!OUT: Назад у БССР (6 рарытэтных відэа ад Менскага рок-клюбу)
7321 / 6
04.02.2015

!OUT: Назад у БССР (6 рарытэтных відэа ад Менскага рок-клюбу)

Шугалей прызнаецца ў любові да Някляева, Варашкевіч у вобразе школьніка ў шортах і з ранцам, першы кліп «Новага Неба» — гэтыя ды іншыя цікавосткі захаваў у сваім відэаархіве Ўладзімер Зайчанка. Колішні прэзыдэнт менскага рок-клюбу адказаў на пытаньні Tuzin.fm. і прадставіў свае скарбы.

ТГ: У Вашым зборы ёсьць унікальныя рэчы, якія болей нідзе ня знойдзеш. Калі ж пачаў складацца гэты відэаархіў?

УЗ: Фактычна зь першага паседжаньня рок-клюбу «Няміга» ў тым самым ДК Чыгуначнікаў у 1985 годзе. Сустрэчу здымала БТ па ініцыятыве тэлерэжысэра Сяргея Вінаградава. У кадры мы сядзім вакол магнітафона «Тэмбар» і слухаем запісы гурту «Магістрат», а потым пускаем мікрафон па коле… Праўда, я там нейкую лухту нясу. Далей я намагаўся запісваць з тэлевізара ўсё, што тычылася ня толькі рок-клюбу, але ўвогуле беларускага року.

Паседжаньне рок-клюбу «Няміга» (Менск, 1985). Публікуецца ў сеціве ўпершыню.

ТГ: Цяпер існуюць розныя вэрсіі наконт таго, як узьнік першы менскі рок-клюб і хто ім кіраваў. Вы былі, наколькі вядома, ня першым ягоным прэзыдэнтам?

УЗ: Рок-клюб «Няміга» арганізавалі ў 1985 годзе Вітаўт Мартыненка й Анатоль Мяльгуй, які яго й узначаліў. Гэта была вельмі файная ідэя сабраць усіх нашых рокераў. Напачатку ў клюб уваходзіла гуртоў восем: «Магістрат», «Мінск», «Блізьняты», «Мроя»… А я быў абраны новым прэзыдэнтам праз галасаваньні ў 87-м. Недзе ¾ былі «за», ¼ «супраць». Нават нейкі раскол адбыўся. Два беларускамоўныя гурты, у тым ліку «Мроя», былі за Мяльгуя. У выніку, памятаю, што Анатоль моцна пакрыўдзіўся, але гэта ўсё за маёй сьпінай адбылося, я сам сваю кандыдатуру ўвогуле не выстаўляў.

«Бонда»«Тата мае рацыю» (1986). Публікуецца ў сеціве ўпершыню.

ТГ: Чаму ж абралі менавіта Вас?

УЗ: Я ж неяк сам па сабе быў, сам сабе гурт, сам граў на ўсіх інструмэнтах. То бок, калі б абралі каго-небудзь з паўнавартаснага гурту, то магла быць верагоднасьць, што ён сваіх будзе прасоўваць. А я быццам бы для ўсіх, гэткі незалежны кандыдат. Памятаю, што пасьля абраньня замовіў білеты сяброў рок-клюбу. Вельмі прыгожыя такія кніжачкі на сінім фоне з надпісам залатымі літарамі «Рок-клюб „Няміга“».

«Акцэнт» — «Курапаты» (1990). Публікуецца ў сеціве ўпершыню.

ТГ: Рок-клюб у Менску ўтварыўся па нейкай аналёгіі зь піцерскім?

УЗ: Не. Усім вядома, што піцерскі рок-клюб стварыла КДБ, каб усіх трымаць пад каўпаком. А ў нашым выпадку ніякага КДБ не было. Хаця памятаю, што міністар культуры БССР запрашаў нас на нараду, хацелі зрабіць з рок-клюбу нешта мэтанакіраванае, хацелі далучыць да справы кампазытараў, народных артыстаў, але яны ўсе нейкія ленаватыя былі.

«Новае Неба» — «Вочы ваўчыныя» (1991). Публікуецца ў сеціве ўпершыню.

ТГ: Чым жа займаўся клюб пад Вашым кіраўніцтвам?

УЗ: Як правіла, два разы на год мы ладзілі два фэстывалі: у красавіку — дзень народзінаў Рычы Блэкмара, а ў лістападзе — дзень народзінаў Джымі Гэндрыкса. Акром таго, пад эгідай рок-клюбу тройчы прайшоў фэстываль «Тры Колеры». Адбываліся й прамежкавыя фэстывалі «Рок-Рынг» (здаецца, іх чатыры прайшло), «Сустрэчы на Доўгім Бродзе»… Рабіць болей мы не маглі з-за фінансавых ды іншых абмежаваньняў.

Васіль Шугалей (ЫЫЫ) дае інтэрвію Ягору Хрусталёву (1991). Публікуецца ў сеціве ўпершыню.

ТГ: А пастаянныя месцы для паседжаньняў і для выступаў у рок-клюбу меліся?

УЗ: Мы неаднойчы прасілі даць нам памяшканьне. Два разы давалі: быў пакой у Камвольным камбінаце, і у ДК Чыгуначнікаў на першым паверсе. Але гэта былі месцы толькі для сходаў, канцэртовай пляцоўкі мы ня мелі. Пасьля працяглы час сустракаліся на прыступках кінатэатру «Мір» штонядзелю а 13-й… Афіцыйна гісторыю рок-клюбу мы скончылі недзе ў 2003 годзе. Самае галоўнае, што зь яго выйшла маса народу, шмат клясных музыкаў, якія дагэтуль граюць. Хаця многія адышлі ў невядомасьць.

«Мроя»«Ноч за вакном» (1993). Публікуецца ў сеціве ўпершыню

Усе відэаролікі ўзятыя з архіву Ўладзімера Зайчанкі і зьмяшчаюцца ў Сеціве ўпершыню. Адлічбоўка і рэстаўрацыя — Алесь Сямашка. Некаторыя даты публікацыі патрабуюць дадатковага пацьверджаньня. Просьба асобаў, якія могуць нешта ўдакладніць з гэтай нагоды, пісаць у камэнтарах.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.02.2015 / 21:00

    А можа хто ведае - хто гэта на бубнах у відэа "Мроі"?

  • saguaro / адказаць
    06.02.2015 / 09:51

    хіба не Алезіс? твару ня бачна, так што цяжка сказаць...

  • Pete Paŭłaŭ
    Pete Paŭłaŭ / адказаць
    08.02.2015 / 15:00

    На бубнах Юра Цынкевіч, зврвз грае ў гурце "Матор". Алезіс у гэтым кліпе грае на тамбурыне і падпявае. На гітары грае Віця Шот, напэўса самы адораны беларускі гітарыст. На жаль ён ўжо не жые. Вось у гэты гурт мяне і запрасілі граць..

  • Pete Paŭłaŭ
    Pete Paŭłaŭ / адказаць
    08.02.2015 / 15:01

    Выправіце, калі ласка ачапяткі у словах "зараз" і "напэўса"

  • Jahor Viniacki
    Jahor Viniacki / адказаць
    09.02.2015 / 01:48

    спадарства, а вось гэтыя гурты "Блізьняты", "Магістрат" і г.д. іх магчыма паслухаць? ці ўсё пахерылі пад гэві-мэталічны п'яны ўгар?

  • лявон / адказаць
    16.02.2015 / 14:24

    близнецы думаю есть у иванова
    а магистрат искал искал и не нашел
    7 герц также было бы неплохо
    интерпол

  • КАМЕНТАВАЦЬ