Тацяна Заміроўская. Go, Hena, Go!
3035 / 1
21.03.2015

Тацяна Заміроўская. Go, Hena, Go!

Генадзь Старыкаў такі, якім яго памятае Тацяна Заміроўская. Вельмі асабісты ўспамін, які напісаўся пад уражаньнем ад навіны пра сыход яскравага, дзіўнага і непаўторнага пэрсанажу беларускай музыкі.

Учора памёр Гена Старыкаў, заснавальнік менскага «Стар-клюбу»: містычнай і досыць лёгкадумнай паўзакрытай блюз-рокавай тусоўкі, у якой я правяла ўсё дзяцінства. Адчула раптам, што мне жах як яго шкада ці то яго самога, ці то ўласнай юнацкасьці, ня вельмі зразумела. На самай справе, у 90-я ў «Стар-клюбе» было дзіка весела — там выступалі амаль усе беларускія актуальныя музыкі, скажам, тыя ж N.R.M. там прэзэнтавалі новыя песьні з альбому «Тры чарапахі», Памідораў рэгулярна ладзіў вар’яцкія імправізацыі з кавэрамі на Боба Марлі, на сцэне пэрыядычна зьяўляліся то Ўладзімер Угольнік, то Вераніка Круглова і Зьміцер Вайцюшкевіч, ня кажучы ўжо пра тое, што Сьвет таксама пачынаў менавіта там. У прынцыпе, гэта і была такая прастора, дзе ўсе так ці інакш пачыналі асабіста я пазнаёмілася амаль з усімі сваімі музычнымі сябрамі менавіта на гэтых канцэртах. Гэтае мілае асяродзьдзе «Стар-клюбу» 90-х было абавязковай, найважнейшай традыцыяй, чымсьці накшталт нашага CBGB, Haçienda ці «Cтудыі 54». Я рэгулярна цягала туды сваіх сяброў. Пад нашыя танцы на нас проста са сцэны падалі нейкія п’яныя вясёлыя легенды беларускага року. Аднойчы мы вырашылі пакпіць з Гены Старыкава, набылі клей «Момент» і сталі яго нюхаць проста за столікам з пакета. Ну гэта значыць было проста прыўкрасна менавіта такая штука пра квітнеючае і непараборлівае шалёнае юнацтва, якая абавязкова павінна быць у кожнага.

На фота: Піт Паўлаў і Генадзь Старыкаў на адным з паседжаньняў «Стар-клюбу», канец 90-х.

Потым «Стар-клюб» перайшоў у нейкую іншую фазу свайго разьвіцьця, я пасталела і стала глядзець на музыку і падобныя мерапрыемствы больш крытычна, карацей, шмат што зьмянілася. «Стар-клюб» і яго мерапрыемствы пачалі мне здавацца нейкімі шчымліва-цацачнымі. Старыкаў пачаў выдумляць сымфоніі і наогул мысьліць акадэмічнымі маштабамі. Ён меў мару зладзіць фэстываль памяці менскага біт-фэстывалю-1968. Сьвет стаў супэрзоркай, а потым памёр. Карацей, звычайнае дарослае жыцьцё. З часам я пачала разумець, што ў пэўнай пэрспэктыве майго будучага ў нас са Старыкавым, які пэрыядычна ўсе ладзіў нейкія шаленыя і вар’яцкія пражэкты (менскі «Вудсток», філіял блюзавага клюбу ў Сан-Францыска, запіс гімну памяці Джона Ленана, дапусьцім, разам зь Ёка Она, напісаньне кнігі-бэстсэлера з гісторыяй свайго жыцьця), насамрэч на дзіва шмат агульнага. Я фактычна таксама чалавек, які ў юнацтве побач зь нейкімі будучымі легендамі ледзь-ледзь пастаяў, а потым спрабаваў проста рабіць нешта добрае, мілае і вясёлае, але сам так і не зрабіўся нічым іншым, акрамя гэтай вось злучнай ніткі, зіхатлівага сьведкі ўсяго прызабытага і мітычнага. Але гэта, вядома, і ёсьць галоўнае. Старыкаў быў кімсьці накшталт бласлаўлёнага, бяскрыўднага трыксьцера, вечнага захопленнага падлетка, зачараванага гэтым мітічным сьветам Рок-н-ролу і пры гэтым схітрыўся ўсё ж стаць легендай — цяпер гэта відавочна, і мне сумна, што раней я гэтага не ўсьведамляла, успрымаючы яго як аднаго з самых дзіўных пэрсанажаў беларускай музыкі — пэрсанажаў, якія наўрад ці могуць пераўтварыцца ў легенду. Але, як я цяпер разумею, я памылялася. Менавіта такія людзі і пераўтвараюцца ў легенду.

