Арганізатарка апошняга «Басовішча»: «Фэст застанецца ў сэрцы. І ў гісторыі» (відэа)
882 / 0
23.05.2019

Арганізатарка апошняга «Басовішча»: «Фэст застанецца ў сэрцы. І ў гісторыі» (відэа)

Лідзія Пякарская распавяла TuzinFM пра тое, як ёй далося рашэньне паставіць кропку ў 30-гадовай гісторыі «Басовішча».

Сёлетні 30-ы па ліку фэстываль «Басовішча», які пройдзе ў польскім Гарадку 19 і 20 ліпеня, будзе апошнім у гісторыі. Пра гэта заявілі арганізатары мерапрыемства зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы. Прычына — складаная фінансавая сытуацыя, якая не дазваляе праводзіць надалей фэст на належным узроўні. TuzinFM папрасіў арганізатарку фэсту Лідзію Пякарскую падзяліцца сваімі эмоцыямі з гэтай нагоды.

Рашэньне завяршыць «БАСовішча» было вельмі складанае. Сэрца мне сьціскала, калі я пісала пра гэта ў фэйсбуку. Але мы правялі шмат дыскусіяў з разумнейшымі за нас, з былымі «басаўцамі», сябрамі, у якіх большы досьвед у арганізацыі музычных мерапрыемстваў. Гэта праўда, трэба было адвагі, каб наважыцца паставіць кропку… Напэўна, дзякуючы «БАСовішчу» я ад сярэдзіны магла пабачыць, як гэта — зладзіць вялікае мерапрыемства, колькі яно вымагае працы. Ты хочаш адпачыць пасьля фэсту ў ліпені, але тут трэба разьлічыць усё і пісаць новыя праекты, каб правесьці наступны. Гэта была сапраўды праца ўвесь год, заўсёды і паўсюль думалася пра «БАСовішча». Таксама праца пры фэстывалі праверыла на сяброўства нас усіх. Але акром сварак, якія ўзьнікаюць усюды, дзе людзі павінны супрацоўнічаць, мы да сёньня стаім мурам адзін за другім. «БАСовішча» будзе супольнай гісторыяй, якая застанецца ў нас да канца жыцьця.

Падавалася лягічным, што мне выпала рабіць «БАСовішча». Пачынала зь бяссонных начэй у чаканьні канцэрту N.R.M., потым дапамагала ў фэстывальнай краме, езьдзіла як валянтэр на цэлы тыдзень падрыхтоўкі да фэсту. З году ў год дадаваліся абавязкі і ўрэшце я далучылася да галоўнай управы. А гэта яшчэ больш абавязкаў, але таксама якая радасьць! Надта шмат думак і ўражаньняў ад усіх маіх гадоў на «БАСовішчы».

Будзе цяжка ў ліпені, вельмі цяжка. Скажам «бывай» неверагоднай часьціцы нашых сэрцаў, але веру, што так будзе лепш. І што ўсе разам сустрэнемся апошні раз у Гарадку і адсьвяткуем юбілей самай важнай падзеі ў нашым жыцьці.

24 траўня адборачны канцэрт да «БАСовішча-2019» у менскім клюбе Berlin. Уваход вольны!

Уся інфармацыя пра 30-е «БАСовішча» — у афіцыйнай суполцы.

Як праходзілі першыя «Басовішчы». Падборка рарытэтных відэа на youtube-канале TuzinFM

Лідзія Пякарская, для TuzinFM