Viecier
4500 / 0
12.07.2019

Harotnica mix. На памежжы адчаю і сноў (аўдыё)

Гурт Андруся Такінданга і Валерыі Валадзько прэзэнтуе ў аўдыёчарце на TuzinFM песьню, зь якой 11 гадоў таму пачаўся іх творчы шлях і якая адначасова стала першым студыйным запісам каманды ў новым фармаце.

Новы фармат «Гаротніцы» — гэта аптымізаваны да трох чалавек склад (да Андруся і Леры далучыўся Эрык Арлоў-Шымкус) і прынцыпова новае гучаньне. Гурт адмовіўся ад гітараў і духавой сэкцыі на карысьць больш камэрнага электроннага гуку ў спалучэньні з акустычнымі інструмэнтамі. Такінданг з домрай застаўся на месцы, як і 11 гадоў таму. Менавіта «Вецер» была першай песьняй «Гаротніцы». Цяпер яна набыла электронную афарбоўку праз сынці і біт, захаўваўшы пры гэтым і сваё першапачатковае акустычнае гучаньне. Зьвядзеньнем і майстарынгам трэку займаўся Канстанцін Пыжоў.

Слухаць на Youtube

Harotnica mix у Belsat Music Live (поўнае відэа)

Валерыя Валадзько кажа, што «Вецер» — гэта лірычнае выказваньне жанчыны пра ейныя блуканьні на памежжы адчаю, сноў і летуценьняў. Тэкст належыць Андрусю Такіндангу. Ён піша ад імя жанчыны, але ў шырокім сэнсе мае на ўвазе чалавечую душу. «Лірычная асоба нашых песень ня ўпісваецца ў фармат грамадзтва посьпеху і дабрабыту. Такую думку і атмасфэру мы хочам перадаць у тэкстах і ў нашай музыцы», — кажа заснавальнік праекту.

Вокладкай сынглу «Viecier» стала мастацкая праца Машы Сьвятагор. Фотакалажы гэтай аўтаркі выводзяць гледача са стану самазадаволенага спакою, пакідаюць візуальную стрэмку ў мазгах. Такі творчы падыход эмацыйна перагукваецца з музыкай гурта. Сынгл «Viecier» выйшаў на маладым незалежным лэйбле Paliklinika.

TuzinFM

Harotnica mix — Viecier (музыка гурта, словы Андруся Такінданга)

 

Я мела на прыкмеце сямёра жаніхоў, але дарожны вецер мяне раней знайшоў.

Ён падарыў мне робу і торбу праз плячо, чакай мой любы вецер, я зараз, я ўжо.

А як была прыгожай, то мела і грахі.

Бо кожнаму з дарогі выносіла ключы.

Мы ў травах балявалі, мы падалі ў віры.

Вось я немаладая, я вецер малады.