Юзік у кватэры
3090 / 0
14.04.2015

Скрыпа і The Blue Devils. Успомніць усё! (аўдыё)

У 13-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm заснавальнік гурта žygimont VAZA прадстаўляе песьню «Юзік у кватэры» з свайго сайд-праекту The Blue Devils.

Гісторыя The Blue Devils сягае яшчэ ў пракаветныя часы. Гэтую назву Сяргей Скрыпнічэнка прыдумаў у 1987 годзе, калі натхніўся творчасьцю гурта «Бонда» ды вырашыў заснаваць уласны гурт. Гэтак першапачаткова і хацеў назваць яго — The Blue Devils. Пасьля была назва Bastinda і ўрэшце — žygimont VAZA.

І вось цяпер Скрыпа вяртаецца да таго, з чаго пачынаў. Кажа, што дужа прасякнуўся творчасьцю шэрагу блюзавых артыстаў і яго накрыла цалкам. «Я зразумеў, што блюз-рок — гэта тая самая форма, у якой я пачуваюся максымальна камфортна», — кажа лідэр The Blue Devils. Гэтая яго прыхільнасьць адчувальная ў апошнім пасьмяротным альбоме žygimont VAZA «Аграмэгаполіс», а канчаткова афармляецца ў трылёгіі ўжо выдадзенай пад шыльдай The Blue Devils. Песьня, прадстаўленая ў аўдыёчарце на Tuzin.fm, «Юзік у кватэры» ўваходзіць у трэці альбом «Swamp Stories».

«Фабула гэтага твору заснаваная на рэальных падзеях з рэальнаю асобай, зрэшты, як і 100% матэрыялу альбому. А пасыл песенькі просты — гэта ўспаміны пра падзеі зь мінулага. Запіс праходзіў у такіх няпростых, часам непрадказальных умовах, што цешуся з аднаго толькі факту, што ўсё атрымалася», — распавядае Скрыпа. «Юзік», дарэчы, досыць папулярны пэрсанаж у беларускай рок-музыцы — пра яго пяяла тая самая «Бонда» («Дзядзька Юзік»), узьнікае ён і ў «Народным альбоме» («Усім прывітаньне, завуць мяне Юзік і я хачу жыць у Савецкім Саюзе…»).

Цяпер музыка пачаў працу з новым матэрыялам. The Blue Devils пакуль працягвае заставацца выключна студыйным праектам — ніводнага канцэрту ён яшчэ не даваў і ў плянах такога ня мае.

The Blue Devils — Юзік у кватэры (музыка і словы Сяргея Скрыпнічэнкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

«Цяжка дыхаць часам» —

Юзік прыгадаў

З каньяком сам-насам

Другі дзень ня спаў

 

Другі дзень у самоце

Другі дзень каньяк

Другі дзень мярзоцьце

Не спыніць аніяк

 

Юзік, Юзік, хэй!

Азірніся хутчэй!

Зьнікнеш пакрысе

Цябе чакаюць усе!

 

Так, так, усе!

 

Не цікавяць навіны

Не цікавіць футбол

Не цікавяць дзяўчыны

Мэдытацыя ў стол

 

Трэці дзень у самоце

Трэці дзень віскар

Трэці дзень ляноцьце

Канае гаспадар

 

Юзік, Юзік, хэй!

Азірніся хутчэй!

Зьнікнеш пакрысе

Цябе чакаюць усе!

 

Амаль усе!

 

Тыдзень прамінае

Набліжаецца шал

Юзік не засыпае

Скіраваў на вакзал

 

Тыдзень у самоце

Тыдзень у цягнікох

Тыдзень цырк на дроце

У чужых гарадох

 

Юзік, Юзік, хэй!

Вяртайся хутчэй!

Зьнікаеш пакрысе

Цябе чакаюць усе!

Ці ня ўсе…