Аднаго «Траўня» нам будзе мала! (фота, відэа)
3049 / 0
20.05.2014

Аднаго «Траўня» нам будзе мала! (фота, відэа)

18 траўня ў межах канцэртнага праекту «Жывы Тузін» невялікі, але ўтульны паб-клюб «Графіці» ветліва прывеціў уздельнікаў першага фэстывалю акустычнай музыкі з адмысловай назвай — «Травень».

Напярэдадні мерапрыемства ў сеціве было даволі шмат цікавай прома-інфармацыі пра ўдзельнікаў фэстывалю, а партал Tuzin.fm вызначыў 12 прычынаў  прыйсці на «Травень». Каб даведацца, якім атрымаўся першы «Травень», пройдземся па ўсіх пунктах, згодна якім варта было быць на фэсьце:

1.            Акустыка — моцная рэч! 

Тыя, хто знаходзіўся ў клюбе, на працягу ўсяго мерапрыемства, сапраўды адчулі незвычайную моц акустыкі, якую музыкі пастараліся перадаць публіцы ў даволі цікавых варыянтах выкананьня. Кожны з удзельнікаў фэстывалю вельмі прафэсійна і творча падыйшоў да выбару рэпэртуару сваіх выступаў. Некаторыя музыкі рабілі «сьвежанькія» аранжыроўкі, нехта прэзэнтаваў абсалютна новыя песьні. Адкрыў першы фэстываль акустычнай музыкі выступ сьпявачкі Тацяны Беланогай. Таксама выступалі гурт Naka piano; сапраўды моцны, у тым ліку ў акустычным варыянце гурт Re1ikt; легенда беларускай рок-музыкі, надзвычай шчырая сьпявачка і чалавек, наша першая рок-князёўна Кася Камоцкая; гарадзенскі гурт, які тры гады таму фактычна нарадзіўся ў сьценах клюбу «Графіці» — «Людзі на балоце», а таксама, адзін з самых яскравых праектаў апошніх гадоў у беларускай музыцы — гурт HandmadE.

2.            Вечар ва ўтульнай атмасфэры — сапраўды! 

Перанос «Траўня» з клюбу «Мулен Руж» у «Графіці» ніякім чынам не паўплываў на агульную атмасфэру гэтай значнай музычнай падзеі. Магчыма нават дадаў большай утульнасьці і цеплыні. Хоць клюб зусім невялікі, але тут паміж музыкамі і публікай усталёўваецца надзвычай шчыльны кантакт. Можна было пасядзець за столікамі за келіхам, хапала месца і для таго, каб патанчыць.

3.            Хто хацеў схавацца ад хакею — той гэта зрабіў! 

Ну што зробіш, калі «Травень» і некаторыя гульні чэмпіяната сьвету па хакеі супалі. Канечне, у самім клюбе ніякім хакеям і ня пахла, але аматары гэтай гульні маглі пацікавіцца лікам, завітаўшы на новую прыгожую вэранду «Графіці».

4.            Re1ikt з духавымі — ды якімі!

Тыя, хто цікавіцца і сочыць за творчасцю найлепшага гурта 2013 году па вэрсіі Tuzin.fm, ужо пэўна прыкмецілі, што музыкі заўсёды знаходзяцця ў пошуках новага гучаньня. Выступ Re1ikt на «Траўні» ў чарговы раз пераканаў нас у гэтым. Гітарыст каманды Зьміцер Наркевіч кажа, што музыкам вельмі падабаецца выступаць у такім фармаце, у акустычным варыянце музыка гурта грае рознымі фарбамі і становіцца больш празрыстай. Музыкі выканалі такія песьні, як «Вочы», «Рана на Івана», « Чаго ты, Лося» ды іншыя… Некаторыя песьні прагучалі ў новай аранжыроўцы з удзелам незвычайных інструмэнтаў, а менавіта цін уістле — ірляндзкага народнага духавога інстумэнту і казу.

5.            Першая беларуская рок-князёўна!

Наша непараўнальная Кася Камоцкая завітала на «Травень» разам са сваім новым гітарыстам, сябрам ды проста добрым і цікавым чалавекам Сяргеем Скуратам. Кася парадавала ўсіх сваімі песьнямі, створанымі на працягу 25 гадоў творчай дзейнасьці, сярод якіх прагучалі: «Белая лебядзь», «Дзеці чорнага гораду», «Чаканьне калядаў», «Кантрабандыст» ды іншыя. Традыцыйна песьня-гімн «Мая краіна» сьпявалася разам з усімі. Яна заўжды выклікае вельмі моцную падтрымку публікі: словы: «Жыве Беларусь» ды гучныя аплядысмэнты не змаўкалі яшчэ доўга. Пакуль жывуць такія музыкі і такія песьні — будзе жыць!

6.            Новы HandmadE! 

