Фіналісты «Засьпявай 2.0» Symphorine выступяць разам з Leibonik (аўдыё/відэа)
2816 / 0
22.07.2015

Фіналісты «Засьпявай 2.0» Symphorine выступяць разам з Leibonik (аўдыё/відэа)

31 ліпеня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 выступіць гурт Symphorine, а госьцем будзе пераможца ў намінацыі «Дэбют» на прэміі «Героі году — 2014» — гурт Сяргея Башлыкевіча Leibonik. Пазытыўны настрой гарантаваны!

Гурт Symphorine ўдзельнічаў у конкурсе «Засьпявай 2.0» адразу ў дзьвюх намінацыях. У намінацыі «Паэзія» яны прадставілі песьню «Наперад» на верш Віктара Лупасіна, якая аказалася першай аўтарскай кампазыцыяй каманды. А на «Кавэр» была пададзена свая вэрсія песьні Лявона Вольскага «Госьці», дзякуючы якой музыкі і прайшлі ў фінал конкурсу.

У Symphorine ўваходзяць прафэсійныя музыкі, ляўрэаты разнастайных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Узрост музыкаў 22—26 гадоў. Спэцыялізуюцца яны якраз на выкананьнях сусьветных кавэраў ва ўласных аранжыроўках. Стаўку робяць на скрыпку і віяланчэль разам зь яркімі галасамі салістак Марыны Вярэніч і Ганны Дашкевіч пад акампанэмэнт кантрабаса, клявішных і ўдарных. Дзяўчыны сьведчаць, што іх выступ нікога не пакідае абыякавым.

Нікога ніколі не пакідае абыякавым і Сяргей Башлыкевіч, які разам з сваім гуртом Leibonik летась атрымаў прэмію «Героі году» ў намінацыі «Дэбют». 31 ліпеня музыкі сыграюць сэт з сваіх найлепшых песень. Башлыкевіч мае багата ўласных кампазыцыяў, але таксама вельмі любіць граць кавэры, прычым адаптуе іх пад беларускія рэаліі. Пэўна галоўны гіт Leibonik — песьня «О Купала» ёсьць пераасэнсаваньнем знакамітага поп-гіту «Rock Me Amadeus» Falco.

Па выніку летніх канцэртаў маладых выканаўцаў будуць вызначаныя пераможцы конкурсу «Засьпявай 2.0», які праводзіць партал Tuzin.fm і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Прызавы фонд конкурсу складае 1000 эўра.

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ SYMPHORINE I LEIBONIK

31.07. 20:00. Тэраса кавярні Chill-Out (плошча Свабоды, 4). Symphorine пры падтрымцы Leibonik. Інфалінія: +375-29-687-20-93. Квіткі — у касах Kvitki.by і он-лайн. Кошт: 60 000 — 80 000 (папярэдне), 100 000 (у дзень).

Tuzin.fm