Резиновый дом
2660 / 0
15.01.2015

«Резиновый дом» бяз бля і па-француску

Зьміцер Вайцюшкевіч убачыў адзін з галоўных «дзюбелеўскіх» гітоў «Резиновый дом», як вальс на францускі манер. Лідэр WZ-Orkiestra: «Песьня Сашы мне вельмі падабалася, але зусім не хацелася брыдкасловіць, таму атрымаўся менавіта такі варыянт». Песьня прэзэнтуецца ў межах праекту ND Tribute.

Твору «Резиновый дом» быў проста наканаваны посьпех пасьля яе выданьня на касэце «Умные вещи» (1995). З таго часу – яна неад'емна ўваходзіць у рэпэртуар «дзюбелей», не зважаючы на віхуры часу і зьмены ў складзе ды падыходах. Год восем таму ND запрасілі адыграць сэт у межах закрыцьця Саміту дзяцей Беларусі і Кульлінковіч пад канец па звычцы завёў «Гудок на работу, кушать блевоту…», але потым даў адмашку музыкам – усё ж пераважная большасьць гледачоў была непоўнагадовага ўзросту:).

У якім бы горадзе музыкі ня гралі, «Резиновый дом» выконваецца хорам з усёй заляй. Якраз на гэтай песьні на выступе «дзюбелей» у межах мітынгу апазыцыі ў 2004 годзе адлучылі электрычнасьць, але Кульлінковіч дапеў яе да канца разам зь некалькімі сотнямі прыхільнікаў.

Надта даспадобы «Резиновый дом» прыйшоўся і Зьмітру Вайцюшкевічу. Але ён вырашыў карэнным чынам перарабіць гэты твор: «Трыб'юты мне падабаюцца тым, што пры выкананьні песьні можна не шкадаваць аўтара і па-добраму так пазьдзеквацца зь яго творчых набыткаў. Таму і вырашыў зрабіць „Резиновый дом“ на манер вальса ды прасьпяваць яе па-француску». Пераклад гэтага твору на францускую мову зрабіў Юрась Валокін з «Свабоднага тэатру», а падпяяла Вайцюшкевічу – францужанка Марыён Лорылард. Яна некаторы час жыла ў Беларусі і вельмі зацікаваліся нашай музыкай. Марыён нават выходзіла на сцэну на адным з канцэртаў Вайцюшкевіча і сьпявала разам зь ім «Пані трошкі ў гадах». «Дзякуючы Марыён „Резиновый дом“ атрымаў дадатковы шарм. Думаю, што французам яна прыйдзецца даспадобы, бо ўздымае якраз вельмі актуальную праблему».

Сам Аляксандар Кульлінковіч кажа, што кавэр Вайцюшкевіча – гэта прыклад арыгінальнага бачаньня музычнага твору. «Я прасіў усіх удзельнікаў трыб'юту, каб яны падыйшлі да песень ND па-свойму, можна нават пазьдзеквацца. У Дзімкі гэта атрымалася на ўсе 100 працэнтаў, ён чарговы раз прадэманстраваў, што ён прафэсіянал і гэтая песьня – адна зь лепшых на трыб'юце».

Зьміцер Вайцюшкевіч і Marion Lorillard - Резиновый дом.

Сяргей Будкін, ТГ, архіў 15.04.2008