Сучасны тузін Аляксандра Найдзёнава (аўдыё)
963 / 0
14.06.2019

Сучасны тузін Аляксандра Найдзёнава (аўдыё)

Блогер і праграмны дырэктар Радыё Unistar Аляксандар Найдзёнаў назваў 12-ку найлепшых песень сэзону 2018/2019 на TuzinFM. Усе трэкі аўтаматычна трапляюць у мэгатур, у якім будзе вызначаны галоўны гіт сэзону.

1.       Mikita — Да цябе. Адзін зь нешматлікіх прыкладаў якаснай, сучаснай па гуку, беларускамоўнай поп-музыкі. Артыст зь вялікім патэнцыялам. Добры вакал, які пасуе музычным гармоніям менавіта такога кшталту. Дзяўчынкі павінны ўжо цяпер клеіць на сьцены яго постэры.

2.       Akute — Весела. Адзін з найлепшых беларускіх гуртоў, як на мой густ. І ў запісе яны падабаюцца мне значна больш, чым жыўцом. Бо ўжывую — гэта рок-гурт, якіх шмат. Зьнікае гучаньне, якое вылучае каманду сярод астатніх.

3.       Akute — Усе песьні сьпетыя. Хіба гэта не шыкоўная песьня?

4.       Uzari — Падзяка сэрца. Гэта вельмі гітова і ярка. Зь вялікай сымпатыяй стаўлюся да гэтага артыста. Бо ён неверагодна якасна працуе. У гэтай песьні — супадзеньне зьместу з формай рэалізацыі.

5.       Аня Жданава — Зьнічка. Здаецца мне, у Ані сьветлая музычная будучыня. Мне б хацелася, каб яна выходзіла на больш шырокую публіку. Пытаньне: ці патрэбна тое самой Ані.

6.       Roman Voloznev Салёныя сны. Нешта ж павінна рваць душу — а тут пра зарумзанага хлопца. Вярнуць мае 17 — і развучыць, як гэта сыграць на гітары. Буду каралём пад’езда.

7.       Сяргей Пукст Трыюмф волі. Пукст — проста ўнікальная мастацкая зьява.

8.       Camerata Паміж небам і зямлёй. Люблю — і 2 разы быў на канцэртах. Перазагружаюся. Калі-некалі пераслухоўваю дома, пад келіх бярозавага соку.

9.       Naviband & Apple Tea Гісторыя майго жыцьця. Naviband — гэта канцэнтраваная пяшчота. Не разумею тых, хто папракае Naviband у залішняй мяккасьці. Яны такія, якія ёсьць — ці лепш было іграць нейкія ролі (падказка: не).

10.    Алег Хаменка («Палац») & Apple Tea — Кола грукатала. Упэўнены, гэта адна з найлепшых песень, што прэтэндавалі на паездку на «Эўравізію» ад Беларусі (другая такая была ў Русі).

11.    Уладзімер Пугач (J:Морс) & Apple Tea Маё сонца. Гэта можа камусьці падавацца банальнасьцю, але «J:Морс» — гурт з сапраўднай, а не надуманай папулярнасьцю (рэдкая для Беларусі зьява). З павагай і нізкім паклонам.

12.   Nuteki Так кахаць. Чуў жывы выступ — гэта было добра. Абсалютна цэльныя хлопцы — дай ім бог здароўя.

Аляксандар Найдзёнаў, для TuzinFM

Аляксандар Найдзёнаў — блогер, сцэнарыст, радыёвядоўца. Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Асіповічах. Скончыў журфак БДУ. Суаўтар некалькіх дакумэнтальных фільмаў (разам з рэжысэрам Андрэем Куцілам). Удзельнік і ляўрэат фэстываляў «Лістапад» (Беларусь), IDFA (Нідэрлянды), Golden Beggar (Славаччына) і іншых. Вядоўца і праграмны дырэктар радыё Unistar.