!OUT: Апошняе інтэрвію і апошні твор Дзьмітрыя Смольскага (прэм’ера)
5071 / 0
23.11.2017

!OUT: Апошняе інтэрвію і апошні твор Дзьмітрыя Смольскага (прэм’ера)

Выбітны кампазытар, адзін зь першых беларускіх авангардыстаў Дзьмітры Смольскі памёр сёлета, 29-га верасьня, пасьпеўшы адсьвяткаваць уласнае 80-годзьдзе. За некалькі месяцаў да скону маэстра даў інтэрвію TuzinFM, у якім зрабіў шэраг прызнаньняў.

Цягам жыцьця Дзьмітры Смольскі напісаў 15 сымфоніяў, 3 опэры ды масу іншае аркестравае, камэрнае, вакальнае музыкі. Болей за паўстагодзьдзя выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі й выгадаваў некалькі генэрацыяў акадэмічных аўтараў. За некалькі месяцаў да скону маэстра даў інтэрвію Віктару Сямашку, у якім зрабіў шэраг прызнаньняў.

ПРА АЎТО

Раней, у маладыя гады я меў шмат машынаў. Пачынаў з гарбатага «Запарожца», а потым дайшоў да «Волгі». Яна ж не прадавалася нідзе й нікому, дзяржаўная машына для чыноўнікаў. І каб прыватна купіць, патрэбнае было рашэньне Вярхоўнага савету з подпісам старшыні Савету міністраў. Аксёнаў мне падпісаў той дазвол, і я атрымаў «Волгу». Заплаціў 9 тысячаў рублёў, па-мойму. Сама гадкая машына! А самая лепшая машына, якая ў мяне была — гэта «капейка», «Жыгулі», я атрымаў яе першым у Менску. Справа ў тым, што яе зьбіралі ў Савецкім Саюзе італьянскія працаўнікі. Яны паўгады працавалі ў Тальяці, наладжвалі ўсю сыстэму, усе канвэеры. Я праезьдзіў на ёй 6 гадоў і толькі запраўляў палівам, ніводнай гайкі не падкруціў! Да мяне тады дайшло, што значыць эўрапейская цывілізацыя й культура вытворчасьці.

Дзьмітры Смольскі, 1955 год

ПРА САВЕТЫ

Я не трыбун. Ніколі на мітынгі не хадзіў. І я ж ня з тых людзей, якіх гнаілі. Я атрымаў ад савецкае ўлады ўсе ўзнагароды, якія толькі ёсьць — званьні, прэміі, ордэны, мэдалі. Бо ніколі агрэсіўна не выступаў, ня рваў на сабе кашулю. У музыцы я мог выказваць усё, што накіпела. Бо я ведаю, што такое савецкая ўлада. Я пражыў у гэтай эпосе ўсё сваё жыцьцё. Яна ўся прайшла празь мяне, праз маё нутро. У прынцыпе, усе мае творы — гэта ня тое, каб пратэст… Я ніколі пра гэта афіцыйна не гаварыў, але ў мяне шмат камэрных сачыненьняў, дзе я ня тое, каб зьдзекваюся… Іранізую з гімну Савецкага Саюзу, з падтэкстам, але многія гэтага ня чуюць.

Дзьмітры Смольскі, 1967 год

ПРА ПАРТЫЮ

З 1961 году я стаў сябрам Камуністычнае партыі. Перад тым райкам настойліва патрабаваў ад Саюзу кампазытараў новых папаўненьняў камуністаў. Праўда, я нікуды не ўваходзіў. Мяне рэкамэндавалі ў абкам, райкам, гаркам. Але я катэгарычна адмовіўся, сказаўшы, што я творчы чалавек, я нікуды не хачу. І ў 1990-м, як мне паведамілі пасьля, я стаў першым у Беларусі, хто падаў заяву на выхад з партыі ды здаў партбілет. З гэтае нагоды ў кансэрваторыі сабралі сход з прадстаўнікамі ЦК партыі, тых жа абкамаў, райкамаў, гаркамаў. Прымусілі мяне выступіць і патлумачыць, чаму я прыняў такое рашэньне. Я хвілін 15 тлумачыў. Бо я заўжды цікавіўся тэмай рэпрэсіяў, вельмі блізка прымаў гэта да сэрца. Не падзяляў гэтай філязофіі, гэтай ідэалёгіі. На тытульным лісьце маёй апошняй Сымфоніі №15 напісаныя словы Рэйгана: «Імпэрыя Зла». Анісімаў дырыгаваў на маім аўтарскім канцэрце да 75-годзьдзя, але сказаў: «Я баюся гэтую сымфонію выконваць». Бо ён быў на добрым рахунку ва ўладзе. У выніку дырыгаваў Бушкоў.

