У гіт-парад трапляюць альбомы беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні год. Агулам зьбіраецца 12 удзельнікаў туру - г.зв. тузін. Удзельнічаюць альбомы беларускамоўных (часткова беларускамоўных) выканаўцаў, а таксама канцэптуальныя складанкі песень, выдадзеныя за гэты час. З 2019 году разглядаюцца таксама міні-альбомы з 4-7 трэкаў, EP.
Кожны тур гіт-параду цягнецца каля трох месяцаў і адпавядае пары году (восень, зіма, вясна). Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня, чарт абнаўляецца цалкам, і галасаваньне пачынаецца спачатку. Улетку праводзіцца мэгатур па вызначэньню найлепшага альбому, у якім удзельнічаюць усе рэлізы сэзону.
Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні ў гіт-парад альбомаў на TuzinFM рэдакцыя парталу пакідае за сабой.
Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў весьці шчырую барацьбу. Галасаваць можна зарэгістраваным на сайце карыстальнікам, а таксама зайшоўшы ў свой акаўнт ў сацыяльнай сетцы (Facebook, УКантакце) адзін раз на суткі, абіраючы адзін, два або тры альбомы.
Ніколі-Назаўжды
Ню-мэтал гурт Loudscage на чале з вакалісткай Марго Давідовіч прэзэнтуе на TuzіnFM свой новы рэліз «Ніколі-Назаўжды», у які ўвайшлі чатыры зусім сьвежыя беларускамоўныя трэкі.
Me, Mother
Гурт Shuma прэзэнтуе на TuzinFM альбом «Me, Mother», у якім музыкі праз гукі і сьпевы паспрабавалі перадаць розныя станы мацярынства.
Бяседныя песьні
Праект «Tradycyja» прэзэнтаваў кнігу-CD «Бяседныя песьні», у якой сабраныя застольныя песьні з розных рэгіёнаў Беларусі з 1960-х гадоў да нашага часу.
Дрэва жыцьця
Музыкі зрабілі рэбрэндынг і запісалі выдатны фольк-рокавы альбом, шосты ў сваёй дыскаграфіі.
Как Брюс
Акустычны дуэт пераўтварыўся ў паўнавартасны рок-бэнд. «MorkvоЦвет» прэзэнтуе на TuzinFM альбом «Как Брюс».
Беларуская рапсодыя
Этна-дуэт Vera&Alex прэзэнтуе на TuzinFM свой дэбютны альбом «Беларуская рапсодыя», які прысьвечаны традыцыі мужчынска-жаночых сьпеваў а капэла.
Šort Šort Night, Pt. 1
Берасьцейскі гурт zolki band прэзэнтуе на TuzinFM новы альбом «Šort Šort Night, Pt. 1», у якім канчаткова выходзіць за межы рэчаіснасьці і стылю.
Разок
Сумесны праект фольк-сьпявачкі Ірэны Катвіцкай і лідэра Port Mone trio Аляксея Варсобы выдаў на амэрыканскім лэйбле VG Label свой дэбютны альбом «Разок».
Navobmacak
Ільля Фаляжынскі прэзэнтуе на TuzinFM другі сольны альбом «Navobmacak», песьні зь якога былі напісаныя ў Менску і Варшаве, дзе цяпер жыве выканаўца.
Галасы рэчаіснасьці
Музыкі гуртоў Volski, «Крамбамбуля» і «J:морс», аб’ядналіся ў гурт OpTeamist Project, які прэзэнтуе на TuzinFM дэбютны альбом «Галасы рэчаіснасьці».
Concerto Grosso #15
Гурт Fantastic Swimmers выдаў запісаны ў Варшаве «Concerto Grosso #15». Адметнасьць рэлізу ў тым, што музыка да яго была напісаная графічнымі сымбалямі.
Беларуская мазаіка
Cьпявачка з Масквы запісала другі студыйны беларускамоўны альбом, у які сярод іншага ўвайшлі творы на словы Адама Міцкевіча, Ёсіфа Бродзкага, Сержука Сокалава-Воюша і Сьвятаслава Вакарчука.