Альбом месяца — «Сьвята на дваіх» Юрыя Несьцярэнкі
2722 / 0
01.11.2016

Альбом месяца — «Сьвята на дваіх» Юрыя Несьцярэнкі

У першым туры альбомнага чарту перамог альбом дуэтаў «Сьвята на дваіх» Юрыя Несьцярэнкі, у запісе якога паўдзельнічалі гурты «Крама», «Палац», Пётар Ялфімаў, Вольга Акуліч, Ілона Карпюк ды іншыя выканаўцы.

Па выніку галасаваньня альбом «Сьвята на дваіх» набраў 292 галасы. Яго аўтар Юры Несьцярэнка перамозе ўзрадаваўся: «Пра галасаваньне вельмі позна даведаўся. Амаль палова туру ўжо прайшла. Але ж вось, у пэўны момант пачаў узгадваць тэхналёгію самой працэдуры — прагаласаваў за тых, хто меў мала галасоў, а пасьля падзяліўся са сваімі сябрамі і сваякамі, і яны ўжо працягвалі самастойна галасаваць ці за мяне, ці за тых, хто таксама ім спадабаўся».

Альбом «Сьвята на дваіх» Юры Несьцярэнка выдаў летась, да свайго 50-годзьдзя. У ім сабраныя песьні, засьпяваныя дуэтам з рознымі выканаўцамі.

Калі выйдзе новы альбом, ці прынамсі сынгл, Юры Несьцярэнка казаць не бярэцца. Як і пра найбліжэйшыя свае канцэрты. «Ані запісаў, ані канцэртаў няма. Хоць меркавалася зладзіць вялікі сольны канцэрт у Палацы культуры ў Магілёве, але так усё на ўзроўні плянаў і застаецца. Ня ведаю, як у іншых рэгіёнах, а ў нас тут соннае царства як было, так і засталося. Рэдкія мерапрыемствы здараюцца, але гэта ўсё бессыстэмна», — кажа выканаўца. Ён кажа, што апошнім часам больш займаецца напісаньнем тэкстаў, у тым ліку працуе над працягам кнігі «Звычайны шоў-бізнэс», якая пабачыла сьвет летась.

Tuzin.fm, фота Вольгі Акуліч