«Маленьне за Беларусь» — шыкоўны альбом на вершы Барадуліна (прэм’ера!)
5594 / 0
17.12.2015

«Маленьне за Беларусь» — шыкоўны альбом на вершы Барадуліна (прэм’ера!)

Колішні ўдзельнік ансамблю «Песьняры» і гурту Rouble Zone Аляксандар Віслаўскі прэзэнтуе на Tuzin.fm альбом на вершы Рыгора Барадуліна, які запісаў ягоны новы праект Studio Neman.

Альбом «Маленьне за Беларусь» з тых, які ня мае тэрміна даўніны. Ён мог быць запісаны, скажам на пачатку 80-х, мог прагучаць у 90-х, а насамрэч выйшаў толькі што. Яго можна назваць старамодным і гэтае вызначэньне будзе пахвальбою. Як выпадкова ўключыць які-небудзь трэк, то можна падумаць, што гэта адна зь невядомых праграмаў мулявінскіх «Песьняроў». Пры ўсім тым асабістым, што ўкладалі аўтары гэтага альбому, не пакідае адчуваньне, што праектавалі яго Мулявін ды Барадулін. Сустрэліся, зрабілі па сотачцы, пагаманілі, павыбіралі вершы ды вырашылі зрабіць сумесную праграму — магутную, маштабную, кранальную зь песьнямі-развагамі над тым, што ёсьць Беларусь і як яе жыхарам захаваць сваю краіну і сябе ў ёй.

На самой справе, гэтая праграма паўстала ў выніку супрацы выдатнага музыкі, кампазытара і аранжыроўшчыка Аляксандра Віслаўскага з выканаўцам і паэтам Алесем Камоцкім. Аляксандар пяць гадоў таму ўдзельнічаў у запісе альбому «Вяровіца», аранжаваў песьні Алеся на вершы Рыгора Барадуліна. Музыка дужа прасякнуўся ягонай паэзіяй і ў яго паўсталі задумы ўласных песень. Рэалізаваў ён іх толькі летась. Першай з напісаных песень стала «Ерусалім».

«Я яе напісаў адразу ж, як вярнуўся з пахаваньня дзядзькі Рыгора, — кажа Аляксандар Віслаўскі. — Прыехаў, стаў за клявішы і так нарадзілася яе мэлёдыя, са сьлязьмі на вачох. Я думаў толькі пра тое, чаму ж не запісаў гэты альбом пры яго жыцьці. Магчыма, намаганьне аддаць даніну павагі вялікаму паэту і майму сябру, можа пачуцьцё віны мяне тады і падштурхнулі зрабіць гэты значны творчы крок. Ня ведаю дакладнага адказу, але ў выніку таго ўнутранага абуджэньня я запісаў амаль дзьве гадзіны музыкі. Цяпер мы разам з музыкамі адабралі 10 мэлёдыяў, якія ўвайшлі ў альбом».

Адкрывае альбом «Маленьне за Беларусь» сам Рыгор Барадулін, які чытае «Ойча наш». Што найперш усхвалявала аўтараў гэтай працы ў ягонай паэзіі? «Перадусім патрыятызм, грамадзянская лірыка, Барадулін зьвяртаўся да гістарычнай памяці беларусаў, да нашага асаблівага мэнталітэту. Я думаю, што ў альбоме ёсьць адказы на галоўныя пытаньні — як заставацца беларусамі і захаваць сваю ідэнтычнасьць», — кажа спадар Віслаўскі.

Альбом атрымаўся сапраўды прыгожым і грунтоўным, зь лёгкім прысмакам арт-року і джаз-року. Без прэтэнзіі, але ў самую сутнасьць. А «песьняроўская» нотка тлумачыцца проста — аўтар музыкі прайшоў школу «Песьняроў»: ён пачынаў у моладзевай студыі ансамблю «Песьняры» (1985), а потым увайшоў у склад ВІА пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна ў якасьці клявішніка і бэк-вакаліста (1987—1991), у гэты час менавіта ён саліраваў у «Александрыне» і стаў першым выканаўцам «Слуцкіх ткачых». У 90-х Аляксандар працаваў у аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і быў нават дарадцам прэзыдэнта па культуры, у сярэдзіне 90-х граў у складзе гурта «Рублёвая зона», а потым пераехаў на некаторы час у Польшчу, дзе працаваў у гурце «5th July». У 2004—2013 гадах выступаў у складзе адных зь «Песьняроў» (п/к Ігара Сьвечкіна).

Ствараць альбом «Маленьне за Беларусь» Аляксандру Віслаўскаму дапамагала прафэсійная каманда музыкаў, якія аб’ядналіся ў праект «Studio Nemаn». У лютым 2016-га музыкі зьбіраюцца зладзіць жывую прэзэнтацыю альбома.

STUDIO NEMAN МАЛЕНЬНЕ ЗА БЕЛАРУСЬ

(музыка Аляксандра Віслаўскага, вершы Рыгора Барадуліна)

1. Ойча наш — чытае Рыгор  Барадулін

2. Псалом 84   03:50                        

3. У шчасьці розныя  06:27                 

4. Сымон  04:28                             

5. Віно  04:07                                 

6. Ерусалім  05:19                            

7. Маленьне за Беларусь  03:54             

8. Гасподзь, затрымацца дазволь   04:22  

9. Біблія  05:46                                 

10.Радзіма каханьня   05:58                    

11.Гімн   03:18

Голас Рыгора Барадуліна запісаны на студыі гуказапісу «Studio Neman» у 2010 годзе

Аляксандар Віслаўскі вакал (2, 4, 6, 8, 10, 11 ), бэк-вакал, клявішы, бас-гітара

Сяргей Касарэўскі-Багарадаў вакал (3, 5, 7, 9), гітара

Алесь Собаль барабаны, пэркусія

Сюзана Собаль бэк-вакал

Алена Віслаўская скрыпка, дызайн вокладкі

Арцем Крышчановіч зьвядзеньне, майстарынг

Яўген Купрыянчык фота

Запіс — студыя гуказапісу «Studio Neman»

Музыку дзякуюць за дапамогу ў стварэньні альбома біскупу Леаніду Вараненку, Сяргею Карнюшку і Дзьмітрыю Рубіну.

СПАМПАВАЦЬ АЛЬБОМ АДНЫМ ФАЙЛАМ З TUZIN.FM

Cяргей Будкін, Tuzin.fm