Мая мінуўшчына
2165 / 0
02.04.2019

РСП. Першы трэк па-беларуску (аўдыё)

Гурт «Разьбітае сэрца пацана» прэзэнтуе ў аўдыёчарце на TuzinFM песьню «Мая мінуўшчына». Першы беларускамоўны трэк калектыву — вернуты зь небяцьця гіт беларускага року канца 1990-х.

Песьня «Мая мінуўшчына» ўваходзіла ў рэпэртуар першага гурта вакаліста РСП Дзяніса Тарасенкі, які зваўся «Склеп». Яна ўвайшла ў першую беларускую CD-складанку альтэрнатыўнага року «Вольныя танцы» (1999). Запіс песьні быў зроблены ў хатніх умовах, таму саўндпрадусару праекту Сяргею «Шлёму» Лабандзіеўскаму давялося пашчыраваць над гэтым трэкам.

Дзяніс Тарасенка, лідэр гурта «Склеп», фота канца 1990-х

Праз 20 гадоў Дзяніс Тарасенка цяпер ужо ў складзе гурта «Разьбітае сэрца пацана» вярнуўся да «Маёй мінуўшчыны», каб надаць ёй новае гучаньне і якасна запісаць яе ў студыі. «Нягледзячы на доўгія гады забыцьця яна ня траціць сваёй актуальнасьці, таму мы вырашылі яе выканаць ля Опэрнага падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, а пасьля па шматлікіх просьбах выдаць асобным сынглам», — кажа з нагоды прэм’еры Дзяніс. Вокладку да сынглу зрабіла Ганна Клокава.

TuzinFM

РСП — Мая мінуўшчына (музыка і словы Дзяніса Тарасенкі)

 

Ад цемнаты і пустыні не адаб’емся да заўтра мы

Як бачыш мне да гэтых спраў.

Бо цягнуць хворага за сьпіну, бо не ўздыхнуць і не паляцець

І ня ўбачыць далечыню

 

Мая мінуўшчына са мной

 

Я не магу болей так жыць, я не магу болей ляцець

Мне ўжо ня бачна зямлі?

Мне б да яе хуткім голубам, мне б да яе шэрым ваўком

Калі б яны што змаглі

 

Мая мінуўшчына са мной

 

Мне прыкладам будзе твой зрок празь непраходнасьць ды змрок

Узвышаюцца брамы сьвятых

Непераможнае сонца, бездапаможнае сонца 

Асьвятляе вершнікаў тваіх

 

Мая мінуўшчына са мной