Вокладка дыску Best of Dmitry Smolski

ПРА КАНСУ

Калі памёр Алоўнікаў, мне сказалі: «Ёсьць меркаваньне прапанаваць Вам пасаду рэктара кансэрваторыі». Я адказаў, што я — зусім іншы чалавек, не валодаю талентам кіраўніка, што для мяне галоўнае ў жыцьці — ствараць музыку ды выкладаць. Яны паслухалі й прызначылі Лучанка. Калі да яго за подпісам прыходзілі бухгальтары, ён дакумэнтаў зусім не чытаў, а толькі заўжды пытаўся: «Ня сяду?» І падпісваў.

Дзьмітры Смольскі з сынам Віктарам, славутым сусьветным гітарыстам (1999)

ПРА ПАЭТАЎ

Па жыцьці я сябраваў з усімі паэтамі. Мы амаль аднагодкі былі з Бураўкіным, з Барадуліным. Безумоўна, я чытаў іх паэзію, яны хадзілі на мае канцэрты. А найбольш сябраваў з Валодзем Караткевічам — вось гэта быў мой самы любімы, самы блізкі сябар. Калі ён пісаў лібрэта да «Сівое легенды», дык, я ў яго фактычна жыў на вуліцы Карла Маркса: прыходзіў раніцою ды ўвечары сыходзіў. І Гілевіч жыў побач. Гілевіч мне да апошніх часоў тэлефанаваў, штодзень мы па гадзіне гаварылі. І за дзень да ягонае сьмерці таксама. Ён мяне называў «мой паплечнік». Мы аднадумцы зь ім былі поўнасьцю, і ў адносінах да ўлады. Толькі з паэтамі я меў асалоду размаўляць на беларускай мове. З усіх маіх вучняў, а іх было каля 70, па-беларуску размаўлялі толькі Стома й Сімаковіч. Многія ведаюць мову, але не размаўляюць.

Дзьмітры Смольскі, 2017 год, фота sb.by

ПРА НАСТУПНІКАЎ

Кожны чалавек адчувае, што яму патрэбна, да яго ён цягнецца. Сапраўды аматар музыкі будзе ёй служыць. Матэрыяльнае для яго — не аснова. І калі ў яго ёсьць патрэба выказацца, ёсьць талент і цяга, то ён павінен працаваць, павінен рабіць сваю справу, нягледзячы на цяжкасьці. Гэта яго крыж, яго прызваньне. І хацелася б, каб такіх людзей было больш. Яны ёсьць! Безумоўна, ёсьць. Але атмасфэра ня надта спрыяльная для таго, каб разьвіваўся чалавек у такім кірунку. Але павінныя прыйсьці новыя людзі, хаця жыцьцё вельмі складанае й непрадказальнае.

З буклета бокс-сэту Best of Dmitry Smolski

ПРА НАСТАЛЬГІЮ

Галоўная тэма маёй Сымфоніі №1 праходзіць праз усё жыцьцё. І я напісаў «Настальгію», сымфанічны твор, пабудаваны толькі на гэтай тэме. Мой апошні твор.

Узоры авангардных твораў 1960-х і фрагмэнты сымфоніяў Дзьмітрыя Смольскага з камэнтарамі аўтара можна пачуць у двух выданьнях радыёпраграмы «Кракатук» (першае выданьне/другое выданьне).

Віктар Сямашка, TuzinFM, загалоўнае фота Юрыя Мазалеўскага, sb.by