luty sakavik і Harmonix College — пераможцы апошняга ў гісторыі «Басовішча» (аўдыё)
805 / 0
20.07.2019

luty sakavik і Harmonix College — пераможцы апошняга ў гісторыі «Басовішча» (аўдыё)

Пераможцамі конкурсу 30-га фэстывалю музыкі маладой Беларусі прызнаныя два гурты.

Сёлета ў конкурсе маладых гуртоў на «Басовішчы» бралі ўдзел пяць гуртоў, якія прайшлі празь менскі адбор: Harmonix College, Atesta, Paulinn, BarRokka, luty sakavik. Яны выступілі ў першы дзень фэсту, 19 ліпеня. Журы пасьля абмеркаваньня вырашыла падзяліць галоўны прыз паміж двума гуртамі — luty sakavik і Harmonix College. Адзін зь сябраў журы, вядучы рубрыкі !OUT на TuzinFM Віктар Сямашка зазначыў, што выбар быў даволі цяжкі, бо надта розныя былі канкурсанты. Наконт пераможцаў меркаваньні журы падзяліліся напалову, а ў выніку фінальнага галасаваньня згаданыя каманды зноў узялі роўную колькасьць балаў.

Iuty sakavik на cцэне «Басовішча-2019», фота racyja.com

luty sakavik - праект Уладзі Лянкевіча і Эрыка Арлова-Шымкуса, які быў заснаваны сёлета і прэзэнтаваў ужо дэбютны EP «Soram». Музыкі кажуць, што іх праект — гэта працяг беларускай пост-панк-хвалі. Для Ўладзя гэта другая перамога на «Басовішчы». Ён ужо атрымліваў галоўны прыз на фэсьце ў 2015 годзе ў складзе гурта TonqiXod.

Harmonix College на cцэне «Басовішча-2019», фота racyja.com

Harmonix College — інструмэнтальны пост-рок-гурт, які паўстаў у Рагачове, а цяпер базуецца ў Менску. Для музыкаў гэты год — звышудалы. У чэрвені яны сталі пераможцамі фэсту Emergenza ва Ўсходняй Эўропе.

Абодва пераможцы атрымалі грашовую ўзнагароду ад войта гміны Гарадок, а таксама дадатковы сэт у другі дзень фэсту і ратацыю на «Радыё Рацыя».

Найстарэйшы беларускі рок-фэст «Басовішча» сёлета праводзіцца ў 30-ы і апошні раз у гісторыі. Арганізатары заявілі, што фэст праводзіць далей немагчыма празь фінансавыя складанасьці. Больш падрабязьней пра тое, як праходзіць фэст — чытайце, слухайце і глядзіце на Racyja.com.

TuzinFM, фота з афіцыйнай суполкі фэсту