Ну як, новы… Сам гурт утварыўся ў 2009 годзе. Летась музыкі спрабавалі прыняць удзел у адборы на «Эўравізію», але нешта не пайшло і актыўная канцэртная дзейнасць гурта была часова спыненая. А новае — тое, што музыкі засьпявалі з тайбаксэрам Віталём Гурковым. Меркавалася, што ён выйдзе на сцэну, каб выканаць песьню «Бег па канатах», але Яўген Валошын абвесціў, што Віталь якраз удзельнічае ў спартовых спаборніцтвах. HandmadE парадаваў прыхільнікаў вядомымі песнямі «Вуліца-дым», «I'd have started», «Катакомба», энэргічна-танцавальнай «NRB», а таксама прэзентаваў новыя кантрастныя па паміж сабой кампазыціі: «Акіян» і «Сонца, не сьвяці ты гэтым паскудам».

7.            Адкрылі Янішчыц у новых песьнях Тацяны Беланогай!

Слухачы, якія акунуліся ва ўтульна-пяшчотную атмасфэру «Траўня», змаглі пачуць сьпевы Тацяны Беланогай выкананыя на ўласныя вершы, а таксама на вершы Дануты Бічэль ды Яўгеніі Янішчыц — паэткі зь няпростым лёсам, якая пісала неверагодна чульлівыя вершы. Адчувалася, што кожную песьну сьпявачка прапускае празь сябе. Сапраўды, нехта адкрыў дзеля сябе выдатную паэзію Янішчыц, а нехта — і самой Тацяны Беланогай.

8.            Не прасякнуцца «Накай» — было немагчыма!

Праект Naka piano з Настай Шпакоўскай на вакале ды клявішніцай Ірынай Кліменка, зачапіў публіку адразу зь першай кранальна-лірычнай кампазыцыі «Бяжы». Далей былі ня менш кранальны: «Довольна», «Крылья» «У баі», «За дождём», «Чакаем». Выступ гурта быў скончыўся такжа моцна, як і распачаўся. Нам прэзэнтавалася новая песьня, прысьвечаная сумным падзеям ва Ўкраіне. І як тут не прасякнуцца «Накай»?..

9.            Сьпяваць зь «Людзьмі на балоце» — вельмі файна!

«Людзі на балоце» — гарадзенскі гурт, які ўтварыўся ў тым жа самым «Графіці», падчас адной з акцыі праекту «Тузін. Unplugged» у 2011 годзе. Музыкі літаральна адразу ўзарвалі публіку пасьля кранальнага выступу Касі Камоцкай. Народ пачаў ня толькі сьпяваць, але і танчыць, прычым даволі энэргічна. Апошнюю песьню з праграмы «Пойдзем, хлопцы, на вайну» сьпявалі ўсе разам. Лідэр гурта Алесь Дзянісаў, выказаў падзяку арганізатарам фэсту ды ўсім хто прыйшоў на «Травень» і тым часам падтрымаў гэты актуальны праект і яго ўдзельнікаў.

10.          Выйграць падарункі — лёгка!

Адразу зазначу, што выдатным падарункам і ўпрыгожваньнем фэстывалю, можна лічыць нязьменнага вядучага «тузіноўскіх» імпрэзаў Алега Хаменку. Алег у займальнай форме прэзэнтаваў публіцы кожнага з удзельнікаў фэсту, жартаваў з публікай і музыкамі, і канечне ж, не абыйшлося бяз розыгрышу сярод гледачоў падарункаў ад парталу Tuzin.fm, кампаніі «Будзьма беларусамі!», інтэрнэт-крамы Imbryk.by, а таксама хэндмэйд-вырабы Юліі Катаржынскай. Тыя, каму пашчасціла правільна адказаць на пытаньні ад Хаменкі, атрымалі цікавыя эксклюзіўныя падарункі — DVD-дыскі «Тузін.Немаўля», самаробнае мыла з лягатыпам «Траўня», ляльку-абярэг з кліпу «Лося» гурту Re1ikt, а таксама станоўчыя эмоцыі.

11.          Выказаць рэспэкт «Тузіну» — недастаткова!

«Тузін» за сваю дзейнасьць заслугоўвае значна болей, чым рэспэкт — з гэтым пагадзяцца тыя, хоць быў хоць на адной імпрэзе, зладжанай гэтым парталам. Таму «Тузіну», а таксама кампаніі «Будзьма беларусамі», творчай камандзе клюбу «Графіці» ды ўсім тым, без каго фэст не адбыўся бы тысяча рэспэктаў! Людзі, якія столькі гадоў займаюцца падтрымкай айчыннай культуры, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, часам проста на звычайным энтузіязьме, вартыя добрых словаў!

12.          Запачаткаваць традыцыю — абавязкова!

«Травень» стаўся першым фэстывалем акустычнай музыкі, але складана не пагадзіцца з Алегам Хаменкам, які напачатку пяцігадзіннага музычнага маратону адзначыў, што такі фэстываль павінен быў адбыцца гадоў 15 таму і стаць добрай традыцыяй. Спадзяемся, што гэты травеньскі «Травень» будзе ладзіцца ня толькі ў апошні месяц вясны!

Натальля Стрыжак, для Tuzin.fm, фота Аляксандар «Таранціна» Ждановіч, відэа Яўген Шапчыц