«Засьпявай-5». Хто за каго галасаваў у журы (поўныя вынікі з камэнтарамі)
3087 / 0
26.12.2018

«Засьпявай-5». Хто за каго галасаваў у журы (поўныя вынікі з камэнтарамі)

Журы конкурсу зрабіла свой выбар. Пасьля жывога праслухоўваньня кожны зь сямі экспэртаў назваў пяцёрку найлепшых. Па выніку тры выканаўцы, якія набралі найбольшую колькасьць балаў, прайшлі ў наступны этап «Засьпявай-5».

Большасьць сябраў журы прысутнічалі на жывым праслухоўваньні. Натальля Куніцкая і Павал Бераговіч, якія жывуць па-за межамі краіны, атрымалі відэазапісы, зробленыя на гэтым праслухоўваньні. Большасьць канкурсантаў таксама здолелі сыграць ужывую. Арганізатары пайшлі насустрач некаторым удзельнікам, якія не змаглі прыехаць на адбор з паважлівых прычынаў, і прынялі да разгляду запісаныя імі відэа.

Кампазытарка і сьпявачка, лідэрка праекту Mustelide Наталья Куніцкая на першым этапе адбору дала шанец 12 выканаўцам. Яе выніковая пяцёрка па выніках відэа-праслухоўваньняў выглядае наступным чынам:

1. Maximalism — «Фрагменты»

2. Соф’я Астапюк — «Сьнег»

3. Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай»

4. Анастасія Казакова — «Аэрадромная»

5. BarRokka — «Адзінокая песьня»

«Для мяне галоўным крытэрам было адчуваньне таго, што гэта чапляе, што песьню сьпявае жывы чалавек са сваімі перажываньнямі і гісторыяй, мне важна было наяўнасьць пэрсанажа за гэтымі сьпевамі. Таксама для мяне было істотнай цікавая і запамінальная мэлёдыя, каб патэнцыйна песьня магла стаць гітом. І ў абраных песьнях я гэты патэнцыял адчула. Што тычыцца музычнага афармленьня, то я пачула досыць шмат штампаў, стандартных хадоў і гукаў. Спадзяюся, што пры далейшай працы ўдзельнікі змогуць ад гэтага адыйсьці і будуць сьмялейшымі ў працы з гукам», — зазначыла Натальля.

фота Алеся Пілецкага

У лонг-лісьце ў музыкі Алеся-Францішка Мышкевіча (The Superbullz, Volski, Drezden) было 14 выканаўцаў, якіх ён захацеў паслухаць на жывым праслухоўваньні. Ягоная выніковая пяцёрка з камэнтарамі выглядае так:

1. Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай»

«Выдатнае выкананьне, гарманічнае спалучэньне музыкі, тэксту, вакалу, прафэсійна і моцна. Трэк, які павіны гучаць!»

2. Lear — «Два сэрцы»  

«З добрай аранжыроўкай песьня мае патэнцыял някепскага поп-трэку ў духу Рыяны па-беларуску! Рэальна!!!»

3. Maximalism — «Фрагмэнты»

«Сучасна. З добрым густам. Мілагучнасьць беларускай мовы і выдатная музыка».

4. Уладзь Лепяшынскі і Lear — «Мама»

Цікава, што гэты трэк Алесь не назваў у лонг-лісьце, але ўключыў у пяцёрку — надта яму спадабалася як гэты трэк быў зайграны жыўцом.

5. Ігар Палынскі — «Зоркі былі супраць нас»

«Выдатны прыклад сапраўднай ТРУшнай бардаўскай песьні. Кампазыцыя мусіць загучаць на бардаўскіх фэстах і ў суполках аматараў гэткага жанру».

Алесь зазначае, што шмат выдатных трэкаў засталіся па-за межаю пяцёркі. Напрыклад, «Роспач на продаж» ад Absolem Cloud: «Патэнцыйны гіт, які можа пакласьці пачатак новай клюбна-дэнсавай беларускамоўнай хвалі». «Аэрадромная» ад Анастасіі Казаковай: «Песьня, якая можа стаць гітом і загучаць у кожным двары пад гітару». «Альфа» ад Ліхтара: «Той прыклад, які сьведчыць якіх трэкаў не хапае ў беларускай музыцы. Выдатны тэкст і клясна зробленая музыка».

Сьпявачка і пэдагог Ірэна Катвіцкая (Akana, Kazalpin, Warsoba) у даўгім сьпісе назвала сямёра выканаўцаў, а яшчэ чатырох адкрыла для сябе, пачуўшы на жывым праслухоўваньні. Па выніку яе пяцёрка выглядае наступным чынам:

1. Анастасія Казакова — «Аэрадромная»

2. Ліхтар — «Альфа»

3. Absolem Cloud — «Роспач на продаж»

4. Ili Family — «Гульня ў гарады»

5. Barrokka — «Адзінокая песьня»

«Узровень музыкаў вельмі розны — гэта палітра ў дыяпазоне ад аматарства да сур’езнага прафэсіяналізму, — зазначае Ірэна. — Я вылучыла тых, хто на мой погляд мае ўласны тэмпэрамэнт, музычны інтэлект і добра адчувае заканамернасьці свайго жанру. Дзякуй усім ўдзельнікам за тое, што любяць музыку!» Галоўнае адкрыцьцё для сьпявачкі — трэк Анастасіі Казаковай. Асобна вылучае Ірэна юную сьпявачку Atesta з трэкам «Магільшчык».

12 выканаўцам даў шанец узяць удзел у жывым праслухоўваньні Алег Хаменка, выкладчык і лідэр гурта «Палац», незьменны сябра журы конкурсу «Засьпявай».

«Вельмі спадабаліся сёлетнія канкурсанты. У кожным творы, які быў дасланы на конкурс, ёсьць мастацкае паветра і думка мысьляра. Гэта вельмі цешыць. Выбар быў вельмі няпросты, бо вартых твораў у разы болей, чым трэба было назваць. Зьвяртаюся да ўсіх канкурсантаў і перадусім да тых, хто ня трапіў у лік фіналістаў — у аніякім разе НЕ ПАКІДАЙЦЕ вашыя творы, давядзіце іх да публічнага нараджэньня! Яны таго вартыя!» — зазначыў Алег у камэнтары. Ягоная пяцёрка выглядае наступным чынам:

1. Раман Волазьнеў — «Салёныя сны»

2. Absolem Cloud — «Роспач на продаж»

3. Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай»

4. Леся Стасевіч — «Калі я»

5. Maximalism — «Фрагмэнты»

Саўндпрадусар Андрэй Акатаў, які будзе даводзіць да ладу песьні фіналістаў конкурсу, назваў 13 выканаўцаў, якія яму было цікава паслухаць жыўцом. Па выніках другога праслухоўваньня ён адзначыў: «Складана было абіраць, бо жывы ўзровень амаль ва ўсіх даволі слабы, мала хто рэальна прэтэндуе на роль франтмэна, гітарысты амаль усе вельмі слабыя, амаль да анэкдатычных сытуацыяў. Мне хацелася абраць тых, у каго ёсьць патэнцыял і з кім можна зрабіць нешта цікавае, няхай нават гэты патэнцыял вельмі глыбока схаваны. Але трэба разумець, што сьпяваць ды граць з нуля ніхто ня будзе вучыць. Ёсьць сярод канкурсантаў і тыя, якія ўжо ёсьць рэальна такімі, якімі павінныя быць. На іх я таксама зьвярнуў увагу».

Топ-5 ад Андрэя з кароткімі камэнтарамі.

1. Раман Волазьнеў — «Салёныя сны». Выканаўца, які мае яшчэ рэальна вялікі патэнцыял для росту і ён у прынцыпе малайчына.

2. Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай». Адзіныя, хто на жывым праслухоўваньні нармальна сыгралі, агулам жа Козіч прэтэндуе на тое, каб звацца прафэсіяналам.

3. Ili Family — «Гульня ў гарады». Канечне, яшчэ шмат пытаньняў, але з гэтай песьняй можна было бы працаваць і зрабіць яе прыгожа. Самі музыкі рэальна пазытыўныя, амаль адзіныя, хто імкнецца рабіць сьветлую музыку для людзей.

4. Соф’я Астапюк — «Сьнег». Магчыма і болей балаў можна было б даць, калі пабачыць на сцэне ўжывую. Але і зь відэа можна ўлавіць вялікі патэнцыял.

5. Maximalism — «Фрагмэнты». Ужывую зусім не раскрылася тэма, шмат недапрацовак, але можна зрабіць вельмі цікавы і годны прадукт.

Кіраўнік TuzinFM, прадусар і сузаснавальнік «Засьпявай» Сяргей Будкін назваў 10-ку выканаўцаў, якія прайшлі ў другі тур конкурсу, а зь іх вылучыў сваю пяцёрку пасьля праслухоўваньня жывых сэтаў і відэазапісаў. «Мне хацелася даць шанец тым выканаўцаў, якія толькі фармулююць сваё творчае „Я“, таму ў маім сьпісе няма выканаўцаў, якія выглядаюць ужо на цалкам сфармаваных, але ёсьць тыя на фармаваньне якіх можа паўплываць наш конкурсу у тым ліку», — зазначыў Сяргей. Вось як выглядае ягоная пяцёрка:

 1. Lear — «Два сэрцы»

2. Соф’я Астапюк — «Сьнег»

3. Maximalism — «Фрагмэнты»

4. Леся Стасевіч — «Калі я»

5. Ігар Палынскі — «Зоркі былі супраць нас»

Сузаснавальнік конкурсу «Засьпявай» і кіраўнік фонду «Вяртаньне» Павал Бераговіч адзначыў высокі ўзровень канкурсантаў сёлета і выказаў спадзеў, што дзякуючы конкурсу выканаўцы адкрылі для сябе ў тым ліку і сьвет беларускай паэзіі, і будуць надалей да яе зьвяртацца. Ягоная выніковая пяцёрка выглядае так:

1. Раман Волазьнеў — «Салёныя сны»

2. Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай»

3. Соф’я Астапюк — «Сьнег»

4. Absolem Cloud — «Роспач на продаж»

5. Ігар Палынскі — «Зоркі былі супраць нас»

Такім чынам, па суме балаў (за 1-е месца давалася — 5 балаў, за 2-е — 4 і г. д.) тройка пераможцаў выглядае такім чынам:

Павал Козiч & Цiхан Букраба — «Трамвай» — 19 балаў

Maximalism — «Фрагмэнты» — 16 балаў

Раман Волазьнеў — «Салёныя сны» — 15 балаў

Фіналістаў конкурсу чакаюць яшчэ індывідуальныя заняткі з Ірэнай Катвіцкай (па вакале), Настай Шастак (па самапрэзэнтацыі) і Андрэем Акатавым (у студыі). Увесну яны дапрацуюць конкурсныя песьні і дадуць канцэрты ў межах конкурсу пры падтрымцы вядомых выканаўцаў, а таксама выступяць у сумесным гала-канцэрце, на якім будзе абвешчаны пераможца «Засьпявай-5».  

TuzinFM