Культурны супраціў. Галоўнае за тыдзень
538 / 0
13.10.2020

Культурны супраціў. Галоўнае за тыдзень

Дзеячы і дзяячкі культуры ад самага пачатку былі на перадавой пратэстнага руху, які разгарнуўся пасля выбараў Прэзідэнта ў Беларусі. Яны страцілі працу, сутыкнуліся з пераследам, штрафамі, зняволеннем і катаваннямі за выказванне сваіх поглядаў і ажыццяўленне правоў.

Улады не чуюць культурніцкую супольнасць, ціск на яе ўзмацняецца, але дзеячы і дзяячкі культуры трымаюцца разам у гэтай бітве за справядлівасць, чалавечыя ідэалы і свабоду творчасці. 


Адкрыты ліст дзеячаў культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь

За першыя пяць дзён збору 1300 дзеячаў і дзяячак культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст, у якім яны асуджаюць факты парушэння законаў Рэспублікі Беларусь, гвалт над мірнымі грамадзянамі з боку сілавых структур і фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і патрабуюць спыніць рэпрэсіі, якія ахапілі ўсю краіну, у тым ліку сферу культуры.

Сярод падпісантаў: 

Павел Латушка, былы міністр культуры Беларусі, былы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЭСКА, да жніўня 2020 году генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; 

Вольга Шпарага, філосафка, ECLAB; 

Зоя Белахвосцік, Народная артыстка Беларусі; 

Ксенія Сітнік, пераможца конкурса «Дзіцячае Еўрабачанне-2005»; 

Мікалай Халезін, арт-дырэктар Беларускага Свободнага театра; 

Вальжына Морт, паэтка; 

Уладзімір Арлоў, пісьменнік; 

Таццяна Нядбай, паэтка, першая намесніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтра;

Максім Швед, рэжысёр дакументальнага кіно; Лявон Вольскі, музыка, паэт, мастак. 

Поўны тэкст ліста і спіс падпісантаў



Беларускі фонд культурнай салідарнасці

Беларускі фонд культурнай салідарнасці паўстаў з мэтай аказання падтрымкі прадстаўнікам беларускай культурнай супольнасці, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Фонд узначалілі арт-мэнеджэр і прадусар Сяргей Будкін і спявачка ды актывістка Марына Шукюрава (Руся).

Падрабязнасці – на старонцы Фонда і ў суполцы ў Facebook.


Затрыманні і суды, дыскрымінацыя, звальненне за погляды


Затрыманні і суды

Падчас шэсця 4 кастрычініка на Кальварыйскай былі затрыманыя КВЗ-шнікі і сцэнарысты Аляксандр Тыкун і Андрэй Канойка, яны атрымалі 12 і 8 содняў арышту адпаведна. 

Таксама быў затрыманы Мікалай Янкойць, музычны журналіст, атрымаў штраф 15 базавых.

Тады ж на Кальварыйскай былі затрыманыя філосафка, выкладчыца ECLAB, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Каардынацыйнай рады Вольга Шпарага разам з мужам Аляксандрам Адамянцам. Іх адпусцілі на наступны дзень пасля складання пратакола. Вольга расказала, што іх затрыманне не было звязана з яе дзейнасцю ў КР. 

“Яны робяць выгляд, што яны страшныя, – кажа Вольга. – Але нават у турме яны ў балаклавах, і ад гэтага, канечне, адчуванне, што яны баяцца больш, чым мы. Вядома, там ёсць усё гэтае накшталт “рукі трымаць за спінай”, “рухацца ў пэўным рытме”. Яны ствараюць для нас уражанне, што мы страшныя злачынцы і з намі трэба жорстка абыходзіцца. Не біць, але абыходзіцца як са злачынцамі. Але пры гэтым ты бачыш, што яны не здымаюць балаклавы. У мяне ад гэтага страх знікае.” – патлумачыла Вольга ў інтэрв’ю Радыё Свабода

9 кастрычніка Вольгу зноў затрымалі. Яе выклікалі для дачы паказанняў у Савецкі РАУС, адкуль Вольга ўжо не выйшла, а праз некалькі гадзінаў родным паведамілі, што яна ў ІЧУ на Акрэсціна.

Вольгу Семчанка, загадчыцу літаратурна-драматычнага аддзелу Магілёўскага драмтэатру і кіраўніцу клубу беларускіх народных танцаў, 5 кастрычніка асудзілі на сем дзён арышту за ўдзел у “несанкцыянаваным шэсці” 23 жніўня. 

