Хрысьціна Дарапей. Дзёньнікі першагодкі з «Басовішча-2015» (відэа)
3334 / 0
20.07.2015

Хрысьціна Дарапей. Дзёньнікі першагодкі з «Басовішча-2015» (відэа)

Сёлета ад Tuzin.fm на XXVI фэстываль музыкі маладой Беларусі паехала намесьніца галоўнага рэдактара Хрысьціна Дарапей. Па вяртаньні яна публікуе дзёньнік, які вяла на сваім першым «Басовішчы».

Вырасла цэлае пакаленьне, якое ня памятае Беларусі (ні маладой, ні сталай) без «Басовішча». Для гэтай генэрацыі «Басовішча» — культавая зьява, тое самае амаль мітычнае месца, дзе зашкальвае колькасьць аднадумцаў на мэтар квадратны, дзе можна пагутарыць з улюбёнымі музыкамі за бігасам і півам, дзе сустрэліся нечыя мама і тата (сур’ёзна, ведаю нават такіх). І вось прыйшоў мой час пабачыць на свае вочы, што ж адбываецца ў Борыку ля Гарадку. Ды акалічнасьць майго прыезду была ў тым, што я не дабіралася на перакладных, ня ночыла ў намётавым мястэчку, а адразу прыехала як сябра журы ад tuzin.fm і мела блакітны бранзалет backstage.

Пра «Басовішча» я чула столькі легендаў і казак былых пакаленьняў ды рэальных гісторыяў маіх аднагодак, што непазьбежнасьць прынамсі лёгкага культурнага шоку была відавочнай. Відавочна было, што і гэты матэрыял я рабіцьму не на падставе цьвярозага параўнаньня з папярэднімі гадамі, а троху сп’янелая ад сьвежых уражаньняў. Таму калі ўжо быць суб’ектыўнай, то да канца — цягам усяго «Басовішча» я вяла дзёньнік, рэальнымі запісамі зь якога і дзялюся цяпер.

ДЗЕНЬ НУЛЯВЫ. 16 ЛІПЕНЯ

17:00. Вырушыла зь Менску разам з Пашам і Максам, якія на «Басовішча» езьдзяць даўно і прафэсійна. «А, дык ты ўпершыню едзеш! Ну, дзетачка, ты галоўнае не губляй галавы, бо яна зь непрывычкі пачынае кружыцца ад рок-н-ролу ды сасновага водару ў Борыку», ― раяць мне хлопцы.

22:00. Мы ў Гарадку. Жытлом на першую ноч нас забясьпечвае пані Міра (як мне патлумачылі, культавая постаць «Басовішча», якая дае прытулак сьціплым зоркам беларускага рок-н-ролу ўжо колькі дзесяцігодзьдзяў). Ля брамы тусуюцца хлопцы з гурта Памідорава, ідзе жывое абмеркаваньне «прадукціку» (гэта, магчыма, той самы слынны бімбер, але лепей мне ня ведаць).

23:00. Зь лесу на чыстыя, зялёныя і прасторныя вуліцы Гарадку далятаюць урыўкі сола на электрагітары. Значыць, у Борыку ўжо нейкі дзьвіж. Рушым на гук у лес.

23:30. На начны саўнд-чэк трапіць не атрымалася, але мы хутка знайшлі суцяшэньне. З-за столікаў, што стаяць ля сцэны, чуюцца куплеты зь песень Dzieciuki. Падыходзім бліжэй — зь дзясятак панкаў культурна абмяркоўваюць сучасны стан беларускай музыкі. Нас гасьцінна запрашаюць далучыцца.

Мае спадарожнікі не пасьпелі раскрыць рот, як я ўжо зь дзясятак разоў (па колькасьці прысутных панкаў) паўтарыла мантру «Хрысьціна. Вельмі прыемна» ды заняла найвыгоднейшы пункт агляду ― трэба ж улівацца ў тусоўку!

23:45. Ужо ўсе на «ты». Пры бліжэйшым разглядзе панкі выявіліся інтэлігентамі (напрыклад, мой сусед па лавачцы — магістар філялёгіі). Хлопец, вядомы ў інтэрнэтах як Спадар Сьпірт, прамаўляе палымяную прамову для тых, хто на Басах упершыню, у фінале зазначае: «Да нядзелі вы ўсё зразумееце!» (гучыць ці то як пагроза, ці то як лёгкая зайздрасьць, што сёлета толькі мы можам перажыць першае ў жыцьці «Басовішча»).

