Глеб Лабадзенка: «Беларус пахваліў беларуса — і не памёр» (аўдыё)
4708 / 0
19.05.2016

Глеб Лабадзенка: «Беларус пахваліў беларуса — і не памёр» (аўдыё)

Мовазнаўца, перакладчык і паэт Глеб Лабадзенка агучыў свой рэйтынг найлепшых у кожнай з намінацыяў «Засьпявай 3.0» і пацешыўся з таго, што дзякуючы конкурсу зьявілася вельмі шмат песень па-беларуску.

Я ня ведаю, як ацэньваюць музыку тыя, хто ў ёй разьбіраецца. Мой крытэр вельмі просты — падабаецца/не падабаецца. А яшчэ, беручыся нешта судзіць, я стараюся памятаць дзьве фразы: «Зрабі лепш» і «Беларус пахваліў беларуса — і не памёр». Каб не трапляць у палон стэрэатыпаў і асабістых сымпатыяў, я слухаў гэтыя песьні ў машыне — каб ня ведаць адразу, хто гэта сьпявае, а проста цешыцца сьпевамі або перамотваць да наступнага.

Найбольш на слых спадабалася намінацыя «Кавэры». Ня дзіва, бо гэта пераможны шлях: узяць цудоўную песьню — і пастарацца яе не сапсаваць. З усіх песень намінацыі адабралася першасна 11—12. Мая воля — я б не выбіраў зь іх шэсьць, бо ўсе яны добрыя. І я дагэтуль ня ўпэўнены, што ўдалося цалкам абстрагавацца ад уласных сымпатыяў — калі казаць не пра гурты і выкананьне, а менавіта пра абраныя імі песьні. Што зробіш, люблю я «Вераніку», «Калыханку», люблю Вольскага (Мроя і N.R.M.) і страшна падабаецца песьня Сьвірыдавай у перакладзе Хадановіча «Пакуль», падабаюцца многія песьні  « J:морс». Уласна, так і адабралася патрэбная шасьцёрка: калі на любімыя песьні наклаўся талент іх новых выканаўцаў.

Вольга Міхаленка Пакуль (кавэр на Алену Сьвірыдаву)

U.G.oslavia — Фабрыка (кавэр на N.R.M.)

Яўген Сяргеюк — Многа неба (кавэр на J:Морс)

Яўген Цярэнцьеў — Вераніка (кавэр на «Песьняроў»)

Leibonik — Я рок-музыкант (кавэр на «Мрою»)

Кэці Асраташвілі — Калыханка (кавэр на «Песьняроў»)

У «Сьпяванай паэзіі» пасьля першага праслухоўваньня намаляваўся лідэр. Я вельмі люблю, калі ў людзей ёсьць пачуцьцё гумару. Пераймаюся, што яго ў цэлым не стае нашаму народу, асабліва вялікая праблема ў нас з самаіроніяй — якая кампэнсуецца празьмерным патасам. Што праўда, слухаючы песьню «Мірны хоп» у машыне, я падумаў што гэта перапеўка новага гіта Brutto — вельмі ўжо падобная да шаноўнага Сяргея Міхалка і манера выкананьня і сам гэты «трыбунны» верш. Але выйшла весела! Гурт «Тутэйшыя» стаў адкрыцьцём для мяне значна раней за гэты конкурс — яны былі ў нас на «Мове Нанова» і ўразілі ды запомніліся добрымі галасамі і добрымі тэкстамі. З Ільлём Фаляжынскім я таксама меў радасьць пазнаёміцца на занятках курсаў. Дужа таленавіты хлопец, далёка пойдзе! Пятро Клюеў — практычна жывы клясык. Я ўвогуле не разумею, што ён робіць у конкурсе для пачаткоўцаў. Таму і прапусьціў маладзейшых наперад Пятра. Але ж і не ўключыць яго ў шасьцёрку немагчыма — выдатная песьня, бліскучае выкананьне. Pauline і Ксенія Тоўсьцік таксама трапляюць сюды, бо гэта, бясспрэчна, і паэзія, і сьпяваная.

