TuzinFM пераехаў у зону BY
3106 / 0
11.04.2017

TuzinFM пераехаў у зону BY

Па незалежных ад нас прычынах мы страцілі кантроль над ранейшым дамэнам, таму зарэгістраваліся ў зоне BY.

Цяпер пачытаць навіны са сьвету беларускай музыкай ды прагаласаваць за найлепшыя песьні, кліпы і альбомы беларускіх выканаўцаў можна па адрасе http://tuzinfm.by. Кіраўнік TuzinFM Сяргей Будкін кажа, што пераезд быў вымушанай мерай: «Па незалежных ад нас прычынах мы страцілі кантроль над ранейшым дамэнам, таму зарэгістраваліся ў зоне BY, дзе на тэхнічным узроўні не павінна быць ніякіх праблемаў. Але мы пакідаем назву праекту TuzinFM з разьлікам зрабіць у будучыні ўласнае радыё».

Партал TuzinFM працуе ў сеціве з 2003 году. Ён ініцыюе, праводзіць і падтрымлівае найбольш значныя падзеі ў беларускай музыцы. Сёлета разам з фондам «Вяртаньне» мы праводзім чацьверты сэзон конкурсу для маладых выканаўцаў «Засьпявай 4×, які сёлета пройдзе ў адукацыйным фармаце. Таксама рыхтуем музычны праект «(Не) расстраляная паэзія», у межах якога вядучыя беларускія музыкі запішуць песьні на вершы рэпрэсаваных паэтаў. Падрабязнасьці будуць неўзабаве!

Глядзіце таксама праект, над якім працуе наша каманда на тэлеканале Belsat — штотыднёвую музычную праграму Belsat Music Live.

На «Беларускім Радыё Рацыя» (Беласток, Горадня 98,1 FM; Берасьце 99,2 FM) штотыдня выходзіць радыёвэрсія нашага аўдыёчарту зь вядоўцам Алегам Хаменкам, а таксама «Музыка тыдня» — агляд апошніх беларускіх музычных навінак ад кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна.

Рэдакцыя TuzinFM (зьлева направа): Сяргей Будкін, Хрысьціна Дарапей, Яўген Шапчыц

У структуры сайту адбудуцца невялікія зьмены — мы скасоўваем разьдзелы «Жамерыны» і «Афіша». Стаўка будзе зроблена на нашы ўласныя праекты, прэм’еры песень у межах чартаў, а таксама на агляд беларускіх кліпаў і альбомаў. Заклікаем таксама далучацца да суполак TuzinFM у сацыяльных сетках.

Абавязкова падпісвайцеся на наш стрымінг-канал на Soundcloud, дзе на сёньня даступныя для праслухоўваньня каля 1500 трэкаў. Менавіта на яго мы пераводзім увесь наш аўдыёархіў за 14 гадоў. Канал таксама папаўняецца новымі песьнямі.

Новыя і даўнія кліпы, нашы відэапраекты, рарытэтныя запісы з гісторыі беларускай музыкі можна паглядзець на нашым Youtube-канале. Ужо цяпер у доступе каля 500 відэафайлаў, днямі мы перакрочылі мяжу ў 1 000 000 праглядаў.

Закулісныя бэкстэйджы ды рэдакцыйныя прыгоды адлюстраваныя на нашай старонцы ў Instagram, якая набрала ўжо блізку 12 000 падпісантаў.

Абнавілася наша старонка на Facebook, дзе будуць апэратыўна друкавацца апошнія навіны са сьвету беларускай музыкі. Займальныя аўдыёпадборкі, фота, відэа ды прэм’еры вас чакаюць на нашай афіцыйнай старонцы «ЎКантакце». Падпісвайцеся таксама на наш Twitter, дзе хутка інфармуем пра апошнія падзеі ў беларускай музыцы.

Сувязь з рэдакцыяй можна трымаць праз мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце нам свае заўвагі, прапановы па паляпшэньні працы, а таксама водгукі на нашую дзейнасьць! Ну, і натуральна новыя песьні, кліпы, альбомы, калі вы вызначаеце сябе беларускім музыкам.

TuzinFM.by