За 5 хвілін да ганьбы. "Харошкі" рызыкуюць страціць усё
575 / 0
15.10.2020

За 5 хвілін да ганьбы. "Харошкі" рызыкуюць страціць усё

Адкрытая заява Беларускага фонда культурнай салідарнасці ў сувязі з запланаванымі канцэртамі ансамбля "Харошкі" на сцэне Купалаўскага тэатра.

Мы вельмі заклапочаныя сітуацыяй вакол паважанага і вядомага на ўвесь свет ансамбля "Харошкі".

Дырыжор ансамбля "Харошкі" Іван Ерамеевіч падпісаўся пад адкрытым лістом дзеячаў культуры і сёння быў звольнены са сваёй пасады.

У калектыве праз адміністрацыйны ціск адбываецца раскол.

Івана прымусілі сыйсці з-за ягонай грамадзянскай пазіцыі, тых, хто застаўся, схіляюць да лаяльнасці і штрэйкбрэхерства. Менавіта так можна расцэньваць настойлівую прапанову ад Міністэрства культуры “Харошкам” зайграць ды станчыць на апусцелай сцэне Купалаўскага тэатра, разагнанага рэжымам на сваё 100-стагоддзе.

Гэта прапанова - відавочная спроба зноў падзяліць дзеячоў культуры на “сваіх” ды “варожых”, крок супраць купалаўцаў, што змагаюцца з уладным гвалтам і ўціскам.

Мы ведаем, што аркестр ансамбля адмовіўся ад запланаваных на 15 і 16 кастрычніка выступаў у Купалаўскім тэатры. Канцэрты будуць праходзіць пад фанаграму, што ганебна для ансамбля, які заўжды працаваў з жывым гукам. Прыкра, што ў праграме канцэрта запланаваны выступ дзіцячай студыі “Харошак”. Некаторыя бацькі не хочуць, каб іх дзеці выходзілі на сцэну.

Калі выступ "Харошак" на сцэне Купалаўскага ўсё ж адбудзецца, гэта назаўсёды застанецца бруднай плямай у гісторыі калектыву і забяспечыць яму сумны статус “здраднікаў”. Яго міжнародная рэпутацыя будзе непапраўна сапсавана.

Заклікаем удзельнікаў "Харошак" і асабіста Народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую адмовіцца ад гэтага выступу і такім чынам праявіць салідарнасць з купалаўцамі, звольненым дырыжорам свайго калектыву і ўсімі дзеячамі культуры, пацярпелымі з-за сваіх перакананняў.

У сваю чаргу мы гатовыя ўсебакова падтрымаць удзельнікаў "Харошак" і абараніць іх ад адміністратыўных рэпрэсій.

 

фота - FB Khoroshki

Тэгi: