Гэта трэба пачуць! У фінал «Засьпявай-6» прайшлі чацьвёра выканаўцаў (аўдыё/відэа)
2722 / 0
08.01.2020

Гэта трэба пачуць! У фінал «Засьпявай-6» прайшлі чацьвёра выканаўцаў (аўдыё/відэа)

Па выніках праслухоўваньня дэма-запісаў і жывых выступаў журы назвала фіналістаў шостага сэзону конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай-6», які ладзяць TuzinFM і фонд «Вяртаньне».

Найбольшую колькасьць галасоў ад журы набралі 20-гадовая сьпявачка Lear (Валерыя Суравіцкая) і 19-гадовая сьпявачка Марыя Чапрасава. Валерыя падрыхтавала для конкурсу песьню «Планета знасіла сваю арбіту» на верш Віталя Рыжкова, напісаны па матывах верша грузінскага паэта Гагі Нахуцрышвілі.

Марыя ўзяла для сваёй песьні верш «Горад вёсак» Антона Рудака.

На трэцяе месца прэтэндавалі некалькі выканаўцаў. У выніку дыскусіі, журы прыняла рашэньне дапусьціць у фінальную стадыю ня трох выканаўцаў, як меркавалася, а чатырох. У іх лік трапіў гурт Pylai, які заснавалі 26-гадовыя музыкі Рыгор Лайкоў і Ўладзь Пыльчанка. Яны паклалі на музыку верш «Мафія» на словы Віктара Жыбуля.

Чацьверты фіналіст «Засьпявай-6» — гурт «Юность» з Гомлю, які заснавалі 22-гадовая вакалістка Стэфанія Хрушчова, 23-гадовы вакаліст і гітарыст Георгій Давыдзян ды басіст Іван Таміла (25 гадоў) . Яны ўзялі для конкурснай песьні верш «Вяртайся» Віталя Рыжкова. Цікава, што менавіта зь песьняй на гэты верш у самым першым конкурсе «Засьпявай» перамогу атрымаў Віталь Варанко. Цяпер ён загучаў у іншай музычнай стылістыцы.

Сёлета заявы на «Засьпявай» падалі 43 маладыя выканаўцы. Зь іх у наступны тур прайшлі 28 выканаўцаў. Усе яны атрымалі права паўдзельнічаць у адукацыйнай сэсіі, у межах якой адбылося 14 сустрэчаў з мэнтарамі конкурсу. Пасьля яе ўдзельнікі зрабілі дэма-варыянты сваіх конкурсных песень паводле вершаў прапанаваных беларускіх паэтаў. Затым адбылося жывое праслухоўваньне (усе 28 песень у жывым выкананьні можна пачуць тут). Паводле дэма-запісаў і жывых выступаў журы назвала фіналістаў. Цяпер іх чакаюць індывідуальныя заняткі па вакале (з Русяй), самапрэзэнтацыі (з Настай Шастак), літаратурная кансультацыя (ад Андрэя Хадановіча) і саўндпрадусарская падтрымка (Барыса Календы і Паўла Сінілы).

Камэнтар прадусара «Засьпявай-6» Сяргея Будкіна

Па выніку кожная з конкурсных песень будзе прэзэнтаваная ў выглядзе сынглу ўвесну. Пераможца конкурсу будзе названы на канцэрце фіналістаў 21 сакавіка ў клюбе Berlin (запісацца можна тут). Ён атрымае грашовы прыз памерам 1500 рублёў на рэалізацыю далейшых творчых задумаў.

Таксама будзе разыграны дадатковы прыз сярод астатніх удзельнікаў конкурсу — сэртыфікат на запіс песьні ў студыі. Яго ўладальнік будзе абвешчаны на канцэрце фіналістаў.

TuzinFM