«Ілі». Клюб, зроблены з думкаю пра гук
3224 / 0
27.01.2016

«Ілі». Клюб, зроблены з думкаю пра гук

У Менску зьявіўся новы клюб, які спалучае ў сабе канцэртную пляцоўку, студыю гуказапісу ды творчую лябараторыю. Клюб «Ілі» зрабілі музыкі з думкаю пра самае галоўнае — гук.

«Ілі» паўстаў на месцы клюбу «Салтайм», які зачыніўся ў 2014 годзе, але нічога супольнага з той пляцоўкай акрамя адрасу і назвы фірмы, якой належыць гэтае памяшканьне, ня мае. Пляцоўка перароблена цалкам, у ёй зьмененыя ўсе лякацыі. Сцэна перанесеная ды істотна павялічаная (цяпер яна каля 20 квадратаў), ссунуты бар, за кошт чаго павялічыўся танцпляц. Цяпер клюб можа зьмясьціць 150—200 чалавек, а то і болей. І самае галоўнае — праведзеная вялікая праца над паляпшэньнем акустыкі. Наогул, для кіраўнікоў «Ілі» гук — адзін з самых істотных момантаў, бо самі яны да музыкі маюць самае непасрэднае дачыненьне. «Гук у памяшканьні стаў рэальным без усялякіх стаячых хваляў і рэвэрбэрацыяў, якія псуюць настрой слухачам і музыкам. На залю будзе 5 кВт гуку, гэтага будзе цалкам дастаткова, каб разгайдаць», — распавядае дырэктар «Ілі» Яўген Бялоў, вядомы таксама як гітарыст гурта «Красные звёзды» і прадусар Георгія Дабро.

Яўген Бялоў

«У „Іli“ перавезенае ўжо гуказапісвальнае абсталяваньне. Мы дужа сур’ёзна замарочыліся з акустыкай памяшканьня, і я спадзяюся, што ў нас усё атрымалася. Таму ў клюбе мы можам цяпер якасна пісаць як канцэртны лайв, так і выкарыстоўваць гэтае памяшканьне як тон-залю. За кошт вялікай плошчы ў нас зьявіліся дадатковыя магчымасьці ў працы з гукам», — дадае Павал Юрцэвіч, кіраўнік студыі «Осмос», у мінулым удзельнік гурта Ы.Ы.Ы., які тут арт-дырэктарам.

Павал Юрцэвіч

Наогул жа, канцэпцыя «Ілі» — у прадастаўленьні наведніку выбару. У верхняй частцы памяшканьня знаходзіцца звычайны бар, унізе — канцэртная пляцоўка, яна ж пры патрэбе студыя гуказапісу. «Па-першае — гэта творчая лабараторыя, па-другое — опэн-спэйс, па-трэцяе — рок-клюб. Тут можна будзе рэалізоўваць якія заўгодна праекты: здымаць кліпы, запісваць музыку, канцэртныя альбомы, рэпэтаваць, працаваць мастаком, фатографам, дызайнэрам», — тлумачыць Яўген Бялоў.

Адносна музычнага фармату стваральнікі клюбу ня робяць аніякіх абмежаваньняў, акрэсьліваючы яго вельмі шырока «ад Каржа да акадэмічнай музыкі», аднак просяць пры гэтым не зьвяртацца да іх прадстаўнікоў «кандовай папсы» ды кавэр-бэнды.

У меню ўстановы стаўка будзе зроблена на закускі і недарогае сьвежае піва, пераважна ўкраінскае.

Адкрыць свае дзьверы клюб «Ілі» зьбіраецца ў другое палове лютага. Яўген Бялоў і Павал Юрцэвіч запрашаюць далучацца да іх каманды ўсіх ахвочых, хто здольны зрабіць унёсак у агульную справу (асаблівая патрэба ў SEO-адмыслоўцы). Сачыць за навінамі клюба можна праз Tuzin.fm, які стаў афіцыйным партнэрам новага месца, і праз афіцыйныя суполкі ўстановы ў Facebook і «ЎКантакце».

Інтэрвію Сяргея Будкіна зь Яўгенам Беловым і Паўлам Юрцэвічам можна пачытаць на сайце Budzma.by

Tuzin.fm, фота Павал Бакшэеў

за тры месяцы
за тры месяцы