Робін Гуд
4631 / 1
28.10.2016

«.К». Задушанае Эга

Гурт «.К», у які цяпер уваходзіць тры чалавекі, прэзэнтуе на Tuzin.fm песьню «Робін Гуд» з свайго сьвежага альбому «Dobrazol».

Ад гэтага моманту «.К» — гэта ня толькі Яўген Кучмейна. Да яго далучыўся басіст Арцём Германовіч і бубнач Ігар Волгін. Разам яны запісалі ў Горадні альбом «Dobrazol», трэці ў дыскаграфіі праекту. Пераезд зь вёскі ў горад (Яўген раней жыў у Суботніках) безумоўна адбіўся на настроі і гучаньні новай праграмы. «Рытм жыцьця паскорыўся, канфлікты сталі больш яўнымі, замест мэдытатыўнага соннага спакою жыцьцё напоўнілася справамі, людзьмі, падзеямі, месцамі. Адсюль і прыйшло разуменьне, што праекту патрэбнае папаўненьне. Таму і запіс атрымаўся больш жывы, напорысты і багаты па гуку, у нечым больш прамы, нашмат больш кантрасны», — заўважае Яўген.

У чарце на Tuzin.fm пераможца сёлетняга «Басовішча» прадстаўляе адну з трох беларускамоўных песень на дыску — «Робін Гуд». Песьня гэтая зьявілася пры канцы лета, калі ўжо 70% альбому было запісана. Яўген кажа, што яна проста «стрэліла ў ягонай галаве». Аўтар называе гэты твор «дубаломным» з тэкстам больш інтуітыўным, чым сэнсавым. «Яна пра асабістае Эга, як яно хаатычна выходзіць за межы чалавека, і часьцяком насуперак ягонай волі. Чалавека мы назвалі „Робінам Гудам“, бо ён першапачаткова добры пэрсанаж. Але пры гэтым умоўны Барын жорстка душыць Эга, прычым самае жахлівае, што робіць ён гэта не асабіста, а праз сваіх безаблічных памагатых — судзьдзяў», — кажа выканаўца.

Цяпер «.К» шчыруе над новай канцэртнай праграмай, а таксама працуе над стварэньнем уласнага лэйблу «Нёман9», пад шыльдай якога будуць выдавацца розныя праекты, зробленыя пры ўдзеле Яўгена Кучмейны — гуртоў «Демонтаж характера», «Король Червей», сольны эмбіент-праект.

Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку. Спампаваць альбом цалкам можна на Bandcamp.

Паслухаць песьню на Soundcloud

.К — Робін Гуд (музыка і словы Яўгена Кучмейны). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Хаос блізка-тонка

Дом Рабінгуда

Мост — дырка з плёнкі

Эрос Рабінгуда

Рабінгуда

Рабінгуда

 

Гук — зьмей «щекотки»

Зрок — калейдаскоп

Прарос дыняй жоўтай

Эрос Рабінгуда

Рабінгуда

Рабінгуда

 

А судзьдзі Барына пасуць

А судзьдзі Барына равуць

А судзьдзі Барына грызуць

А судзьдзі сталі на кішкі-кішкі-кішкі-кішкі Ка

КАМЕНТАРЫ: