Nizkiz сыграе разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0» (аўдыё)
2178 / 0
12.06.2016

Nizkiz сыграе разам зь фіналістамі «Засьпявай 3.0» (аўдыё)

24 чэрвеня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 гурт Nizkiz з акустычным сэтам падтрымае выступ трох фіналістаў конкурсу «Засьпявай 3.0» — гурт SnopSnoǔ, Станіслава Чахоўскага і Яўгена Барышнікава.

Кожны зь фіналістаў конкурсу атрымаў магчымасьць выступіць з паўгадзінным сэтам у летняй сэрыі канцэртаў «Засьпявай 3.0», якія праходзяць у самым цэнтры гораду, на тэрасе кавярні Chill Out. Кожны зь іх можа прэтэндаваць на прызавы фонд конкурсу, які складае 1500 эўра.

Станіслаў Чахоўскі ўвайшоў у лік фіналістаў конкурсу зь песьняй на верш паэта Ігара Канановіча «Астэроід». Прычым для самога паэта гэта было поўнай нечаканасцю. «Вось гэта паварот! Ня думаў, што мой верш можа стаць асновай для джазавай кампазыцыі», — зазначыў Ігар у камэнтары ў суполцы конкурсу. Гэтую песьню сярод найлепшых у намінацыі «Сьпяваная паэзія» назвалі сябры журы Сяргей Балахонаў і Віталь Рыжкоў. А напісаў яе 22-гадовы студэнт унівэрсытэту культуры Станіслаў Чахоўскі, а гітарныя партыі сыграў 26-гадовы Дзяніс Шуйскі. На канцэрце Станіслаў сыграе конкурсную рэч і яшчэ некалькі песень разам з гуртом Sun Beat, у склад якога ўваходзіць.

Гурт SnopSnoǔ — фіналіст у намінацыі «Беларускі кавэр» і асабістыя фаварыты аднаго зь сябраў журы Лявона Вольскага. Яны зрабілі сваю вэрсію песьні «Я, да жалю, ня пан» з праекту «Народны альбом». У склад гурта, які быў заснаваны пры канцы мінулага году, уваходзіць тры музыкі: 23-гадовы Сяргей Іваноў (вакал, электроніка, сынтэзатары), 24-гадовы Раман Еляневіч (бас, сынтэзатар) і Раман Жарабцоў (гітара, сынтэзатары). У аснове гучаньня каманды сумесь рокавага і электроннага гуку. Цяпер SnopSnoǔ рыхтуюць да выданьня свой першы альбом пад назвай «Танцпляц». І ўжо паказалі першы сынгл зь яго — «Літасьць».

Намінацыю «Беларускі кавэр» таксама прадставіць на гэтым канцэрце Яўген Барышнікаў. Яго сярод сваіх фаварытаў называюць сябры журы Андрэй Хадановіч і Сяргей Пукст. Яўген — ужо досыць вядомы выканаўца ўласных песень, перамагаў на фэсьце «Бардаўская восень» (2010). Для конкурсу ён вырашыў зрабіць кавэр на вядомую песьню ВІА «Сябры» на словы Ніла Гілевіча «А я лягу-прылягу», якая ў яго інтэрпрэтацыі атрымала назву «Здарожыўся». «Песьня гэтая ў мяне заўжды асацыявалася выключна з савецкімі застольлямі — калі за сталом яшчэ сьпявалі, але ўжо толькі песьні з тэлевізара. Паглядзець на яе іначай прымусіў артыкул на „Тузіне“, дзе цытуюцца словы Ніла Гілевіча пра тое, што крый Бог гэтую песьню сьпяваць з усьмешачкай! Бо яна пра лучнасьць чалавечае душы зь вечнасьцю. Так, зь вялікім зьдзіўленьнем, я адкрыў для сябе праўдзівы сэнс тэксту гэтай песьні». Сваю вэрсію песьні выканаўца прысьвяціў памяці Ніла Гілевіча, які сёлета пайшоў у іншы сьвет.

Госьцем вечара будзе Nizkiz — адзін з самых актуальных беларускіх гуртоў. Музыкі рыхтуюць адмысловы 40-хвілінны сэт сваіх найлепшых песень, у які ўвойдуць у тым ліку і беларускамоўныя гіты.

Весьці канцэрт «Засьпявай 3.0» будзе Алег Хаменка.

Увага! У продажы толькі 50 квіткоў.

За ўсіх фіналістаў конкурсу можна таксама прагаласаваць на сайце Talaka.by, дзе ідзе вызначэньне найлепшага па меркаваньні народнага журы.

ЗАМОВІЦЬ КВІТКІ ОН-ЛАЙН

ДАЛУЧАЙЦЕСЯ ДА ПАДЗЕІ! FACEBOOK/УКАНТАКЦЕ

24.06. Менск, Chill Out (плошча Свабоды, 4, унутраны дворык). 19:00-22:00. Засьпявай 3.0: Яўген Барышнікаў, SnopSnoǔ, Станіслаў Чахоўскі і Sun Beat. Госьць — Nizkiz. Кошт квіткоў: 100 000 руб. (папярэдне), 150 000 руб. (у дзень, пры наяўнасьці). Інфа: +375 29 687-20-93.

Tuzin.fm