01:00. Пакінула інтэлігентных панкаў у кампаніі заснавальніка Ultra-Musiс ды артсядзібаўцаў, а сама іду спаць. Можа, і варта было б застацца і пачуць шмат чаго займальнага, але я падыходжу да справы з усёю адказнасьцю маладога спэцыяліста — ім заўтра тусіць, а мне ж працаваць!

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ. 17 ЛІПЕНЯ

11:00. Якія мэтамарфозы! На тэрасе ля гатэлю ўчорашнія лясныя суразмоўцы папіваюць каву з парцалянавых філіжанак. Засяляюся ў гатэль, па сьпісе бачу, што у суседнім нумары жыве пан Вольскі (калі гэта Лявон, то значыць, праўду казалі старажылы «Басовішча» пра непасрэдную блізкасьць любімых музыкаў).

17:00. Пачатак конкурсу. Хм, я думала на Басах усё больш андэграўндна, а тут культурна — пляцоўка фэсту агароджана, ёсьць зоны адпачынку, ахоўнікі ўсьміхаюцца. А сяброў журы нават пасадзілі ў шэзлонгі для найлепшага ўспрыманьня музыкі. Уласная vip-ложа, далібог! Слухаю Navi.

17:30. Граюць TonqiXod. На танцпляцы ёсьць людзі, якія па-заліхвацку танчаць ды ведаюць на памяць тэксты.

18:10. Exegutor пачынае валіць мэтал. Цікавая карціна адкрываецца з майго месца ― саліст матляе сваімі даўжэзнымі валасамі, а ля самое сцэны двое абсалютна лысых чувакоў спрабуюць рабіць тое ж самае. І поруч сямёра чалавек спрабуюць слэміцца на пакуль што пустым танцпляцы.

18:20. О, іх ужо дзевяцёра. «Слухайце музыку зь яйкамі!» — раіць сваім фанатам саліст.

18:40. Бліжэй да выступу By Cry публіка разагрэлася. На танцпляцы нарэшце зьявіўся БЧБ.

19:10. Конкурсная частка скончылася. Сябры журы (а сёлета гэта па адным прадстаўніку арганізатараў зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў і фонду VillaSokrates, шматгадовая арганізатарка «Басовішча» і вакалістка гурта Ilo&Friends Ілона Карпюк, музыка і мастак Юры Асеньнік, журналіст і музыка Лукаш Сьцепанюк і я ўласнай пэрсонай) ідуць на нараду. Мы сядаем проста на зямлю за сцэнай ды пачынаем абмеркаваньне. Па тварах калег чытаецца, што галасаваньне ня будзе лёгкім: выбіраць давядзецца з чатырох абсалютна розных камандаў.

19:30. Вылучылі двух фаварытаў — Navi і TonqiXod. Складаем табліцу і ацэньваем па крытэрах — «музыка», «тэксты», «выкананьне», «цэльнасьць», «значнасьць для жанру», «канцэпцыя» ды іншае. Роўная колькасьць балаў. Меркаваньні зноў разьдзяліліся.

19:50. Конкурс «Басовішча» існуе, каб паказаць, што чакае беларускаю музыку ды падтрымаць найцікавейшыя яе праявы. Таму даем дзьве ўзнагароды, бо параўноўваць жыцьцесьцьвярджальны поп-рок Navі ды псыхадэлічны арт-рок TonqiXod ― дзіўна на памежжы зь некарэктнасьцю. На нашую думку, назваць, хто за каго лепшы, нельга. Пераможцаў будзе двое — кропка.

20:20. У перадфэстывальнай зоне размаўляю з ашчасьліўленым пакуль што інсайдэрскай навіной пра перамогу бубначом TonqiXod Андрэем. Нейкі паляк просіць дазволу далучыцца да нашай кампаніі і пачынае распавядаць пра свае выезды на «Басовішча» з настолькі барадатага году, што Андрэй зьдзіўляецца: «Аб чым тут казаць! Мне было чатыры, калі ён ужо фэстываліў» (я наогул адказваю загадкавай усьмешкай, бо мяне ў тым годзе не было нават у праекце).

