Вясновы дзень
3574 / 0
15.01.2015

Вясновы гіт ад Вайцюшкевіча

У сэзоне 2004-2005 Зьміцер Вайцюшкевіч прадставіў у чарце на "Тузіне Гітоў" песьню "Вясновы дзень" на словы Рыгора Барадуліна.

Кампазыцыя "Вясновы дзень" трапіла ў лік найлепшых песень сэзону 2004-2005 па выніках галасаваньня. Яна была запісаная для дыску на вершы Рыгора Барадуліна "Паравоз каханьня", Народны паэт Беларусі блаславіў гэтую працу і начытаў свае вершы між песьнямі. 

Вясновы дзень быў радасьцю даўгі,

Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым.

Цяпер даўжэе ноч маёй тугі,

Яна не падуладная замовам.

Я разумею ноч, а мне яна

Не паспрыяе, не паспагадае.

Тады было сьвятло, была вясна,

Цяпер азябла цемра галадае.

А ўсё таму, што Вас няма са мной.

А Вы былі калісьці ці ніколі?

Былі маёй зялёнаю вясной,

Вясёлаю бярэзінаю ў полі.

Як той бяздушны вецер, я п'янеў,

I быў зялёны я ў сваім наіве.

Выў добры першы гром і першы гнеў,

I першы сьлед на некранутай ніве.

Штоноч даўжэе ноч маёй тугі,

Радзей вясновае сьвітаньне сніцца.

Зьвіняць майго адчаю ланцугі.

Самота — беспрасьветная цямніца