Oktoberfest у Камарове скончыцца панк-рок вечарынай!
2373 / 1
06.10.2015

Oktoberfest у Камарове скончыцца панк-рок вечарынай!

На закрыцьці першага беларускага Oktoberfest’у 10 кастрычніка ў кавярні «Камарова village» зайграюць гурты «Тлушч», Pomidor/off i Dzieciuki.

10 кастрычніка ў Камарове будзе па-сапраўднаму горача. Свае драйвовыя сэты рыхтуюць вядучыя прадстаўнікі беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Малады і амбітны панк-рок гурт «Тлушч» пакажа адмысловую праграму, зь якой выступаў падчас мінулагодняга Oktoberfest у Hюрнбэргу. «Мы зайграем найлепшыя свае сьпевы — сумесь дыска, панку, ска і глэму ў гуку тлусьцейшым за баварскія кілбаскі. Іх прыхільна прынялі нямецкія слухачы, а сёлета зьбіраемся павесяліць сваімі песьнямі і землякоў», — кажа вакаліст гурту Павал Белы.

Поўны гук і адрыў абяцае і Аляксандар Памідораў, які ўжо ўдзельнічаў у Oktoberfest у Камарове з сваім блюзавым праектам «П’яныя госьці» і дужа парадаваўся нязмушанай атмасфэры сьвята. Цяпер музыка сыграе электрычны сэт з сваім асноўным гуртом — Pomidor/off, у які ўвойдуць найлепшыя нумары з альбомаў «Сьвята пакрадзенае» і «Патас/Попс/Прапаганда».

Стаўку на вясёлыя песні зробяць і госьці з Горадні — фольк-панк гурт Dzieciuki, які завершыць сёлетні фэстываль. «Сама імпрэза задае настрой нашаму сэту, так што сумна ня будзе. Спадзяемся сярод іншага сыграць і наш кавэр на песьню „Streams of Whiskey“ гурту The Pogues. Яе вольны пераклад для нас зрабіў паэт Андрэй Хадановіч. Песьня не пра піва, але тэматыка зразумелая для ўсіх», — усьміхаецца вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ 10 КАСТРЫЧНІКА

Кошт квітка — 200 000 (папярэдне), 250 000 (на ўваходзе). Інфалінія: +375 29 676-81-95. Браніраваньне столікаў на канцэрт — +375 44 538-89-88.

Прыяжджаць у Камарова (5 км ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце — схема праезду. Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная — Камарова, Камарова — д/с Дружная з 16:00 да 0:00. Расклад руху можна паглядзець у афіцыйных суполках «УКантакце» і Facebook.

Tuzin.fm, фота Tarantino, PhotoBreak, Яўгена Ярчака

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    07.10.2015 / 17:48

    Важная інфармацыя для тых, хто хоча дабірацца да Камарова на маршрутным таксі (праезд бясплатны). Адпраўленьне з Дружнай, а дакладней з прыпынку па вул.Талстоя. Расклад такі: 16.00, 17.20, 18.30, 19.30, 20.30, 21.30, 22.30, 23.30 Адпраўленьне з Камарова: 16.40, 18.00, 19.00, 20.00, 21.00, 22.00, 23.00, 0.00

  • КАМЕНТАВАЦЬ