Час касінераў
2697 / 0
27.05.2019

Dzieciuki: «Каліноўскі — наш герой!» (прэм’ера)

Гурт Dzieciuki прапануе далучыцца да кампаніі па папулярызацыі вобразу Кастуся Каліноўскага і прэзэнтуе новы трэк «Час касінераў».

«Мы заклікаем паказаць разам, што народ, у імя якога Кастусь Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу, памятае свайго героя!» — кажуць музыкі. Увосень адбудзецца перапахаваньне паўстанцаў 1863—1864 гадоў, знойдзеных на Замкавай гары ў Вільні. Сярод іх тыя, хто ў якасьці паролю выкарыстоўваў словы «— Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна!». Першы сярод іх — Кастусь Каліноўскі. Цяперашняя беларуская дзяржава ніяк ня вызначыцца са сваім стаўленьнем да яго. Грамадзкая кампанія «Каліноўскі — наш герой» накіраваная на тое, каб дапамагчы ўладам зрабіць правільны выбар, бо як пісаў сам Каліноўскі: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!». Да гэтай кампаніі далучыліся ўжо лэйбл БМА group, які ладзіць музычную кампанію «Uzajemna!/Узаемна!», вытворца патрыятычнай вопраткі LSTR, які выпусьціў новы прынт «Gloria Victis» і гурт Dzieciuki, які ў межах кампаніі прэзэнтуе сваю новую песьню «Час касінераў» на словы Алеся Чобата.

Слухаць на Youtube

Лідэр гурта Алесь Дзянісаў распавядае, што напісаў яе ў час працы над сваім сольным альбомам «Кароткая гісторыя Беларусі». Але Алесь Чобат папрасіў яго не ўключаць гэтую песьню ў рэліз. Аўтар гэта патлумачыў тым, што гэта раньні верш і што ён занадта рамантычны і наіўны. Пры гэтым, не забараніў выкарыстоўваць песьню па-за межамі сольніку. На погляд Дзянісава яна вельмі добра ўпісалася ў будучы альбом гурта. Больш за тое — яна будзе фінальнай песьняй на ім.

Dzieciuki заклікаюць далучацца да кампаніі «Каліноўскі — наш герой» усіх неабыякавых беларусаў, каб годна прадставіць беларускі бок на ўрачыстасьцях, якія маюць адбыцца 2 лістапада 2019 году на віленскіх могілках Росы. Менавіта там будуць перапахаваныя парэшткі Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, якія былі забітыя ў Вільні ў 1863—1864 гадах. Кампанія складаецца з розных мерапрыемстваў. Больш падрабязна можна дазнацца праз суполкі ў сацсетках Facebook/Укантакце/Instagram.

TuzinFM

Dzieciuki — Час касінераў (музыка гурта, словы Алеся Чобата)

 

Ты цяпер не адзін — да народу вяртаецца вера

у другое жыцьцё. Прэч маўклівасьць і згоду сваю!

І да нашых мясьцін набліжаецца час касінераў,

І наступіць на горла аднойчы мой люд гадаўю!

 

Нам ня трэба дазволу… Мільёны забітых за намі.

Гэта наша зямля, гэта нашы лясы і палі.

І гудуць у нябёсах паўстанцкія душы званамі,

А нашчадкі паўстанцаў зьбіраюцца зноў на зямлі.

 

Толькі нам не канец. Мы працяг да другіх пакаленьняў.

Грамадзяне з натоўпу рабіцца людзьмі пачалі.

Бо Кастусь Каліноўскі застаўся ў душы і сумленьні,

А ня ў голым граніце застаўся на гэтай зямлі.

 

Зноў нас будуць душыць з дапамогай глухіх і спакойных.

Мы яшчэ павандруем далёка за Нёман і Сож,

калі час касінераў заменіцца часам бяззбройных,

калі час безгаловых цялём папляцецца пад нож.

 

Зноў «шалёных» няма! Без гарантыі кроку ня ступяць

і ня вераць нікому, і слова сказаць не даюць.

Гэта наша зямля, гэта нашы адданасьць і тупасьць,

калі ў зьбітыя душы яшчэ дадаткова плююць.

 

Толькі нам не канец. Мы працяг да другіх пакаленьняў.

Грамадзяне з натоўпу рабіцца людзьмі пачалі.

Бо Кастусь Каліноўскі застаўся ў душы і сумленьні,

А ня ў голым граніце застаўся на гэтай зямлі.