Jazz БССР-4. Сусьветная слава Оскара Строка і Сашы Ўладзі (аўдыё/відэа/фота)
226 / 0
12.10.2019

Jazz БССР-4. Сусьветная слава Оскара Строка і Сашы Ўладзі (аўдыё/відэа/фота)

У чацьвертай частцы зь перадгісторыі беларускага джазу распавядаецца пра зорны час «караля танга» Оскара Строка і аўтара аднаго з галоўных міжваенных гітоў «Smutno» Сашы Ўладзі.

На TuzinFM і «Радыё Рацыя» працягваецца дакумэнтальны музычны сэрыял пра беларускі джаз, які падрыхтаваў аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка. У чацьвертай частцы распавядаецца пра «каралеўскі» пэрыяд у творчасьці кампазытара Оскара Строка, а таксама згадваецца пра іншага славутага ўраджэнца Віцебшчыны — сьпевака Казімера Лабудзя ды латыскага эстраднага аўтара Аляксандра Окала-Кулака, чый род меў дачыненьне да Магілёўшчыны. Па традыцыі — на пачатку цытата, гэтым разам з Майсея Кульбака:

«Бэрлінскія ночы. Раскоша. Агні.

Вакол Люлькэмана джаз-банд, як віхура.

Бэрлінскія ночы ў шантанах…

Зірні,

Каму можа сьніцца такая культура?»

1. Напрыканцы 1920-х гадоў кіраўнік бэрлінскае аркестры Марэк Вэбэр запрасіў Оскара Строка прыехаць у госьці. Кампазытар на месцы пераканаўся, што ягоныя «Чорныя вочы» агучвалі шматлікія нямецкія «джац»-бэнды з арыгінальнымі словамі й як чыста інструмэнтальны твор. Па-за Нямеччынай нават існавалі жаночыя вэрсіі сьпеву з адаптаваным тэкстам.

2. Строк ня ведаў нямецкае мовы, як, зрэшты, і латыскае, але валодаў ідыш і па-расейску гаварыў зь відавочным беларускім акцэнтам і характэрнымі націскамі. Запіс ягонага голасу, зроблены на 80-гадовым юбілеі, захаваў Мікалай Марковіч, калекцыянэр грампласьцінак з Масквы.

3. Біёграф Строка Анісім Гімэрвэрт сьцьвярджае, што некаторыя гераіні песень мелі канкрэтных прататыпак і дае іх прозьвішчы. Гэтак на «Чорныя вочы» Строка натхніла дзяўчына з Валміеры, што пад Рыгай, Лені Лібман, якая працавала сакратаркай у выдавецтве. А наступнае танга «Блакітныя вочы» адрасавалася эстонцы Эльзе Емяльянавай, жонцы латыскага кінамагната, дэпартаванага ў Сыбір пасьля чарговага прыходу Саветаў.

Сям’я Емяльянавых

4. Падчас візыту ў Бэрлін Оскар Строк аформіў аўтарскія правы ў фірме Amru й атрымоўваў адсоткі за выкананьне сваіх твораў на канцэртах, нават пасьля прыходу да ўлады нацыстаў. На шэрагу кружэлак Строк пазначаўся як кіраўнік джаз-аркестры, аўтар музыкі ды словаў. Сталую працу ў нямецкай сталіцы музыка знайсьці ня змог, таму вярнуўся ў Рыгу.

5. Напачатку 1930-х гадоў Строк пачаў ладзіць у Рызе сямейныя вечары-кабарэ ў залі Габрэйскага клюбу. Выступаў з уласнымі джаз- й танга-капэлямі. Акром таго, арганізаваў прыватную «Бібліятэку О. Д. Строк», новае выдавецтва «Казанова» ды кафэ-дансынг «Барбэрына». Апошяя ўстанова празь некалькі месяцаў прагарэла. Крэдыторы падалі на Строка ў суд. У выніку музыка 6 тыдняў адседзеў у турме, пакуль яго ня выпусьцілі пад заклад.

6. Оскар Строк не зьяўляецца аўтарам блатнога шлягеру «Мурка», як тое паведамляецца ў некаторых крыніцах. Гэта ў прыватнасьці абвяргае музыказнаўца Дзьмітры Драгілёў. Першапачатковая мэлёдыя «Муркі» выконвалася ў памеры танга. А першасны тэкст ня меў бандыцкага характару й быў выдадзены ў Рызе Васілём Гадаліным, які працаваў у часопісе Строка «Новая нива». Магчыма таму, Строка западозрылі ў аўтарстве музыкі.

