Новыя трэкі восені-2019. Частка 1 (аўдыё)
4058 / 0
15.10.2019

Новыя трэкі восені-2019. Частка 1 (аўдыё)

На TuzinFM агляд новых трэкаў гэтае восені — рок, рэп, індзі, поп ды электроніка па-беларуску.

Тутэйшыя — Восень

Фіналісты «Засьпявай-4» нагадваюць пра сябе новым самотнікам — «Восень». Вакалістка каманды Тацяна Казановіч кажа з нагоды прэм’еры: «Гэтая пара году прыносіць смутак, але прыманьне таго, што ёсьць, нават і ня самага добрага часам, пазбаўляе нас ад пачуцьця безвыходнасьці, дазваляе адчуць любоў да жыцьця, негледзячы ні на што».

Палац — Коцік-бомж

Адзін зь вядучых фольк-рокавых гуртоў Беларусі з 28-гадовай гісторыяй працягвае экспэрымэнты. Новая песьня «Палацу» гучыць досыць незвычайна, як з музычнага і тэкставага боку. Музыкі прымеркавалі яе да дня абаронцы жывёлаў. Болей пра трэк.

Naviband — When the Party's Over

Новая беларускамоўная песьня ад Арцёма і Ксеніі — беларускамоўны варыянт гіта Білі Айліш (ёсьць на iTunes). «Мы рэдка зьвяртаемся да перасьпеваў, толькі калі сапраўды песьня прыйшлася блізка да сэрца і цалкам адпавядае нашаму сьветаадчуваньню ажно да таго, што хочацца дакрануцца да гэтай музыкі самім. Так адбылося з „Алілуяй“ Леанарда Коэна на Раство, так цяпер усё сышлося і з гэтым сьпевам», — кажа аўтар перакладу Арцём Лук’яненка. Цяпер гурт зьбірае праз Ulej.by сродкі на запіс новага альбому.

ili-ili Noč

У новым сынгле гурт ili-ili дзеліцца сваім адчуваньнем начнога гораду. Перадаць яго пакліканыя пульсуючы электрабіт, хвалі сынтэзатараў і рэха далёкіх галасоў. «Дачакайся пакуль сонца сядзе, уключы гэты трэк, каб выправіцца ў падарожжа па сьвеце, дзе прастора і час губляюць сваю моц, падарожжа, якое скончыцца сьвітаньнем», — пішуць музыкі ў прадмове да свайго рэлізу, які выйшаў на беларускім лэйбле Paliklinika.

Kawa — Узруш

У новым самотніку «Узруш» праект сьпявачкі з Гомелю Таісіі Серыкавай дэманструе сваё новае гучаньне. Сама песьня са словаў аўтаркі ўяўляе зь сябе фантазію на тэму як бы тое было, каб людзі маглі бы бачыць аднолькавыя сны, у якіх можна пражыць іншае жыцьцё. Трэк даступны на асноўных лічбавых пляцоўках.

zolki band Supervoid

Адзін з цэнтральных трэкаў новага рэлізу берасьцейцаў, які яўна можа лічыць адным з прэтэндэнтаў на званьне найлепшага альбому году. Адметна, што песьня ў падкрэсьлена беларускамоўнага гурта запісаная на ўкраінскай мове — на Рому f.s.t. моцна паўплываў верш «Колискова» Лесі Ўкраінкі і па выніку ён задумаў стварыць такую трывожную  калыханку ад імя Штучнага Інтэлекту, у якой пяецца пра тое, што мала нарадзіцца чалавекам для таго, каб быць чалавечным.

Закон Гука — Зможам

Аўтары галоўнага гіта мінулага сэзону на TuzinFM прэзэнтавалі новы сынгл «Зможам». Лідэр каманды Лёкса Кузьмін кажа, што гэтая песьня — пераасэнсаваньне вядомай байкі «Лебедзь, рак і шчупак». «У ёй ўсё як і ў нашым паўсядзённым жыцьці: ўсе героі ўсё разумеюць і могуць, але воз наперад ня едзе. Таму мы заклікаем рабіць нешта значнае разам».

Naka — Няхай так

Сваю новую песьню Наста Шпакоўская называе рэакцыяй на апошнія падзеі: «Гэта маё сэрца, якое адчувае. Вочы, якія бачаць. Вушы, якія чуюць. Рукі, якія пішуць. У гэты творы — маё стаўленьне да рэчаіснасьці і спроба зразумець жывыя мы яшчэ, ці не…» Жывая прэм’ера песьні адбылася ў кастрычніку на канцэрце з нагоды 15-годзьдзя Naka.

ZrabiHate

Барбара Гузарэвіч з рэп-праектам Zrabi прэзэнтавала новы сынгл «Hate». Трэк быў створаны пад натхненьнем ад хейту, зь якім выканаўца сутыкнулася пасьля дэбютнага рэлізу «Boss». Як і папярэдні трэк, ён быў запісаны ў Маскве. «Рэліз быў у пятніцу, а ў суботу я ўжо была на студыі і запісвала новую песьню. Настрой біту цалкам адпавядаў думкам, якія былі ў маёй галаве», — кажа рэпэрка.

Дакрайнасці — Вавёрка ў коле

Дэбютны сынгл па-беларуску ад прадстаўніка слонімскага рэп-андэграўнду, праекту Аляксандра Шкодава «Дакрайнасці». Выканаўца кажа, што яму закарцела выказацца пра беларускую рэчаіснасць менавіта на роднай мове. Песьню «Вавёрка ў коле» з прыязнасьцю прынялі слухачы ў сацсетках. «Людзі забываюцца жыць, патанаючы ў сваіх штодзённых праблемах, пра гэта мой трэк», — кажа Саша. Цяпер ён рыхтуе да выданьня свой першы паўнавартасны альбом.

Kachan — Бахвальныя думкі

Новы самотнік ад менскага рэпэра Дзяніса Качана, у якім ён разважае пра тое, як страхі і няўпэўненасьць у сабе часта не даюць нам рухацца наперад. «Нам не хапае крыху дзёрзкасьці ў адносінах да сябе. Кожны радок у гэтым трэку пакліканы разьвеяць усе сумневы, каб зрабіць наступны крок да пастаўленай мэты», — так прэзэнтуе свой твор выканаўца.

Esthetic DreamsChashka

Электронны праект з Полацку паспрабаваў па-новаму паглядзець на даўні народны сьпеў. «Гэта адзін з поглядаў на тое, як можа гучаць народная музыка сёньня. Хацелася стварыць асаблівую атмасфэру і надаць сьвежы настрой старой песьні. Мне здаецца, што яна набыла ноткі эпічнасьці», — кажа лідэр праекту Андрэй «Намасьце» Шайтора. Ягоны праект базуецца на трансавай музыцы ў кірунках psybient, psychill і psydub.

Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).

Топ пачатку восені-2019

ТОП ЛЕТА-2019

Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаём песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.

TuzinFM