Арт-дырэктар Re:Public: «Праблема ў тым, што музыкі лічаць арганізатараў за мэцэнатаў»
2730 / 0
15.10.2014

Арт-дырэктар Re:Public: «Праблема ў тым, што музыкі лічаць арганізатараў за мэцэнатаў»

Прамоўтэр Яўген Карпаў распавёў Tuzin.fm чаму вырашана згарнуць праект «Re:Live» — сэрыю тэматычных канцэртаў беларускіх выканаўцаў.

Сумесны канцэрт гуртоў Pukstband, «Разьбітае сэрца пацана» і «Кассиопея», які прайшоў у клюбе Re:Public 9 кастрычніка, стаў апошнім у праекце «Re:Live».

Гэты праект клюбу Re:Public прыйшоў на зьмену папярэдняму — «In Rock We Trust». Галоўная мэта абодвух праектаў — ладзіць штомесячыныя канцэрты беларускіх музыкаў. Мы хацелі прадэманстраваць чым у дадзеным момант жыве беларуская музыка, даць магчымасьць маладым калектывам выступіць на вялікай сцэне перад вялікай аўдыторыяй, а больш дасьведчаным гуртам, якія зь нейкіх прычынаў ня часта выступаюць на вялікіх пляцоўках, даць нагоду нагадаць пра сябе і паспрабаваць прыцягнуць новую аўдыторыю да сваёй творчасьці.

Розьніца між праектамі ў тым, што я першапачаткова не хацеў пазыцыянаваць «Re:Live» як фэстываль. У маім разуменьні фэстываль — гэта маштабнае мерапрыемства, з магчымасьцю для гледача, калі яму не падабаецца нехта з лайн-апу ці ён проста стаміўся, заняцца якім-небудзь іншым відам дзейнасьці ці забавай. У маштабах клюбу, няхай нават і такога вялікага, як Re:Public, зрабіць гэта было вельмі праблематычна. Хіба што набыць у Вітаўта Мартыненкі якія-небудзь дыскі. Таму для тых пяці канцэртаў «Re:Live» я намагаўся падбіраць лайн-ап прыкладна для адной мэтавай аўдыторыі і кожны канцэрт быў па-сутнасьці тэматычным.

На фота: Аляксандар Памідораў, Яўген Карпаў, Міхей Насарогаў

На самой справе, як бы мы ні намагаліся прыдумаць сваю эканамічную мадэль, ва ўсім сьвеце паводле асноўнага закону бізнэсу ёсьць так, што попыт спараджае прапанову, а не наадварот. Гэты працэс адбываецца і ў нас, прычым ва ўсіх сфэрах. Для музыкаў выхадаў можа быць некалькі — альбо знайсьці мэцэната, які будзе ўкладаць у гурт грошы на прамоўшан альбо даваць рэгулярныя інфанагоды і канцэрты, каб нагадваць пра сябе ды адточваць сваё майстэрства. Як даўным-даўно гэта рабілі The Beatles і зусім нядаўна The Black Keys.

Мы сутыкнуліся з праблемаю, калі некаторыя музыкі такімі мэцэнатамі лічаць арганізатараў. Разумею жаданьне артыстаў займацца выключна музыкай і зарабляць з дапамогай яе грошы. Але ў нашай сытуацыі і на дадзеным этапе гэта выглядае недарэчна, бо музычны рынак Беларусі па-сутнасьці сфармаваны толькі ў Менску, а ад дзяржавы няма аніякай палёгкі прыватным ініцыятывам па арганізацыі і прасоўваньні маладых беларускіх выканаўцаў. Музыканты мусяць уцяміць, што ў нашай краіне арганізатар і музыка плывуць у адной лодцы. І тыя, і другія жывуць з мараю зарабляць тым, што ім падабаецца. Таму ім неабходна ісьці адзін аднаму на саступкі для дасягненьня нейкага посьпеху ў далейшым.

Я не выключаю, што праект можа вярнуцца. Асабіста я маю ідэі яшчэ як мінімум для трох разнаплянавых канцэртаў «Re:Live». Але хутчэй за ўсё гэта будзе ўжо другі праект у іншым фармаце. І я, і Андрэй Валянцінавіч Старцаў (дырэктар клюбу — заўвага ТГ), выдатна разумеем, што нашым музыкам неабходныя як паветра выступы на вялікай сцэне. Але як гэта будзе адбывацца, і ў які бок нам рухацца для прыцягненьня ўвагі гледачоў да такіх канцэртаў-салянак з удзелам нашых калектываў, мы зможам адказаць толькі пасьля дасканалага аналізу.

Яўген Карпаў, фота Яўген Нарушэвіч

Відэа. Выступ гурта Navi падчас аднаго з канцэртаў праекту Re:Live