Трамвай
2127 / 0
11.03.2019

Павал Козіч і Ціхан Букраба: «Мы кінулі сабе выклік і далі рады» (прэм’ера)

Творчы тандэм Павал Козіч і Ціхан Букраба прэзэнтуе на TuzinFM фінальную вэрсію свайго дэбютнага трэку «Трамвай», зь якім яны трапілі ў фінал конкурсу «Засьпявай-5». 17 сакавіка адбудзецца ягоная жывая прэм’ера на канцэрце гурта Warsoba.

Песьня «Трамвай» напісаная на аднайменны верш паэта Антона Рудака. У першай сеціўнай публікацыі ў 2009 годзе аўтар пазначыў, што твор прымеркаваны да 80-годзьдзя запуску першага трамвая ў Менску.

Антон Рудак, фота budzma.by

Праз 10 гадоў гэты верш стаў дэбютнай аўтарскай песьняй дуэту Павал Козіч — Ціхан Букраба. Музыкі вырашылі паўдзельнічаць у «Засьпявай-5» і менавіта твор Антона Рудака ім адгукнуўся найбольш.

Павал Козіч

Яны хацелі стварыць баляду з глыбокім сэнсам, у якой кожны можа знайсьці свой сюжэт. «Мы сядзелі на кухні і гарталі вершы прапанаваных аўтараў. І як толькі абралі, то Ціхан пачаў прапаноўваць варыянты гармоніі, а я спрабаваў насьпяваць на яе розныя варыянты мэлёдыі. Праз гадзіну песьня была напісаная. Магчыма, камусьці яна можа падацца недапрацаванай па вакальнай лініі, мэлёдыі або гармоніі, але і ў студыі мы імкнуліся яе зрабіць менавіта такой, якой яна нарадзілася на кухні», — распавядае Павал Козіч. За гучаньне песьні «Трамвай» адказны Павал Сініла са студыі Everest.

Музыкі кажуць, што конкурс «Засьпявай» стаў для іх вырашальным момантам для таго, каб зрабіць аўтарскім музычны праект. Павал і Ціхан навучаюцца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва, граюць у кавэр-бэндах. «Размовы пра тое, што трэба ствараць сваё мы вядзем пастаянна, але ніяк не маглі на гэта вырашыцца. Таму конкурс стаў для нас такім выклікам, які мы сябе кінулі. І далі рады», — заўважае Ціхан.

 

Ціхан Букраба, фота relax.by

17 сакавіка музыкі прэзэнтуюць ужывую свой дэбютны сынгл «Трамвай» і яшчэ некалькі ўласных твораў падчас выступу разам з гуртом Warsoba ў клюбе «Гудвін». Маладыя музыкі зазначаюць, што паколькі знаходзяцца ў творчым пошуку, то іхныя кампазыцыі істотна розьняцца між сабою. Але ёсьць у гэтым плюс, бо кожны з гледачоў знойдзе нешта на свой густ. Квіткі на канцэрт можна набыць на Bezkassira.

 TuzinFM

Павал Козіч і Ціхан Букраба — Трамвай (музыка Паўла Козіча і Ціхана Букрабы, словы Антона Рудака)

 

Уяўляеш, я спазьніўся на трамвай —

Год на семдзесят, а можа і паболей.

І раптоўна агарнуў мяне адчай,

Што ніколі — разумееш? — аніколі

Мой трамвай не прагрукоча, як раней,

Па старой сталічнай вуліцы цэнтральнай,

І званок ягоны ўжо не скалане

Цішыню глухую гарадзкога раньня,

Што ніколі не сустрэне ён мяне,

І дарэмна я чакаю на прыпынку

Можа «двойку», што блукае, нібы ў сьне,

Можа — звонкую, імклівую «адзінку»…

Той трамвай ужо адбегаў, адзьвінеў,

Не прыедзе, не адчыніць свае дзьверы —

Ён загінуў на няскончанай вайне

Разам з горадам, што жыў, кахаў і верыў.

Уяўляеш, я спазьніўся на трамвай…