Яўген Карпаў: «Нашы музыкі ад пачатку падразаюць сабе крылы» (аўдыё)
3577 / 0
23.05.2016

Яўген Карпаў: «Нашы музыкі ад пачатку падразаюць сабе крылы» (аўдыё)

Рэдактар парталу Tut.by дзівіцца: няўжо ўдзельнікі конкурсу «Засьпявай 3.0» ня слухаюць і ня сочаць за навінамі сусьветных музычных выданьняў і топаў.

Па-шчырасьці, «Засьпявай 3.0» — адзін з самых складаных конкурсаў, у якіх мне даводзілася браць удзел у ролі члена журы. У мяне даўно склалася ўражаньне, што многія беларускія музыкі самі сабе падразаюць крылы і замест таго, каб імкнуцца ўзьляцець у завоблачныя высі сусьветнай музычнай індустрыі, з самага пачатку вырашаюць задавольвацца мясцовымі рэдкімі зярняткамі, а гэта тупіковы шлях у гэтай мясцовасьці, асабліва ў апошнія гадоў дзесяць.

Такое ж пачуцьцё ў мяне было і пры праслухоўваньні канкурсантаў намінацыяў «Беларускі кавэр» і «Замежны пераклад». Па-першае, дзіўны выбар некаторых кампазыцыяў для рэфлексаваньня. Няўжо маладыя выканаўцы ня слухаюць і ня сочаць за навінамі сусьветных музычных выданьняў і топаў? Паслухаць беларускамоўны кавэр на Adele, або Лану Дэль Рэй, ці the Weeknd, ну ці, на худы канец «Trap Queen», музыку да якой напісаў беларус Антон Мацулевіч, было б нашмат цікавей, чым у дзясяты і соты раз вэрсіі песень канца мінулага тысячагодзьдзя.

Па-другое, засмучаюць аранжыроўкі многіх кампазыцыяў. Для добрага кавэру недастаткова проста перайграць песьню адзін у адзін. Каб ня быць чарговым кавэр-бэндам, а заставацца артыстам, у музыцы павінны быць эмоцыі выканаўцы. Як варыянт, з элемэнтамі беларускага фальклёру. Гэта тое, што адрозьнівае нас ад артыстаў зь іншых краін. Думаю, гэта момант можна сьпісаць на маладосьць і неспрактыкаванасьць некаторых удзельнікаў.

У намінацыі «Паэзія» было некалькі вельмі моцных удзельнікаў, але ў цэлым, па музычнай лініі карціна тая ж.

Песьні ў рэйтынгах зьмяшчаюцца ў адвольным парадку.

Сьпяваная паэзія

Кэці Асраташвілі — Свабода (на словы Рыгора Барадуліна)

Ян Жанчак — Успаміны (на словы Барыса Жанчака)

Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)

Сон-трава — Горадзе наш (на словы Насты Кудасавай)

Тутэйшыя — Дзяцінства (на словы Тацяны Казановіч)

Беларускі кавэр

Ketri — На граной нядзелі (кавэр на «Палац»)

Кэці Асраташвілі — Калыханка (кавэр на «Песьняроў»)

U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)

SnopSnoǔ — Я да жалю ня пан (кавэр на «Народны альбом»)

Яўген Цярэнцьеў — Вераніка

Тутэйшыя — Чырвоны дыск Сонца (кавэр на «Без білета»)

Замежны пераклад

Прыводжу патрабаваныя шэсьць пазыцыяў, але скараціў бы да трох. Наогул, журба, хоць, здавалася бы, самая лёгкая намінацыя.

DW — So Far (HaBanot Nechama cover)

Яўген Цярэнцьеў — Ноч у ліпні (Кипелов cover)

Дыяна Аргер і Яўген Сірота — Хачу ўсяго (Queen cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

DrЫмоn — Позна для выбачай (One Republic feat.Timbaland cover)

Ксенія Тоўсьцік — Wicked Game (Chris Isaak cover)

Яўген Карпаў, для Tuzin.fm

Даведка ТГ: Яўген Карпаў — журналіст, прадстаўнік парталу Tut.by у журы конкурсу «Засьпявай 3.0». Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Бабруйску. Скончыў факультэт «Транспартныя камунікацыі» БНТУ. Працаваў вядучым шоў на радыё «Аплюс», карэспандэнтам Ultra-Music. Арганізатар музычнага праекту Re:Live клюбу Re:Public (2014). Аўтар артыкулаў пра беларускую музыку ў замежных СМІ, у тым ліку The Guardian і New Eastern Europe. Цяпер рэдактар рубрыкі «Далягляд» парталу Tut.by.