У гіт-парад трапляюць альбомы беларускіх музыкаў, запісаныя ў апошні год. Агулам зьбіраецца 12 удзельнікаў туру - г.зв. тузін. Удзельнічаюць альбомы беларускамоўных (часткова беларускамоўных) выканаўцаў, а таксама канцэптуальныя складанкі песень, выдадзеныя за гэты час. З 2019 году разглядаюцца таксама міні-альбомы з 4-7 трэкаў, EP.
Кожны тур гіт-параду цягнецца каля трох месяцаў і адпавядае пары году (восень, зіма, вясна). Пасьля падвядзеньня вынікаў галасаваньня, чарт абнаўляецца цалкам, і галасаваньне пачынаецца спачатку. Улетку праводзіцца мэгатур па вызначэньню найлепшага альбому, у якім удзельнічаюць усе рэлізы сэзону.
Права прыняцьця канчатковага рашэньня аб уключэньні або неўключэньні ў гіт-парад альбомаў на TuzinFM рэдакцыя парталу пакідае за сабой.
Галоўнае патрабаваньне да ўдзельнікаў гіт-параду ды іх прыхільнікаў весьці шчырую барацьбу. Галасаваць можна зарэгістраваным на сайце карыстальнікам, а таксама зайшоўшы ў свой акаўнт ў сацыяльнай сетцы (Facebook, УКантакце) адзін раз на суткі, абіраючы адзін, два або тры альбомы.
Радыё «Harodnia»
Гарадзенскі гурт Dzieciuki прэзэнтуе на TuzinFM трэці студыйны альбом «Радыё Harodnia». У ім акрамя фірмовага фольк-панку гучыць рэгі і нават вальс.
Таксікоз
Так мог гучаць гурт Zet, калі б дажыў да нашых дзён. Гурт Zanzibar у сваім дэбютніку «Таксікоз» замяшаў электроніку, панк, рэп і гардкор.
Паветраны замак
Вялейскі рок-гурт Purple Sunset прэзентуе на TuzinFM свой трэці альбом «Паветраны замак», у якім распавядаецца гісторыя жыцьця хворага душою чалавека ў хворым грамадзтве.
Песьні і казка
Нэа-фольк гурт Vodar запісаў другі студыйны альбом, у якім аб’яднаў казкі зь песьнямі.
Tota
«Віктар Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтавалі антытаталітарны альбом «Tota». Запіс унікальны, бо кожная кампазыцыя выконваецца музыкамі толькі аднойчы і больш ніколі ня можа прагучаць.
Nad Krajem Braslauskich Aziorau
Блэк-мэтал-гурт Piarevaracien запісаў пяты студыйны альбом «Nad Krajem Braslauskich Aziorau», які выйшаў адразу на двух лэйблах — у Францыі і Польшчы.
HPS (EP)
Менскі этна-гурт Harmonic Style Project прэзэнтуе на TuzinFM EP, у якім па-свойму пераасэнсаваў старадаўнія беларускія сьпевы, у тым ліку ў стылістыцы гангста-рэпу.
Žyvak
Гурт Recha запісаў за адзін вечар самыя забойныя канцэртныя нумары за 10 гадоў для альбому «Žyvak».
Hraniony
Гурт Рыгора Лайкова і Ўладзімера Пыльчанкі запісаў дэбютны альбом «Hraniony» — узорны рамантычны рок на беларускай і расейскай мовах.
Tancy (EP)
Рэпэр Mandzik прэзэнтаваў EP «Tancy». Кожны з чатырох трэкаў у ім адпаведае пэўнаму стылю музыкі — ад афрыканскіх танцаў да клюбнага дэнсу.
Soram (EP)
Менскі дуэт luty sakavik, які ўтварыўся ў пачатку году, запісаў дэбютны EP з назвай «Soram», у які ўвайшлі 4 трэкі.
Картблянш на пасрэднасьць
Рэп-гурт «Район 119» прэзэнтаваў дэбютны EP «Картблянш на пасрэднасьць», які заяўляецца як зьдзек зь беларускамоўнага індзі-року ды індзі-попу.