21:10. На сцэне Ilo&Friends. «Вось цяпер „Басовішча“ пачалося», — зазначае хтось з колішніх арганізатараў.

23:40. Re1ikt граюць напаўголыя. Неверагодная хваля энэргіі накрывае ўсіх.

00:10. Volski на сцэне. Уладзь з TonqiXod у позе знаўцы зазначае: «Пасьля Re1ikt лабаць цяжка. Адзін спадзеў, што ўсе тэксты знаюць і разумеюць». Як выявілася, усе ўсё разумеюць і ведаюць, бо натоўп хорам сьпявае нават песьні з новага «Грамадазнаўства».

00:45. «Лявон Артуравіч, я цябе люблю, але на першым „Басовішчы“ мушу зьведаць усё», — з такімі думкамі думкамі я пакідаю Борык, бо лясную бяседу панкаў бачыла, дзьвіж на фэсьце і ў намётавым мястэчку зацаніла, духам backstage праніклася — засталася хіба што after-party з музыкамі. Еду!

01:45. Ужо гадзіну міла папіваем гарбату з Re1ikt. Яны хорам сьпяваюць свае ўлюбёныя песьні. Узровень мэнтальнай еднасьці такі, што яшчэ трошку і хлопцы дазволяць заплятаць ім базылькі ў бараду.

01:47. Re1ikt поўным складам засьпяваў «Палац»! О, каб такое пачуць, варта было прабівацца на мяжы праз суайчыньнікаў, што выбраліся «на закупы». На гэтай аптымістычнай ноце я пакідаю хлопцаў у кампаніі іх польскіх сяброў.

02:48. О, а сапраўды, Лявон Вольскі жыве ў суседнім нумары. Я на паверсе сэлебрытыс, ёў!

ДЗЕНЬ ДРУГІ. 18 ЛІПЕНЯ

18:00. Казаў мне калега Яўген: «Не бывае такога, каб на „Басовішчы“ не было дажджу». Сурочыў, далібог, ― вынікі абвешчаны, пераможцы Navi граюць сэт, а вакол залева і маланкі. Большасьць хаваецца пад дахамі, самыя адданыя аматары музыкі танчаць пад дажджом. Я зь імі.

18:20. Дзесяць хвілін да выхаду TonqiXod. Раптам Уладзь са сваёй фірмовай іранічнай інтанацыяй кажа: «Нас адусюль гналі, не пускалі на сцэну, не разумелі, а цяпер…» — «А цяпер таксама не разумеюць», ― працягвае Андрэй. Спэцыфічныя жарты ў гэтых пераможцаў.

19:10. Ня ведаю, у якіх творчых адносінах былі Navi і TonqiXod да гэтай сумеснай перамогі, але цяпер яны выглядаюць як найлепшыя сябры ― Ксюша баіць Максіму, Арцём нешта даводзіць Уладзю.

20:15. Пераможцы ўсё яшчэ не адыходзіць адзін ад аднога. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве штось разам і запішуць.

21:00. Pomidor/Off на сцэне. Змрок над лесам, харызматычная музыка і сьцягі лунаюць у рытм песень ― па-мойму, я толькі што адчула тое самае «Басовішча», дзеля якога варта прыяжджаць сюды штогод.

22:30. Граюць Brutto, сьцягі цяпер рэзка разрываюць паветра ды скочуць разам з натоўпам. А я нарэшце сустрэла сяброў-Дзецюкоў. «Brutto ў нас на разагрэве». Жарты-жартамі, а не паспрачаесься ж.

01:00. Dzieciuki закрываюць музычную частку другога фэстывальнага дня. Запальваюць як мае быць, нягледзячы на баявыя раненьні некаторых музыкаў.

ДЗЕНЬ ТРЭЦІ. 19 ЛІПЕНЯ

07:00. Зьбіраемся ў зваротны шлях. Сёньня ўвечары яшчэ граюць Port Mone, але на іх выступ, на жаль, ня траплю. Ля гатэлю гурткамі стаяць наведнікі фэсту з троху змучанымі, але ж шчасьлівымі тварамі — усе нібыта родныя. Зьяжджаю натхнёная і поўная сьветлых пачуцьцяў. Пабачымся праз год, Басовішча!

Хрысьціна Дарапей, Tuzin.fm, фота — Радыё Рацыя, відэа — Алесь Кот-Зайцаў