадавай

Вечна жыве

 

Меч —

Птушкі палёт

А твой кулямёт

Як зьвер разарве

 

Прыпеў:

Сакура

Вецьце гайдаецца

Ўсё абрынаецца

Ўсё на глум

 

Кожны ўздых

Ветрам зрываецца

Зрэнкі ўзіраюцца

У імглу

 

Час

Новых паноў

Як кайданоў

Цяжар

 

Мне

Сталь і спакой

Ім бы агонь

І жар

 

Стрэл

Больш не міне

Куля пратне

І згас

 

Усё

На гэтай вайне

Порах адняў

У нас

 Прыпеў