7. На запрашэньне брата Аўсея, які за мяжой здабыў посьпех як імпрэсарыё, у 1935 годзе Оскар Строк дабраўся да Токіё параходам з Нэапалю, а пасьля вяртаўся ў Рыгу цягніком праз СССР. Усё падарожжа заняла першую палову году. У пары з кабарэтовым акторам Віктарам Хенкіным Строк выступіў у розных гарадох Кітаю ды Японіі, у Сынгапуры ды на Ямайцы. Строк расказваў, як ягоныя «Чорныя вочы» напявалі грэк на параходзе ды індус у Сынгапуры.

8. Танга Строка на той момант сапраўды гучэлі ў вэрсіях дзясяткаў аркестраў, на розных мовах і на тысячах плытак, а сам аўтар займеў неафіцыйны тытул «караля эўрапейскага танга». Невыключна, што кампазыцыі Строка ў Бэрліне ў складзе аркестры Марэка Вэбэра мог выконваць і Эдзі Рознэр, будучы кіраўнік Дзяржджазу БССР. Ці былі яны знаёмыя, дакладна невядома. Оскар і Эдзі мелі шанец пабачыцца і падчас пазьнейшых гастроляў Рознэра ў Рызе.

Оскар Строк (крайні зьлева) з выканаўцамі ягоных песень Аляксандрам Баянавым, Канстанцінам Сакольскім і Ўладзімерам Няплюевым.

9. Напрыканцы 1930-х браты Гоф, уладальнікі банку ў Рызе, прапанавалі Оскару Строку скласьці опэру. Яна мусіла звацца «Маісей» паводле лібрэта аднаго з братоў. Для працы кампазытару зьнялі колішнюю дачу заснавальніка Латвійскае опэры Альфрэда Калныньша ў Дзынтары. Строк пасьпеў скласьці «Арыю Маці». Але далейшую працу над опэрай прыпыніла Другая сусьветная вайна.

10. У Польшчы творы Строка сярод іншых выконваў Chór Dana. У складзе варшаўскага вакальнага ансамблю ад 1941-га выступаў ураджэнец Дзьвінску (як і Строк) — Казімер Лабудзь, выпускнік музычнае школы імя Мечыслава Карловіча. Іншы ўдзельнік Chóru Dana Мечыслаў Фог, як і многія польскія артысты таго часу, удзельнічаў у польска-бальшавісцкай вайне 1919—1921 гадоў і наведваў Менск у складзе войска Пілсудзкага.

Зьлева Мечыслаў Фог у Менску (з кнігі Д. Міхальскага), справа Казімер Лабудзь

11. У міжваенны час набылі вядомасьць творы яшчэ аднаго латыскага аўтара зь беларускімі каранямі — Сашы Ўладзі. Сапраўднае імя — Аляксандар Окала-Кулак. Ён нарадзіўся ў Лібаве (цяпер Ліепая) у 1906 годзе. На Магілёўшчыне Окала-Кулакі вядомыя яшчэ зь XVII стагодзьдзя. Як і многія жыхары Беларусі, бацька Аляксандра, інжынэр-будаўнік, прыехаў у Латвію на заробкі ды вырашыў застацца. З 12 гадоў Алесь браў прыватныя ўрокі граньня на фартэпіяна. Затым навучаўся ў Парыжы, Капэнгагене ды Льежы, дзе атрымаў ступень доктара эканамічных навук. Паралельна працягваў пісаць песьні.

Оcкар Строк (зьлева) і Аляксандар Окала-Кулак (справа)

12. Найбольшую папулярнасьць з твораў Окала-Кулака атрымала танга «Smutno». Упершыню яно было апублікаванае ў 1933 годзе ў Варшаве. У 1936 годзе супольна з жонкай Аляксандар сачыніў ды выдаў на паперы рамантычную апэрэту «SOS», якая мела некалькі моўных вэрсіяў. У 1940 годзе заняў дырыгенцкую пасаду ў Опэры й драме Ліепаі. Пасьля вайны кампазытар здабыў вядомасьць на Брадўэі ды выступаў у Карнэгі-Голе.

Chór Dana ў кінакроніцы 1934 г. Першы запіс танга «Smutno».

На загалоўным фота: Оскар Строк з жонкай Луізай увосень 1940 г. (з кнігі А. Гімэрвэрта)

Віктар Сямашка, TuzinFM