Экспэрт Tuzin.fm Максім Жбанкоў: Хопіць гуляцца ў «высокі арт»!
4978 / 0
12.05.2014

Экспэрт Tuzin.fm Максім Жбанкоў: Хопіць гуляцца ў «высокі арт»!

Цягам красавіка культуроляг Максім Жбанкоў сачыў за галасаваньнем ва ўсіх трох чартах і пры канцы падзяліўся сваімі высновамі. Для некаторых аўтараў зусім несуцяшальнымі.

«Тузін Гітоў» па вызначэньні ня фабрыка зорак і не аналітычная пляцоўка. Ягоная фішка — сеткавы vox populi, крыху папраўлены ды ўпрыгожаны рэдакцыйнай палітыкай. А яшчэ — у адрозьненьне, скажам, ад чартаў Billboard — гэта ня графікі продажаў, а люстэрка прыхільнасьцяў каля-«тузіноўскай» суполкі.

Таму, па-першае, ніякіх сэнсацыяў і прарываў тут няма і ня будзе: «сярэднеарытмэтычныя» густы заўсёды фіксуюць ня лепшае, а прымальнае. Па-другое, на «Тузіне» — акурат як у галаве звычайнага спажыўца-слухача — сынхронна гучыць несумяшчальнае: ад дэкаратыўнага этна-попсу да брутальнага правінцыйнага гардкору. Усё ў адным — таму тут вымушана спаборнічаюць прынцыпова непараўнальныя артысты ды трэкі. Як на якім-небудзь «Радыё Люксэмбург» сярэдзіны 60-х, дзе за слухацкія галасы Джымі Гэндрыкс змагаўся з кардоннымі Marmalade, а хутка-смачныя Shocking Blue зганялі з вышэйшых пазыцыяў «трэфікаў» ды «цэпэлінаў».

У нашай сінявокай: сыстэма падліку масавых сымпатыяў (калі беларускае — умоўна — палічыць «масавым») адстае гадоў на сорак. Мы зноў крочым наўздагон і зноў спазьняемся. Гэта не праблема «Тузіну» (дзякуй, што ён ёсьць!). Гэта, хутчэй, дыягназ айчыннай культурнай сытуацыі. Ці выяўляе народны плебісцыт агульную карціну мясцовай музычнай сцэны? Сумнеўна. Ці пазначае дыяпазоны запатрабаванага? Безумоўна.

Таму вынікі красавіка не натхняюць і не палохаюць. Яны проста такія як ёсьць — купка маркераў, што пазначаюць кірунак агульнага руху. Што кідаецца ў вочы?

1. Значная колькасьць праектаў-дэбютантаў «на мове». Нармальны працэс, надзвычай сымпатычны ды паказальны: «нашае» і «пра нас» па-расейску атрымліваеца ўсё менш пераканаўча.

2. Рэзкія перапады якасьці трэкаў: відавочная самадзейнасьць («У чэхаў ёсьць Гавал, а ў мяне ты…») і каньюнктурныя вырабы «на мове пра свабоду» жывуць побач са шчырымі працамі сапраўдных профі.

3. Як на мяне — відавочны недахоп арыгінальных канцэпцыяў ды сьвежых падыходаў (гурт Haina — выключэньне). Большасьць матэрыялу гучыць другасна і прадказальна. Зь першых тактаў вядома, што будзе далей. Для шчырага прыхільніка Akute ці «Старога Ольсы» нармальна. Для ўсіх астатніх ўжо не цікава.

Энэргетыка пакуль толькі назапашваецца. Але ў наяўнай прасторы недадуманага і недапісанага хтосьці ўжо накідвае саўндтрэкі для будучага культурнага выбуху.

Далей па сьпісе. «Сьпёка» ад Аляксандра Памідорава: моцны саўнд, дасканалы вакал, зьмены рытмаў аж да рэгі ў фінале, шыкоўная лірыка: «Гасподзь ходзіць босы, наляпіўшы абрывак на нос…» Выдатная праца. Але ж сыйшла, на жаль, са сьпісаў па выніках месяца. Відаць, з паравінай году музыкі неяк пралічыліся. А вось «Палац» выляцеў абсалютна правільна: правінцыйная жахаўка «Шэрай поўсьці» з рамштайнаўскімі закосамі і дзівоснымі вершыкамі («Сын мамку не паслухаўся, жыў як на Парнасе воўк…» — гэта пра што?) — дасканалы лябараторны прадукт. Але празьмерна дэкляратыўна-павучальны. І таму нежывы.

Абсалютна фарматныя (і таму пасрэдныя) трэкі IQ48 і Akute ёсьць пазнавальнымі як смак «Аліварыі». Той самы колер. Той самы памер. Круці далей. Затое маем ажно тры спробы прыгнуць вышэй галавы ад заслужаных аўтарытэтаў. Уладзімер Пугач з праектам «Нафта» шукае новых даляглядаў — праўда, знаходзіць толькі самога сябе: «Пажар-піяр» выглядае занадта плякатна і па-«морсаўскі», каб пра яго можна было казаць сур’ёзна. Лявон Артуравіч Вольскі зноў зрабіўся палітычна-мінімалістычна-гераічным: слава героям! Але «Шэрая кроў» ёсьць дзіўным міксам дэпрэсіўнай лірыкі з бадзёрым гітарным сёрфам. Падаецца, што той, хто рабіў гук, проста не разумеў словы… Варта, аднак, шчыра вітаць вяртаньне таварышча Маўзэра. Янка з новым праектам «МАМА» і трэкам «Вам!» сапраўды набыў другі подых: шчыльна, драйвова, пераканальна. А лірыка ўвогуле сярод найлепшых вершыкаў месяца: «Вам, аўтары Бога, гучаць мае бонгі!» Ваў! Хачу болей.

Нечакана разгарнулася «Гаротніца». Ад гарадзкога рэгі ды брэгавіцкага балкан-попсу гурт раптам рушыў у бок прасунутага шансону клюбнага фармату. Крымінальны гоп-стоп-раманс «Фінка» зроблены занадта складаным для беспраблемнага спажываньня. Яшчэ трошкі — і будуць Беньцы канкурэнты.

Добра, што паціху падцягваецца моцны маладняк. Літаратурна-мэдытатыўны псыхадэл ад ТоnqiХоd упэўнена запаўняе нішу, якая дагэтуль заставалася пустой: адукаваныя рок-фаны з добрым густам паклалі сучасную лірыку на вінтажны гук а-ля дорсаўскі Рэй Манзарэк. Вось ён, новы саўнд менскага філфаку! Постбарыкадны нацыянальны міт у працэсе стварэньня.

Колькі Палін нам патрэбна для шчасьця? За Рэспублікай надыходзіць Pauline — і адразу на першай пазыцыі: «Колькі імгненьняў спалілі мы разам…» Зноў жа бачна добрая школа і  знаёмства зь першакрыніцамі: безумоўна, «Пачакай» косіць пад вядомы «Stop!» ад Сэм Браўн. Трохі зьбянтэжыў нечаканы фінал — нібыта раптам скончылася стужка… Аднак варта адзначыць моцны патэнцыял Паліны Цімохінай, пазнавальны вакальны стыль — і татальную несумяшчальнасьць з айчынным FM-фарматам.

Што да сьпісу альбомаў — карцінка менш цікавая. «Стары Ольса», Вайцюшкевіч, «Аляксандра і Канстанцін», купка злосных белрокераў, штучнае этна-дыска… Трохі суцяшаюць BosaeSonca ды артыстычна-рамантычны «Ліст» ад ili-ili. Ніколі ня быў аматарам акторскага вакалу. Але ў апошнім рэлізе гурта ёсьць свае рызынкі ды фішкі, адказнае стаўленьне да саўнду, гульня са словам і гукамі — і, так, адчуваньне цікавай пэрспэктывы.

Відэа — ня відэа… Найлепшае тут зроблена ня намі. На «Ляпісаў» папрацаваў украінскі рэжысэр, фантастычны кліп ад R.U.T.A.увогуле польскія справы. Выдатны «Горад» Андруся Такінданга зь сябрамі — шчасьлівае выключэньне. Зьдзіўляцца няма чаму: якое кіно, такое і музвідэа. У найлепшым выпадку — пасрэднае расейскае кінцо ды правінцыйны пераказ Тыма Бэртана, у найгоршым — студэнцкі самапал. Дыягназ відавочны: адсутнасьць адэкватнай адукацыі і падставовай культурнай базы. Сьмешна і сумна. Нават калі гладзенька ды глямурненька (як у Рыбака, Вінсэнта і Akute). Хопіць гуляцца ў «высокі арт»! Дайце нам «наш кавалак жыцьця» (БГ). І будзе ўсім шчасьце.

Максім Жбанкоў, для Tuzin.fm

Экспэрт ТГ нарадзіўся ў 1958 годзе ў Менску. Скончыў філязофскае аддзяленьне і асьпірантуру БДУ. Кандыдат філязофскіх навук, дацэнт ЭГУ (Вільня). Працаваў у БДУ, Беларускім фондзе Сораса, выкладаў у Беларускім калегіюме і ЭГУ. Аўтар шматлікіх аналітычных артыкулаў па пытаньнях сучаснай культуры. Кола навуковых інтарэсаў: дынаміка культуры, маргінальныя культурніцкія стратэгіі, масавая культура, сучасны стан беларускай культуры, аналіз візуальных тэкстаў. Яго тэксты перакладаліся на польскую, чэскую і нямецкую мовы. Аўтар ідэі кнігі «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» (2004), аўтар кнігі «No style: Белкульт между Вудстоком и „Дажынкамi“» (2013).