Аб вызваленні Вольгі без пакарання ў пракуратуру і суд звярталіся калегі, а падтрымаць Вольгу прыйшло багата яе сяброў. Суд не прыняў да ўвагі меркаванне і просьбы грамадскасці. 9 кастрычніка Вольгу вызвалілі, але спачатку яе даставілі ў РАУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым вывезлі з аддзела і выкінулі непадалёк дома, дзе яна жыве. Вольга лічыць, што міліцыянты не супакояцца і будуць пераследаваць яе, і асцерагаецца за сваё жыццё.

9 кастрычніка студэнты планавалі правесці невялічкі канцэрт і чаяванне ў двары студэнцкай вёскі, аднак на свята прыехалі сілавікі. Вядома пра затрыманне мінімум аднаго студэнта, у музыкаў перапісалі дадзеныя. 

Актора РТБД Іллю Ясінскага, які быў затрыманы 11 кастрычніка падчас мірнага шэсця, 12 кастрычніка адпусцілі. Суд мае адбыцца 19 кастрычніка. 

Тэлевядоўца і журналіст Дзяніс Дудзінскі атрымаў штраф у 25 базавых за ўдзел у “несанкцыянаваным пікеце” пад будынкам Белтэлерадыёкампаніі 13 жніўня. 


Выпадкі дыскрымінацыі


Жэня Вялько, музыка, журналіст і ЛГБТК+ актывіст, быў затрыманы падчас жаночага маршу 26 верасня: 

“Яны доўга глядзелі на мяне і смяяліся. Задавалі пытаньні “А што ў цябе ў трусах?” і гэтак далей. Некалькі разоў мне паведамілі, што “цяпер агледзяць па поўнай праграме”. Казалі, што будуць аглядаць мяне “асаблівым чынам”, а потым некалькі разоў паўтарылі, што “такія сукі, як я, не павінны жыць”, таму мяне трэба вывесьці на двор і расстраляць”.

Звальненне за погляды

Зоя Белахвосцік – народная артыстка Беларусі, акторка Купалаўскага тэатра ў трэцім пакаленні. У жніўні артыстка сышла з Купалаўскага тэатру на знак пратэсту супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі, а 4 верасня даведалася, што з ёю не працягнуты кантракт у Акадэміі мастацтваў, дзе яна працавала 20 год і выкладала курс акторскага майстэрства. 

"Людзі разбягаліся вакол мяне на калідоры, як ад праказы. Я заходзіла і ішла як пракажоная..."

Шчымлівую размову пра крыўду, боль і расчараванне, а таксама пра надзею і гонар, чытайце тут.

Валерыя Валадзько – спявачка, салістка гурта “Гаротніца”, выкладчыца па вакале, была звольненая са школы з музычным ухілам, дзе яна выкладала. Валерыя не хавала сваіх палітычных поглядаў, адмаўлялася хадзіць на маршы ў падтрымку Аляксандра Лукашэнка, адмовілася, каб яе вучні спявалі на канцэрце падчас выбараў 9 жніўня. На яе таксама зрабіла данос маці першакласніцы, з якой яны былі знаёмыя, назваўшы Валерыю “апазіцыянеркай” і “фашыстоўкай”, якой страшна даверыць сваіх дзяцей. 

Уладзімір Садоўскі – інжынер, літаратар і краязнаўца – вымушаны быў звольніца з працы ў “Белэнергасеткапраекце” праз актыўны ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту. Спачатку Уладзіміра пазбавілі 100% прэміі за ўдзел у пратэстах 17 і 18 жніўня на год наперад, што пазбавіла яго значнай часткі заробку. 17 жніўня супрацоўнікі абвясцілі забастоўку з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў 9 жніўня, правесці новыя выбары з удзелам незалежных назіральнікаў, адстаўку Аляксандра Лукашэнкі, спыніць гвалт і вызваліць усіх палітвязняў, а таксама правесці адкрытыя і незалежныя расследаванні выпадкаў гвалту з боку сілавікоў і фальсіфікацый выбараў 9 жніўня. 18 жніўня Уладзімір разам з калегамі хадзіў да прахадной МТЗ. Пасля ціск на супрацоўнікаў, якія аткыўна выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю, працягваўся, ім пагражалі звальненнем. Уладзімір спрабаваў весці “італьянскую забастоўку,  але не змог далей працаваць у такіх умовах і вымушаны быў сысці, не чакаючы звальнення па артыкуле. Разам з ім з прадпрыемства звольнілася 11 чалавек.

Галасы асобаў

Экс-міністр культуры Павел Латушка распавёў праекту “Тэлебудка”, хто з’яўляецца аўтаркай “чорных спісаў” беларускіх музыкаў. Гэта асабліва цікава таму, што за ўвесь час існавання “чорных спісаў” чыноўнікі не прызнавалі, што яны ёсць.

Павел Латушка  распавёў, як “прабіваў” выступ гурта "Палац" у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў тагачаснага кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава: 

"Я пазваніў Зайцаву і сказаў, што даю персанальныя гарантыі, што канцэрт адбудзецца і там усё будзе нармальна. Ён сказаў: "Вы адказваеце персанальна". Я адказаў: "Няма пытанняў". І канцэрт адбыўся".

Рок-музыка Аляксандр Памідораў распавёў пра адбыванне арышту на Акрэсціна.

Музыку затрымалі разам з Уладзіславам Наважылавым 19 верасня пасля свята двароў у Завадскім раёне г. Мінска і прысудзілі восем содняў арышту за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». У інтэвр'ю «Камсамольскай Праўдзе» Алякснадр рапавёў пра ўмовы ўтрымання, стаўленне супрацоўнікаў і падтрымку па-за сценамі Акрэсціна.

“Там вельмі выразна працуе схема “не вер, не бойся, не прасі”. Усё ўжо адбылося, таму стаўся да таго, што адбываецца, адэкватна і заставайся чалавекам, сабою”.

Мастачка Надзя Саяпіна намалявала камеру і дзяўчат, адбываючы арышт на Акрэсціна.

Трое беларускіх кінэматаграфістаў зафіксавалі асабістыя гісторыі тых, хто апынуліся ў палітычнай калатнечы, для выдання The Guardian. 

«Максім Швед быў арыштаваны, зняволены, затым адпушчаны, а акцыі пратэсту вакол усё нарасталі. Кацярына Маркавец назірае за псіхалагічным грузам яе суграмадзянаў – яна супрацоўнічала з прафесійнымі псыхолагамі, якія стварылі службу падтрымкі валантораў для людзей, якія пацярпелі ад бягучых падзеяў. Андрэй Куціла расказвае гісторыю вядомага беларускага журналіста, які працаваў на дзяржаўнай тэлевізіі амаль 40 гадоў і які цяпер у лякарні пасьля траўмаў, атрыманых на акцыі пратэсту. Усе трое кінематаграфістаў задаюцца пытаньнем, якая будучыня чакае іхную краіну і суграмадзянаў».



Творчы супраціў

Акторы Купалаўскага тэатра разам з рэжысёрам Мікалаем Пінігіным 6 кастрычніка падпольна паказалі самы чаканы спектакль 2020 года “Тутэйшыя”. Упершыню спектакль быў пастаўлены 17 кастрычніка 1990 году, тым жа Мікалаем Пінігіным. Культавы спектакль не аднойчы быў забаронены альбо знікаў з рэпертуару тэатра, але кожны ягоны паказ збірае аншлаг.

Сёлета тэатр, які прастойвае з 21 жніўня, бо з яго сышлі большасць супрацоўнікаў, гэтым спектаклем мусіў адзначаць свой 100-ы сезон. Маладога Зносака грае Павал Харланчук, якому ў той дзень якраз прысудзілі штраф у 15 базавых за ўдзел у пратэсце 11 жніўня. У новай пастаноўцы няма ані яркіх дэкарацый, ані касцюмаў. Акторы амаль заўжды ў чорным, настрой і акцэнты задаюць рэдкія ўкрапіны белага і чырвонага колераў. У фінале з голай лямпачкі на экране сцякаюць кроплі крыві, а выяву будынку Купалаўскага перакрэсліваюць чырвоным крыжом. «Які ў нас будзе фінал?» – пытаецца са сцэны актор Павал Астравух. Гледачы ў адказ паказваюць знак «вікторыя».

А купалаўцы на сцэне становяцца ў счэпку: глядзець спектакль анлайн.

Штодзённыя дваравыя канцэрты ў падтрымку мікрараёнаў



Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы Беларускім ПЭН-цэнтрам

і Беларускім фондам культурнай салідарнасці.

Інфармацыйны партнёр - партал TuzinFM.by

 

 

 

 


Кантакты: 

E-mail: BFKS2020@protonmail.com

Telegram: @bel_culture

Facebook: https://www.facebook.com/bcsfbel


Дапамагчы дзеячам і дзяячкам культуры:

https://gf.me/u/yw5uv2

Тэгi: