Jazz БССР-6. Эдзі Рознэр — зорка эўрапейскага джазу (+запісы з Парыжу 1938 году)
233 / 0
28.10.2019

Jazz БССР-6. Эдзі Рознэр — зорка эўрапейскага джазу (+запісы з Парыжу 1938 году)

Знаёмства з Луі Армстрангам, уласны бэнд у Бэльгіі, а потым у Польшчы, свой шынок у Лодзі, выступы перад парыскай багемай і запіс 5 (!) кружэлак на Columbia — распавядаем пра эўрапейскі посьпех аднаго з пачынальнікаў беларускага джазу.

На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. У шостай частцы зь перадгісторыі дазнаемся пра бэльгійскі і польскі этап у творчым шляху Эдзі Рознэра, будучага франтмэна беларускага Дзяржджазу. Этап непрацяглы, але насычаны падзеямі. З цытаты галоўнага героя і пачынаецца гэтая сэрыя.

Smiling, psiakrew!

Шмаляем джаз, cholera jasna!

Эдзі Рознэр

1. Пасьля адезду з нацыстоўскае Нямеччыны ўлетку 1933 году Адзі Рознэр шукаў працу ў Бэльгіі ды Галяндыі. У выніку пачаў супрацу з бэльгійскім саксафаністам і скрыпачом Фадам Кандрыксам. Пазьней у другой палове 1930-х Адзі і Фад часта перасякаліся ў выбары тэмаў з амэрыканскага кіно. Дасьледчык Дзьмітры Драгілёў з Бэрліна тлумачыць гэта тым, што Кандыркс дасылаў Рознэру сьвежыя партытуры з аранжыроўкамі.

2. У бельгійскім Астэндзе Адзі Рознэр упершыню сабраў уласны калектыў ды назваў Jack Band. Да гурту далучыўся шэраг пэрсонаў, што ўвойдуць пасьля ў джаз-аркестру БССР. Гэта бэрлінец, бубнач Хаім Шварцштэйн (сцэнічнае імя Джо), Эрвін Вольфайлер (ён жа Гары) родам зь Цяшынскае Сылезіі, Лётар (Лайнэл) Лямпель, які зьяўляўся кузэнам Адзі.

3. 13 лістапада 1934 году ў Брусэлі адбылася напраўду легендарная сустрэча Адзі Рознэра з джазавай трубой 1 Луісам Армстрангам. Час і месца вызначыў галяндзкі адмысловец Горст Бэргмаер. Як пісаў польскі часопіс As у 1936 годзе: «Луі выказаўся вельмі пахвальна пра свайго суперніка, назваўшы яго нават „белым Армстрангам“. У іншых вэрсіях Адзі ў адказ назваў Луі „чорным Рознэрам“. Варта заўважыць, што зь дзяцінства да самога скону Армстранг насіў на шыі зорку Давыда, бо ў Нью-Арлеане фактычна стаў чальцом сямі Карноўскі — габрэяў-эмігрантаў з Коўна. А з Рознэрам яны яшчэ сустрэнуцца завочна праз шмат гадоў у этэры «Радыё Свабода».

Выразка з часопіса As, 1936 год

4. Калі ўрад Трэцяга Райху запатрабаваў, каб краіны-сатэліты выслалі жыхароў Нямеччыны, Рознэр быў змушаны распусьціць свой Jack Band. У 1934 годзе музыка перабраўся ў Швайцарыю, а ўжо адтуль зь Цюрыху праз Прагу выехаў у Польшчу. Як піша варшаўскі музыказнаўца Дарыюш Міхальскі, тады назіраўся «наплыў з Бэрліна высокакваліфікаваных інструмэнталістаў».

5. У адрозьненьне ад Беларусі ў 2-й Рэчы Паспалітай прозьвішча Рознэр добра ведалі. Бо там ужо набылі папулярнасьць крэўнікі Адзі з Кракава (польскія дасьледчыкі называюць іх кузэнамі) — тры браты Рознэры: піяніст і кампазытар Ежы, скрыпач Герман і акардэаніст, кантрабасіст Леапольд. Ежы пасьпеў некалькі разоў пайграць з Адзі падчас джэм-сэйшанаў, а пра пачатак новае Сусьветнае вайны дазнаўся ў Злучаных Штатах, дзе й застаўся. Герман і  Леапольд Рознэры ўратаваліся ад Галякосту праз знакаміты «сьпіс Шындлера». Асоба Леа згадваецца ў сюжэце аднайменнага фільму Стывэна Сьпілбэрга.

Аркестр Ежы Рознэра, 1930-я

6. Па прыбыцьці ў Варшаву Адзі Рознэр перадусім паспрабаваў трапіць у склад аркестры Ежы Бяльзацкага, яшчэ адна асоба, якая будзе стаяць ля вытокаў беларускага джазу. На сустрэчу зь Бяльзацкім Адзі прыйшоў, трымаючы ў адной руцэ футурал з трубой, а ў другой валізку з вопраткай. На пытаньне «А дзе ж аркестроўкі?», Адзі адказаў, дакрануўшыся пальцам да свайго ілба: «Яны ўсе тут».

7. Пасьля кароткае супрацы зь Бяльзацкім Рознэр ізноў вырашыў сабраць уласны бэнд, але ў Кракаве. Ён атрымаў ангажэмэнт у тамтэйшай кавярні Cyganeria, дзе афіцыйна й дэбютаваў у 1936 годзе. З былога «Джэк Бэнду» ў новы калектыў перайшлі Вальфайлер, Шварцштэйн і Лямпель, які першым у Польшчы засьпяваў скэтам (то-бок, бяз словаў). Новымі калегамі Рознэра сталі й такія ж, як ён, нямецкія габрэі — духавікі Бобі Фідлер і Густаў Вірэнбэрг. Да групы саксаў і клярнэтаў далучыўся Тоні Лявіцін з Лодзі, будучы чалец Дзяржджазу.

Афіша канцэрту Эдзі Рознэра ў рэстарацыі Casanova, 1937 год

8. Сярод польскіх слухачоў Адзі Рознэра адзначыліся Ўладыслаў Шпільман (прататыпам галоўнага героя ў фільме «Піяніста» Рамана Палянскага), супрацоўніца National Film Corporation Яніна Ратвандоўна (прывозіла зь Лёндану новыя аркестроўкі) і папулярны амэрыканскі кампазытар Коўл Портэр. Той пасьля выклаў свае захапленьне ў лісьце сябру: «Калектыў Рознэра — самая сўінгавая аркестра, якія я чуў у Эўропе».

9. У Варшаве бэнд Адзі Рознэра правёў дэбютную гукасэсію. Запіс адбыўся ў 1936 годзе на польскай грамафоннай фірме Syrena Rekord. Цытата з анатацыі: «Нарэшце запісы гэтага выдатнага дырыгента й трубача выходзяць на польскіх плытках, якім дакладна наканавана стаць узорам для перайманьня». Вынікам гукасэіі, як падлічыў Якаў Басін, сталіся пяць нумароў. На кружэлках «Сырэны» імя Рознэра страціла нямецкі стыль напісаньня зьмяніўся на амэрыканскі манер (замест Adi — Ady).

Аркестр Эдзі Рознэра ў Лодзі, 1939 год. З кнігі К. Карпінскага

10. З 1937 году ансамбаль Эдзі Рознэра пачаў жыць на тры гарады як мінімум — Варшава, Лодзь, Кракаў. Музыкі мелі ангажэмэнты ў варшаўскім сутарэньні кавярні «Эсплянад» (яе называлі «мэкаю джазу») і ў Palais de Dance.У Лодзі лідэр бэнду адкрыў уласны шынок «Chez Adi» (У Адзі), дзе ладзіў рэгулярныя джазавыя канцэрты.

А ў Кракаве Рознэр і кумпанія гралі, акром названай Cyganeria, у рэстарацыі Casanova. Абедзьве ўстановы пазыцыянаваліся ў рэклямах як адзіныя ў горадзе, зробленыя на эўрапейскі манер. Рознэр у тых жа ўлётках называўся «каралём віртуозаў».

11. Напачатку 1938 году Эдзі Рознэр і ягоная аркестра выехалі з гастролямі ў Францыю. За канцэртамі ў кавярні Metropol у Лілі меўся шэраг выступаў у найлепшых залях Парыжу. У Pleyel калектыў зайграў на дабрачынным вечары з удзелам Наэль-Наэль, Марыса Шэвалье ды іншых зорак. У кінатэатры Marivaux суправаджаў прэмеру фільму «Геркулес» з Фэрнандэлем у галоўнай ролі — у залі сабралася ўся парыская багема. Далей калектыў рушыў на поўдзень Францыі ды ў Манака.

Афіша канцэрту Эдзі Рознэра ў кавярні Metropol (Ліль), 1938 год

12. Посьпех у Францыі выліўся ў прапанову запісацца на фірме Columbia — у парыскім філіяле амэрыканскага лэйблу. Паводле патрабаваньняў мясцовага прафсаюзу, у склад бэнду падчас сэсіі мусілі ўвайсьці францускія, бэльгійскія ці галяндзкія музыкі. Аркестра Рознэра запісала ў Парыжы дзясятак твораў, што зьмяшчаліся на пяці кружэлках. Але выйшлі толькі чатыры з джазавымі стандартамі. Пасьля рэлізу пачалася арганізацыя гастроляў па краінах Балтыі ды Скандынавіі.

На загалоўным фотаЭдзі Рознэр зь дзьвюма трубамі. Кадар з дакумэнтальнага фільму «Джазмэн з ГУЛАГу»

Віктар Сямашка, TuzinFM