Мова
4877 / 0
10.06.2016

Intelligency: «Ёсьць тое, што нас лучыць і натхняе» (аўдыё)

У апошнім туры аўдыёчарту ў гэтым сэзоне адзін з самых актуальных беларускіх праектаў Intelligency прадстаўляе загалоўны трэк з свайго міньёну «Мова».

Шлях да «Мовы» ў Intelligency быў доўгім. Гурт карыстаўся ад пачатку толькі ангельскаю моваю ды ў іншай моўнай прасторы сябе ня мысьліў. Нягледзячы на тое, што яны знайшлі сябе ў гэтай плыні, музыкі наважыліся на экспэрымэнт, які ня тое, што быў прыняты. Прынамсі, песьня «Восень» імгненна вылецела з чарту на Tuzin.fm і на іх канцэртах практычна не выконвалася. Летась гурт выдаў свой першы сур’ёзны рэліз — «DoLoven», надзвычай пекны і сьпелы альбом. І сьледам за ім прэзэнтавалі на дзіва сваім прыхільнікам цалкам беларускамоўны міньён «Мова». Песьня зь яго, якая дала назву плытцы, якраз і ўдзельнічае ў нашым чарце.

«Гэта трэк пра тое, на што мы забываемся ў штодзённай мітусьні, але што мае ўплыў на кожнага з нас на самым глыбінным узроўні, узроўні эмоцыяў і роднасьці, — кажа яе аўтар Усевалад Доўбня. — Мова — гэта тое, што нас лучыць і тое, што нас натхняе. Яна нагадвае пра тое, што мы жывем па-сапраўднаму. Гэтая песьня пра нас саміх».

Intelligency мяркуе працягваць экспэрымэнты з увядзеньнем у сваю творчасьць роднай мовы. Гурт улетку ўдзельнічае ў шэрагу выдатных фэстаў у суседніх краінах — «Halfway Festival» у Беластоку, «Басовішча» ў Гарадку, «Файне місто» ў Тэрнопалі, «Джаз Коктебель» у Адэсе.

Intelligency — Мова (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта

Цiхая зноўку, быццам яе не патрэбна.

Яна як мае быць, аднак iдуць прамянi недарэмна.

Усё забудзецца ў небыцьцё.

Усё загiне зноўку.

Аднак ня мова мая.

Аднак не мая мова.

Тэгi: