Андрусь Клімус (Sciana): «У нашай краіне цяжка граць рок-н-рол» (відэазапрашэньне)
3881 / 1
20.03.2014

Андрусь Клімус (Sciana): «У нашай краіне цяжка граць рок-н-рол» (відэазапрашэньне)

Першы вакаліст, аўтар большасьці песень і нязьменны басіст гурта Sciana Андрусь Клімус распавядае чаму музыкі парушылі табу на выступы ў Беларусі, як адзначаць сёлета сваё 15-годзьдзе і чым зьдзівяць на менскім канцэрце 21 сакавіка.

Сакавіцкі канцэрт з сэрыі «Жывы Тузін» упершыню пройдзе ва ўтульным менскім клюбе «Піраты», што адкрыўся пры канцы мінулага году. Галоўныя героі вечару — гурт Sciana, які прэзэнтуе сталічнай публіцы свой новы альбом «Мы застанемся». Напярэдадні падзеі першы вакаліст, аўтар большасьці песень і нязьменны басіст гурта Sciana Андрусь Клімус даў вялікае інтэрвію Машы Калесьнікавай.

— Некалькі гадоў таму стомленая ад адсутнасьці пэрспэктываў Sciana зрабіла заяву пра завяршэньне канцэртнай дзейнасьці ў Беларусі. Прайшло два гады — зьяўляецца новы альбом зь яўна акрэсьленай пазыцыяй гурта — «мы застанемся тут і цяпер з нашай музыкай і нашай мовай». Чаму ўсё ж памяняліся прыярытэты?

Ня тое, каб мы ўжо зусім спыняліся і нічога рабіць у Беларусі не зьбіраліся. Гэта была некалькі эмацыйная заява. Мы проста стаміліся — у нашай краіне цяжка граць рок-н-рол, гэта справа няўдзячная. І, мне здаецца, пэўная стомленасьць назіраецца ў кожнага рок-музыкі, які грае тут. Да таго ж, выступаць у іншых краінах нам прыемней. Але ў выніку мы вырашылі супакоіцца і займацца сваёй справай тут. Зь іншага боку, у нас добрыя стасункі з польскімі і ўкраінскімі арганізатарамі канцэртаў. 30 сакавіка прэзэнтацыя нашага альбому адбудзецца ў Варшаве.

Наколькі пасьпяховыя гастролі? Ці «кормяць» яны музыкаў «Сьцяны»?

Калі хапае, каб заліць паліва ў мой «майбах», то «кормяць». Я жартую, канечне (сьмяецца). Рок-н-рол — гэта такая рэч, якая больш патрабуе выдаткаў, чым можа пракарміць. У нас няма шоў-бізу, пры якім рок-н-рол можа карміць. Але ўсё ж такі, як бы мы весела ні каталіся па іншых краінах, там мы не свае, там мы замежнікі і госьці. І гэтыя наезды носяць часовы характар.

Альбом «Мы застанемся» — своеасаблівы пераход гурта ад аднаго гучаньня да іншага. На зьмену «фірмоваму» саксафону прыйшлі электронныя гукі. Па-вашаму, што згубіў і што набыў гурт з новым гучаньнем?

Чалавек увесь час нешта губляе, знаходзіць, эвалюцыянуе. Немагчыма пражыць жыцьцё аднолькава. Цяпер у нас такі цікавы этап — хочацца паспрабаваць рабіць музыку па-іншаму. Я ўвогуле сёньня пасядзеў-прыкінуў: мы пачыналі граць рок-н-рол, калі нам было па 15 гадоў! А сёлета «Сьцяне» ўжо спаўняецца 15 гадоў, а нам ужо па 30, ну, плюс-мінус. Атрымоўваецца, што мы ўжо палову жыцьця ў рок-н-роле! Гэта шмат. І ня можа быць такога, каб за гэты час нічога не зьмянілася. Выдатна, што наш касьцяк — тры чалавекі — ад самага пачатку не зьмяняецца. А ўсё астатняе можа рухацца туды-сюды. Зямное жыцьцё яно такое, не стаіць на месцы.

Sciana аматары дуэтаў зь іншымі музыкамі. Чым вас прываблівае падобная песенная форма? Які дуэт зьяўляецца для вас самым трапным ці самым дарагім?

Заўжды вельмі прыемна сыграць зь іншай бандай, таму што песьня, да якой ты прызвычаіўся, гучыць па-іншаму. Вось з «Роліксамі» наша песьня «Беларусь-Україна» атрымалася вельмі ўдалай. Падобныя тандэмы даюць новы досьвед і адчуваньні, і асабліва цікава глядзець, як гэта ўсё рэалізуецца на канцэртах.

— Пласьцінка выдадзеная. Што цяпер? Як плянуеце рухацца далей?

Мы такі гурт, які даўно не малюе стратэгічных плянаў, бо ў гэтым няма ніякага асаблівага сэнсу. Ну, прынамсі музыкі падобных плянаў не малююць, бо мы крыху ўсе разгільдзяістыя хлопцы, і ўсё, што мы робім, адбываецца неяк эвалюцыйна. То бок, калі насьпяваюць нейкія змены, тады нешта і адбываецца.

— Як жывецца гуртам у Берасьці? Наколькі рэальна ствараць у невялікім горадзе? Зь якімі праблемамі даводзіцца сустракацца?

Якая розьніца, у якім горадзе? (сьмяецца) Галоўнае, каб было жаданьне, была пруха і каб нешта сьвярбела ў тым месцы, якое адказвае за розныя творчыя здабыткі. А калі яно сьвярбіць, значыць, усё атрымаецца. Калі параўноўваць Берасьце зь Менскам, то, натуральна, што адчуваецца розьніца. Бываюць праблемы зь нейкімі камэрцыйнымі пунктамі, але гэта ўсё вырашаецца. Галоўнае, каб было жаданьне, таму што звычайна перашкоды чалавек сам прыдумляе ў сваёй галаве, каб неяк апраўдаць сваю бязьдзейнасьць. Калі ж ён хоча нешта рабіць, нішто асабліва яму не перашкодзіць.

— Ці можна казаць пра нейкую салідарнасць берасьцейскіх музыкаў? Ці сустракаецеся вы з калегамі па цэху на плянэрках-лятучках, ці абмяркоўваеце навіны сусьветнай музыкі?

Безумоўна, мы адзін з адным тусім, сябруем, сустракаемся на канцэртах калег. Асабліва музыкі нашага пакаленьня. Ну, плянэркі — пасядзелі, па шклянцы малака выпілі, пагутарылі. Увогуле, у Берасьці ёсьць шмат цікавых маладых гуртоў, і добра, што зьяўляюцца энтузіясты ў такіх невялікіх гарадах.

Як выглядае жыцьцё прыхільніка беларускай музыкі ў Берасьці? Ці ёсьць куды пайсьці патусіць? Наколькі берасьцейцы цікавяцца культурным жыцьцём гораду?

Канцэрты ёсьць! Здараецца нават, што нейкія дзьве падзеі выпадаюць у адзін дзень. Хоць мне здаецца, што гэта не зусім правільна. Бо для нашага гораду, дзе аўдыторыя можа быць адзінай рон-н-рольнай, рабіць два канцэрты адначасова — ня добра. А пайсьці куды ёсьць, было б жаданьне!

Якую музыку ўвогуле слухаеце цяпер? Якія адкрыцьці ў беларускай музыцы зрабілі для сябе ў апошні час?

Цяпер я асабліва ніякай музыкі ня слухаю, бо няма на гэта часу. Калі ж ён здараецца, то я яго выдаткоўваю на сон, бо апошнім часам я вельмі мала сплю (сьмяецца). У мяне нядаўна нарадзілася дачушка. І я слухаю тое, што яна мне імкнецца сказаць, унікаю ў яе сьветаадчуваньне і сьветаўспрыманьне. І гэта самая прыемная музыка, якая для мяне можа быць.

Ці бачыце свой гурт праз 10 гадоў? Ці хопіць сіл, энэргіі і імпэту далей ствараць?

Ой, ня ведаю. Цяпер у нас такі ўзрост, калі цяжка зазіраць наперад, асабліва на такі доўгі тэрмін. 10 гадоў… Мне здаецца, што павінна быць нейкая дзьвіжуха і далейшы рух. Але так далёка зазіраць не хачу.

Зазірнем тады бліжэй. Сёлета вы сьвяткуеце 15-годзьдзе. Што зьбіраецеся замуціць з гэтай нагоды?

Наколькі я ведаю, наш дырэктар Зьміцер Назараў зьбіраецца зьвязаць сёлетні Mens Fest з 15-годзьдзем «Сьцяны». Гэта будзе ня наш бэнэфіс, а адна з частак фэсту, прымеркаваная да юбілею нашай рок-н-рольнай дзейнасьці. Мы хочам запрасіць шмат знаёмых гуртоў, як украінскіх, так і польскіх, і зладзіць вялікае незвычайнае паці.

Да гэтай падзеі, можа, выпусьціце некалькі новых песень?

Натуральна, новыя песьні ў нас ёсьць. І да восені, калі адбудзецца Men’s Fest, мы іх выдадзім.

— Чым будзе цікавы ваш канцэрт 21 сакавіка? 

Па-першае, шмат нашых сяброў возьмуць удзел у канцэрце. Будзе гурт TerraKod, мы засьпяваем з нашым добрым сябрам з электроннага берасьцейскага гурта Saint Gooseberry. Мы зь ім выканаем нашу «Кропку вяртаньня». Ну і таксама з чароўнай вакалісткай TerraKod, нашай добрай сяброўкай Касяй Леванюк засьпяваем разам песьню «Мы застанемся».

паводле Эўрарадыё

21.03.2014. Прэзэнтацыя альбому гурта Sciana «Мы застаемся». Пры ўдзеле Федзі Жывалеўскага і Terrakod. Клюб «Піраты» (пр-т Партызанскі, 6а). 19:00. Квіткі: 70 000 (танцпляц), 90 000 (столік) — папярэдне, 90 000 (танцпляц), 120 000 (столік) — у дзень. Тэлефон для даведак: +375 29 6872093. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY.

Stream-канал канцэрту 

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    21.03.2014 / 13:03

    Расклад вечара:
    19.00-19.40 - Фёдар Жывалеўскі
    19.40 - 20.30 - Terrakod
    20.30 - 22.00 - Сьцяна

    Канцэрт вядзе Алег Хаменка

  • КАМЕНТАВАЦЬ

за тыдзень
за тры месяцы