На фота: Генадзь Старыкаў (крайні справа) у складзе гурта «Альгарытмы», фота скарыстанае ў афармленьні рарытэтнага выданьня максы-сынглу, выдадзенага ў 2014 годзе

«Срэбны блюз! — парадзіравалі мы яго бясконцыя сэрыі кампазытарскіх вынаходак, — Залаты блюз! Драўляны блюз! Алавяны блюз! Пла-ці-на-вы!» Папяровы блюз, які заўгодна блюз цяпер сьмешна, але мэлёдыю срэбнага я памятаю да гэтага часу, якой бы яна ні была, гэта ня вельмі важна памятаю і ўсё тут.

Мы разам правялі тры ашаламляльныя канцэрты і гэта, магчыма, самы сумленны вопыт, які можна было зь ім падзяліць больш сумленны, скажам так, чым сумесны джэм вакол якога-небудзь караванчыка. Першым быў канцэрт Rolling Stones у 1998 годзе ў Маскве, тады мы і пазнаёміліся проста ў аўтобусе, як належыць. Другім — канцэрт Пола Макартні ў 2008 годзе ў Кіеве. Гэта таксама быў аўтобус, які, памятаецца, усё спрабаваў выехаць нафіг з трасы і разьбіцца — кіроўца дзяўбаў носам і пэрыядычна падаў ўсім сваім сонным, ватавым целам на ўтульнае, падобнае на падушачку стырно колераў сьвітанку. Трэцім быў канцэрт Джона Маклафліна ў Менску, на якім Гена настолькі расчуліўся ад сузіраньня куміра, што запаў у натуральную гістэрыку: яго нават прыйшлося вывесьці з залі, настолькі ён ня мог хаваць эмоцыі, якія праз край перапаўнялі яго. Мне наогул здаецца, што людзі бачылі яго калі ён рагатаў (часта), ці калі плакаў (рэдка, але таксама было), але без усялякіх там прамежкавых стадыяў, бяз гэтай беларускай нацыянальнай лірычнай фрустрацыі — такога ў яго не было ніколі. І гэтая вось штука — няхітрая яго, неверагодная, хваравітая нават нейкая немагчымасьць хаваць эмоцыі — бадай галоўнае, што я б хацела пра яго памятаць.

На фота: Генадзь Старыкаў з толькі што здабытай новай кружэлкай «Abbey Road»

«Напішам з табой пра мяне кнігу!» — рэгулярна казаў ён мне амаль пры кожнай сустрэчы (як, зрэшты, і любому іншаму журналісту). А я, як належыць з усьмешкаю пераводзіла размову на якую-небудзь іншую тэму, або радасна і бессэнсоўна згаджалася, ведаючы, што гэты пражэкт ўсё роўна ніколі не адбудзецца. Але напэўна, яму было б прыемна, калі б я нешта пра яго напісала — і, мабыць, таму я ўсё ж такі нешта пра яго напісала.

«Давай, Джон! Давай! Палі! Малайчына!» — захоплена і абурана крычаў ён ужо, здаецца, з-за дзьвярэй, калі яго спрабавалі прыбраць з канцэрту Маклафліна. І хоць забіце, мне падабаецца, што ён застаўся ў маёй памяці такім вось наіўным і хуліганістым 60-гадовым падлеткам, які наогул нічога і ніяк ня мог зрабіць з гэтай сваёй гіганцкай, неажыцьцяўляльнай, непад’ёмнай любоўю да музыкі. Упэўненая, што калі яго адводзілі пад рукі анёлы на нябёсы, ён таксама вырываўся і крычаў: «Давай, Джон! Малайчына, палі!»

Дзякуй, усім было весела, і ўсё гэта, аказваецца, было не дарма.

Тацяна Заміроўская

КАМЕНТАРЫ: