Уладзімір Цэслер абвесціў аўкцыён на стварэнне лагатыпа
2060 / 0
11.11.2020

Уладзімір Цэслер абвесціў аўкцыён на стварэнне лагатыпа

Уладзімір Цэслер - беларускі мастак і дызайнер родам са Слуцка, знакаміты па ўсім свеце. Яго працы маюць характэрны эпатаж, іранічны погляд на рэчы і актуальныя праблемы грамадства, заснаваны не толькі на колеравых рашэннях, але і на гульні словаў.


На аўкцыён выстаўлены  незвычайны лот ад дызайнера Уладзіміра Цэслера. Ён распрацуе эксклюзіўны лагатып дзеля арганізацыі альбо асобы. 

“Права артыста – быць вольным. Абавязак артыста – дыхаць паветрам свайго часу. Я ў захапленні ад мужнасці тых, хто сёння адстойвае не толькі сваю асабістую свабоду выбару, але і лепшую для ўсіх нас будучыню", – кажа ён.
 
Сродкі ад аўкцыёна будуць пералічаныя ў Беларускі фонд культурнай салідарнасці, створаны з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Дзе яшчэ вы маглі бачыць працы Ўладзіміра Цэслера?

Sting у цішотцы з прынтом ад Цэслера

Лагатып і фраза “НЕ смяротнаму пакаранню”, створаныя Уладзімірам Цэслерам, сталі стылем аднайменнай кампаніі 2010 года. За некалькі хвілін да канцэрту ў Мінску Стынг падпісаў петыцыю аб адмене смяротнага пакарання ў Беларусі, а таксама папазіраваў для фота. На ім сам Стынг, а злева і справа - беларускія праваабаронцы Алег Гулак і Валянцін Стэфановіч.


Цэслер і Snoop Dogg

У пачатку 2020 года рэпер Snoop Dogg апублікаваў у сваім інстаграме пост, дзе на адным фота - антычная статуя Венеры, на другім - “Новая Венера Мілоская”, аўтарам якой выступіў Цэслер. Пост сабраў больш за 800 тысяч лайкаў.

Цэслер, Андрэй Макарэвіч і Міхаіл Гарбачоў

Дызайнер афармляў для Андрэя Макарэвіча не толькі зборнік сольных альбомаў, але і ўсю “Анталогію групы «Машина времени»”. Адбылася нават гісторыя з дыскам, запісаным на дабрачынным вечары фонду Гарбачова, дзе сам Міхаіл Сяргеевіч праспяваў сем любімых песень Раісы Максімаўны ў суправаджэнні «Машины времени». Па выніках выступу быў выпушчаны альбом для продажу на аўкцыёне ў адзіным экземпляры. Вокладку аформіў акурат Уладзімір Цэслер.

Акрамя таго, музыкі з гурта «Машина времени» не раз з'яўляліся на публіцы ў майках з прынтамі Цэслера. 


Сусветнае мастацтва і прызнанне

Напачатку творчага шляху Уладзімір Цэслер працаваў у тандэме з Сяргеем Войчанкам, з якім заслужыў больш за 40 міжнародных узнагарод і прэмій. Найбольшую папулярнасць творцам прынёс “Праект стагоддзя. 12 з XX”, у якім Уладзімір і Сяргей аддалі даніну памяці папярэднікам, мастакам і паэтам. Асобу кожнага з геніяў яны прадставілі ў выглядзе скульптуры-”яйка”, створанага з адмыслова падабранага матэрыялу.

Карціны мастака захоўваюцца ў музеях Латвіі, Швейцарыі, Германіі, Санкт-Пецярбурга і інш. Скульптуры ўпрыгожваюць еўрапейскія сталіцы і выставачныя залы свету. А незлічоныя плакаты, ідэі і дызайны лагатыпаў раз-пораз аказваюцца ў самых розных праектах: ад старога лагатыпа БТ і газеты БДГ да расійскага “Ё-мабіля” і мінскага бара “Курылка”.


У жніўні 2020 года Беларусь ахапілі хваляванні, звязаныя з выбарамі, і Цэслер, які не хаваў поглядаў, стаў членам Каардынацыйнага савета беларускай апазіцыі. Неўзабаве ён быў вымушаны пакінуць Беларусь. 
 

Прыняць удзел у аўкцыёне


Тэгi: