Канцэрт Вайцюшкевіча ў «Піратах» не адбудзецца (дапоўнена)
5163 / 5
06.02.2015

Канцэрт Вайцюшкевіча ў «Піратах» не адбудзецца (дапоўнена)

Заяўленага выступу артыста 6 лютага ў клюбе «Піраты» ня будзе. Суцяшальная сустрэча і аўтограф-сэсія з музыкам пройдзе ў галерэі Tut.by 8 лютага.

З сумам адзначаем, што правядзеньне канцэрту гурта WZ-orkiestra на чале са Зьмітром Вайцюшкевічам немагчымае ў сувязі з тым, што клюб «Піраты» адмовіўся выконваць узятыя на сябе абавязкі. Арганізатары атрымалі гастрольнае пасьведчаньне ад Менгарвыканкаму на права правядзеньня гэтага канцэрту, паміж арганізатарам і клюбам была заключаная дамова і сплочаная перадаплата. Добраму папярэдняму продажу радаваліся ўсе бакі — арганізатары, музыкі і сам клюб. І раптам за 8 дзён да выступу «Піраты» ў вуснай форме заявілі, што ня могуць прадставіць памяшканьне. На законнае патрабаваньне даць пісьмовае тлумачэньне прычынаў дырэкцыя пляцоўкі таксама адказала адмовай. Усе спробы з нашага боку залагодзіць канфлікт і знайсьці кампрамісныя рашэньні не далі аніякага плёну. Як не далі аніякага плёну і спробы паўплываць на сытуацыю празь дзяржаўныя органы — адміністрацыю Ленінскага раёну, Менгарвыканкам, Міністэрства культуры і Адміністрацыю прэзыдэнта, куды мы зьвярталіся з просьбаю пасудзейнічаць вырашэньню гэтай дзіўнай сытуацыі. Выпадак склаўся абсалютна абсурдны — клюб гатовы ісьці на парушэньне законных дамоўленасьцяў, несьці іміджавыя і фінансавыя страты, каб не праводзіць мерапрыемства, узгодненае з уладамі, у арганізацыі якога першапачаткова быў зацікаўлены. З клюбам «Піраты» мы ня бачым сэнсу судзіцца, бо гэта адцягне ўвагу ад галоўнага і пяройдзе ў звычайную спрэчку двух суб’ектаў гаспадараньня. Мы разумеем, што кіраўніцтва «Піратаў» адмовілася ад правядзеньня канцэрту не з сваёй волі.

Мы вельмі ўдзячныя тым гледачам, якія выказалі давер нам, як арганізатарам, і набылі квіткі на канцэрт WZ-orkiestra. І для іх, дзякуючы падтрымцы калегаў з парталу Tut.by, замест сарванага канцэрта мы ладзім творчую сустрэчу і аўтограф-сэсію Зьмітра Вайцюшкевіча, якая пройдзе ў 19:00 у гэтую нядзелю, 8 лютага ў галерэі Tut.by, што месьціцца на 9-м паверсе офіснага цэнтру Omega, які знаходзіцца каля станцыі мэтро «Міхалова» (пр-т Дзяржынскага, 57). З улікам невялікіх памераў пляцоўкі, патрапіць на яе маюць магчымасьць толькі тыя, хто ўжо мае квіток на канцэрт Вайцюшкевіча ў клюб «Піраты». Просім астатніх паставіцца з разуменьнем.

Падчас вечарыны ў галерэі Tut.by ахвочыя могуць вярнуць грошы за квіткі, набытыя на канцэрт WZ-orkiestra. Альбо ахвяраваць ужо сплочаную суму, якая пойдзе на карысьць музыкаў і кампэнсацыю стратаў, якія панесьлі арганізатары канцэрту WZ-orkiestra. Акром таго, мы падалі ў Менгарвыканкам новую заяву на атрыманьне гастрольнага пасьведчаньня для правядзеньня канцэрту Вайцюшкевіча ў іншым клюбе ў самы найбліжэйшы час.

дапоўнена 6.02 у 14:18

Галоўны спэцыяліст галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Менгарвыканкаму Аляксандар Мартончык паведаміў, што выдадзенае гастрольнае пасьведчаньне на новы канцэрт Вайцюшкевіча, які меўся адбыцца 19 лютага ў адным зь менскіх клюбаў. Гэты клюб (зь вядомых прычынаў мы не раскрываем яго назву) папярэдне быў згодны правесьці гэты канцэрт у выпадку атрыманьня згоды ад чыноўнікаў, ведаючы пра сытуацыю зь «Піратамі». Але і гэтая пляцоўка адмовілася ад правядзеньня мерапрыемства з спасылкаю на …тэхнічныя праблемы і адсутнасьць электрычнасьці.

Увага! Грошы за квіткі ахвочыя могуць вярнуць да 23 лютага 2015 года.

З павагай, каманда парталу Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    06.02.2015 / 11:51

    Мы змагаліся да апошняга. За Вайцюшкевіча, бо Дзіміна творчасьць вартая таго, каб за яе змагацца. За сябе, бо нельга вось так узяць нас і пераступіць, адкінуць, праігнараваць. За Вас - тых, хто паверыў, што канцэрт мы зробім найлепшым чынам і загадзя набыў квіткі (столікі разышліся за першыя два дні продажу, за два тыдні да пачатку было прадзена 60% танцпляцу).
    Дзякуючы нашым сябрам з Tut.by мы выходзім з гэтай сытуацыі прыгожа - робім творчую сустрэчу і аўтограф-сэсію ў галерэі Tut.by 8 ЛЮТАГА. Просім паставіцца з разуменьнем - пляцоўка можа прыняць толькі тых, хто ўжо набыў квіткі на канцэрт, які нам сарвалі ў "Піратах". На вечарыне можна вярнуць грошы за квіток альбо ахвяраваць гэтую ўжо сплачаную суму на карысьць музыкаў і кампэнсацыю стратаў на арганізацыю канцэрту.

    Акром таго, мы падалі новую заяву на права правядзеньня канцэрту Вайцюшкевіча ў бліжэйшы час у адным зь менскіх клюбаў.
    Дзякуй за разуменьне і падтрымку.

  • Źmicier Nazaraŭ
    Źmicier Nazaraŭ / адказаць
    06.02.2015 / 15:16

    Год выбараў. Вайцюшкевіч - пагроза нацыянальнай стабільнасці! Толькі б не было вайны...Дзякуй, Серж, за тваю працу!

  • Ростислав Смольский
    Ростислав Смольский / адказаць
    06.02.2015 / 14:22

    Сяргей, дзякуй!

  • Alexander Lapko
    Alexander Lapko / адказаць
    08.02.2015 / 14:27

    Калі б і дзе не прайшоў канцэрт, я пайду на яго.
    Варта змагацца.
    Трэба галоснасць і рэзананс: збірайма подпісы і запрашаем ідэолагаў на сам канцэрт.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    17.02.2015 / 23:21

    Дзякуй за падтрымку!

  • КАМЕНТАВАЦЬ