Ксенія Тоўсьцік — Келіх неба (на словы Анатоля Дэбіша)

Чтобы-чтобы — Мірны хоп (на словы Марыі Мартысевіч)

Pauline — Смутак гораду (на словы Ірыны Багдановіч)

Тутэйшыя — Дзяцінства (на словы Тацяны Казановіч)

Ільля Фаляжынскі — Хуткай дапамогі сьцяг (на словы Кацярыны Массэ)

Пятро Клюеў — Твае песьні (на словы Дашы Бялькевіч)

Намінацыя «Замежны пераклад» прымусіла пераслухоўваць песьні некалькі разоў — яўнай шасьцёркі лідэраў я тут не пабачыў увогуле. У Беларусі магутная школа і добрыя традыцыі перакладу. Хочаш ня хочаш, а памятаеш пра гэта, слухаючы далёка ня самыя ўдалыя тэксты. Чапляецца вуха за сукі і непагабляваныя радкі, не дае спакойна ўспрымаць гэтыя песьні. Тым часам, знайшліся сымпатычныя творы і тут. Што было прыемна, з гэтай шасьцёркі я ведаў толькі Мікіту Найдзёнава, астатнія гурты і выканаўцы сталі для мяне адкрыцьцём.

Ільля Санько — Не маўчы (Димна Суміш cover)

Ангеліна — Вольна як фэнікс (Conchita Wurst cover)

Bar Akaryna — Дзе кветкі ўсе (Pete Seeger cover)

Час лайна — Дзяўчына ня плач (Bob Marley cover)

Дзіма Нікановіч, Вольга Сацюк і Мікіта Найдзёнаў — За табой (Eros Ramazzotti cover)

Ліхтар — Сумую па табе (Blink-182 cover)

У цэлым пра конкурсныя песьні засталося некалькі агульных уражаньняў. Першае — зьявілася вельмі шмат новых песень па-беларуску, і гэта клясна! Другое — многія песьні «фонавыя» і вельмі роўныя між сабой. Такія будзеш слухаць у машыне — і не заўважыш, што пайшоў па трэцім коле. І трэцяе — што некаторыя выканаўцы раптам засьпявалі па-беларуску выключна ў спадзеве атрымаць запаветную прэмію і энную суму грошай. Хоць калі прыгадаць назву конкурса — «Засьпявай» — то мэта дасягнутая! Засьпявалі па-беларуску — вось самае важнае. А ўсё астатняе ўжо дэталі.

*усе песьні ў рэйтынгах Глеба Лабадзенкі падаюцца ў адвольным парадку

Глеб Лабадзенка, для Tuzin.fm

Даведка ТГ: Глеб Лабадзенка — паэт, журналіст, вядучы курсаў «Мова Нанова». Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй (2004), Інстытут журналістыкі БДУ (2009) і аддзяленьне філязофіі і літаратуры Беларускага калегіюму (2007). Сябра БАЖ, СБП і Беларускага ПЭН-цэнтру. У якасьці журналіста працаваў у газэтах «Камсамольская праўда ў Беларусі» і «Зьвязда». Аўтар кнігі паэзіі «Pager-вершы» (2005), кнігі моўных малюнкаў «дзіцячая заМова» (2013), «дзіцячая заМова-2» (2015), «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы» (2016), укладальнік непадцэнзурнага выданьня «Ладзьдзі Роспачы» Ўладзімера Караткевіча (2010). Пераможца літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай (2003), уладальнік гран-пры конкурсу «Дзень Зямлі-2004», пераможца літаратурнага конкурсу імя Франчэска Пэтраркі (2004), ляўрэат першай прэміі «Залаты апостраф» (2004), ляўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча за кнігу «дзіцячая заМова» (2013). Песьні на яго вершы і пераклады пяюць гурты HandmadE, Rahis, «Стокс», Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак ды іншыя.