!OUT: Ільля Пуцікаў выявіў «Птушыны трып» (прэзэнтацыя альбома)
4732 / 1
16.12.2015

!OUT: Ільля Пуцікаў выявіў «Птушыны трып» (прэзэнтацыя альбома)

Удзельнік гурту Yellow Power, пераможцы «Басовішча-2011», Ільля Пуцікаў прадстаўляе на Tuzin.fm сольны альбом «Birdy Trip».

Альбом Ільлі амаль цалкам інструмэнтальны ды амаль цалкам самастойны. Акром гітары, ён сыграў на клявішных інструмэнтах, калімбе, усялякіх дудзелках і на дзіцячым акардэоне «Малыш». Аўтар рады прэзэнтаваць свой творчы вынік на Tuzin.fm.

ТГ: Пасьля перамогі на «Басовішчы» гурт Yellow Power зьнік з культурных радараў, хаця й не разваліўся. Чым займаліся гэтыя чатыры гады?

Ільля: Патасна кажучы, мы займаліся ўнутранай альхіміяй. Да таго ж трэба было перажыць растаньне з часткай удзельнікаў, зь якімі мы пачыналі граць, а гэта досыць балючы працэс, бо гурт паўстаў сярод сяброў. Ля году ці больш мы шукалі новае сэрца. І ў гэты сумнеўны для сябе час мы запісалі ўтрох кавэр на «Всё, как у людей» «Гражданской Обороны».

ТГ: Чаму вырашылі зрабіць гэты альбом асобна ад гурту? Які ён па ліку ў Вашай сольнай дыскаграфіі?

Ільля: Пад імем ilya putsikau у 2013 годзе ў Сеціве быў прадстаўлены цалкам гітарны «instant/imhnenne», таму «Birdy Trip» — другі альбом. Мой творчы падыход — зрабіць адразу, тут і цяпер — характэрны і для таго, і для гэтага запісаў. Таму й асобна ад гурту.

ТГ: Можна неяк трапна вызначыць стыль, у якім выкананае «Птушынае падарожжа» (дарэчы, як лепш перакласьці назоў)? Пост-рок, эмбіент, псыхадэлія?..

Ільля: Я думаў пра варыянт «Птушынае падарожжа» таксама, але ён мяне не задаволіў. Слова «трып» гаворыць і пра нейкую ўнутраную вандроўку, таму вырашыў пакінуць працоўны варыянт назвы. Што тычыцца стылю, то адзінае, што я хацеў — стварыць маленькі ўласны музычны сусьвет. І калі гэта ў мяне сапраўды атрымалася, то стыль вызначыць ня так і проста.

ТГ: Альбом атрымаўся досыць такім цьмяным, пакаёвым. Нібыта размова дзяцей паўшэптам, калі яны схаваліся ад дарослых пад канапу ці ў шафу. Ён, пэўна, і запісваўся ў такіх умовах?

Ільля: Ствараў ды адразу запісваў у Менску ў малінаўскай аднапакаёўцы па вечарох, а часам і начох. З тымі інструмэнтамі, якія апынуліся пад рукой. Па волі лёсу музычную аснову задала калімба. Карцінка савы сіпухі, якая зьмяшчаецца на вокладцы, паслужыла першасным імпульсам, натхненьнем.

Першапачаткова я задумваў альбом як саўндтрэк да падарожжа чароўных птушак на Зямлю са сваёй дзівоснае плянэты, але ў пэўны момант зразумеў, што музыка крочыць далей за словы, таму ад літаральнае казачнае сюжэтнасьці адмовіўся. Але ўсё ж кампазыцыйная пасьлядоўнасьць захавалася: усе песьні ідуць у тым парадку, у якім яны былі створаныя.

ТГ: Ці можаце трошкі дыстанцыянавацца й выказаць свае адчуваньні ня як аўтара, а слухача гэтае музыкі?

Ільля: Магчыма, сум-спакой-радасьць.

ТГ: «Birdy Trip» выдатна падыйшоў бы й да нейкай паўстаноўкі ў лялечным тэатры

Ільля: Безумоўна! Гэта акурат да маёй першаснай ідэі стварыць казачны гукапіс з чароўным балотам, цёмным лесам, птушыным акіянам ды шэрым змрочным Менскам, у якім птушкам, зразумела, зусім нялёгка свае песьні сьпяваць.

ТГ: Калі параўноўваць з суайчыньнікамі, то Ваш альбом блізкі па духу да таго, што рабіў Іван Кілін са сваім праектам «айва». Толькі ў Вас гульня ў інфанта выйшла больш сумнай.

Ільля: Магчыма, пэўная сумная цацачнасць забясьпечаная досыць характэрным гукам калімбы. Ды й вялікім аматарам ісьляндцаў Múm і Sigur Rós у свой час я быў. У «айвы» ж мне падабаецца першая песьня зь першага альбома — «пугливые уточки не едят лимонное печенье».

ТГ: У адзінай песьні на альбоме «Birdy Trip» сьпявае Ваш брат Дзяніс?

Ільля: Так. Вельмі доўга я думаў, што змагу сам, але нічога ня выйшла… Таму цалкам натуральным рашэньнем было зьвярнуцца па дапамогу да брата.

ТГ: Даходзяць чуткі, што Yellow Power, дзе Вы граеце разам з братам, таксама рыхтуе альбом.

Ільля: Так, бубны былі запісаны на днях! Гэты неверагодны ўчынак зьдзейсьніў Дзяніс Кудраўцаў — вельмі таленавіты музыка-мультыінструмэнталіст, а таксама плённы кіналетуценьнік. Дзёня, зь якім я пазнаёміўся па дарозе на фэстываль «КІНЕМО» ў музэй Азгура, узьняў наш гурт на новую прыступку, і я спадзяюся, што цягам пухнатае сьнежнае зімы дэбютны альбом мы нарэшце запішам!

ТГ: Ці праўда, што Вы рэпэтуеце ў адным месцы з Teleport з TonqiXod? Не хацелі б стварыць супольную арт-структуру?

Ільля: Сапраўды трымаемся разам ужо дастаткова даўно. Мы дапамагаем адзін аднаму ў тэхнічным пляне, часам выступаем разам. Хлопцы вельмі дапамаглі нам з абсталяваньнем для запісу, за што ім вялікая ўдзячнасьць. Пра супольную арт-структуру, па шчырасьці, думак пакуль не было.

Спампаваць альбом Ільлі Пуцікава «Birdy Trip» адным файлам з GoogleDrive

Ільля Пуцікаў ды яго гурт у сацсетках — soundcloud/УКантакце/facebook

Размаўляў Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Николай Пахомчик
    Николай Пахомчик / адказаць
    19.12.2015 / 01:12

    Я конечно не дипломированный критик... но по моему это превосходно. И это не сарказм.

  • КАМЕНТАВАЦЬ