!OUT: Музыка, якой не cтавала (аўдыё/відэа прэзэнтацыя EP)
3909 / 0
06.09.2014

!OUT: Музыка, якой не cтавала (аўдыё/відэа прэзэнтацыя EP)

Такое музыкі ў Беларусі моцна не хапала. Tuzin.fm рады прэзэнтаваць першы міні-альбом калектыву «Ілюжан» пад назваю «ВыЯВы».

«Ілюжан» — адзін зь нямногіх бэндаў, які хочацца слухаць ужывую: акустычны саўнд, джазавы калярыт, палыновы вакал… Урэшце музыкі прэзэнтавалі свой дэбютны рэліз — міні-альбом «ВыЯВы», куды ўвайшлі тры песьні.

«Ілюжан» ужо стала цалкам беларускім слоўцам і мае вытворныя формы — кшталту «ілюжаняты», — тлумачыць назоў ансамблю сьпявачка Кацярына Аліхвер, філёляг паводле адукацыі. — «Не выключана, што мы яшчэ засьпяваем па-ангельску альбо па-нямецку».

«Ілюжан» існуе з канца 2011 году. То бок, прыкладна з таго часу як з гурту «Ох.Ра» сышла сьпявачка Дар’я Кадамская. Паступова «Ох.Ра» трасфармавалася ў «Ілюжан». З ранейшага складу засталіся толькі гітарыст Сяргей Харашкевіч ды віялянчэлістка Вольга Тамкевіч. Сьпявачка Кацярына Аліхвер трапіла ў бэнд праз кастынг, пабачыўшы аб’яву ў інтэрнэце. Сама яна родам з Паставаў, што на Паазер’і.  Менавіта адтуль у Кацярыны адметнае вымаўленьне й фолькавыя інтанацыі.

«У нас у Паставах атрымліваецца такое своеасаблівае скрыжаваньне і летувіскага, і польскага, і расейскага… Плюс яшчэ дзядулі ды бабулі з Палесься, 9 гадоў школы на беларускай мове. Акром таго, пэўны час я ўдзельнічала ў фольк-тэатры „Госьціца“, брала ўрокі ў Ларысы Сімаковіч ды іншых пэдагогаў па вакале… Гэта ўсе так зьбіраецца й акумулюецца», — распавядае Кацярына.

Для любога сьпеўнага гурту патрэбнае ня толькі спалучэньне добрае музыкі зь нягоршай паэзіяй, але й магчымасьць хаця б мінімальна імправізаваць, каб песьні штораз нібыта ствараліся наноў. Музыкі «Ілюжан» якраз маюць такі патэнцыял. Падчас канцэртаў яны лёгка зрываюцца ў калектыўныя варыяцыі на тэму, джэмуюць… Узьнікае гэткі душэўны драйв, у меру кантраляваны палёт эмоцыяў. Болей за тое, лаціна-джазавая рытміка «Ілюжан» папросту дыхае беларускім мэлясам.

Спадарыня Аліхвер прызнаецца: «Мы ствараем такую бачнасьць, што нам вельмі лёгка імправізаваць. Насамрэч за гэтым стаіць пласт работы. Хаця імправізаваць нам сапраўды даспадобы. Папросту падабраўся такі калектыў, атрымаўся нейкі такі своеасаблівы арганізм».

Перад публікацыяй на Tuzin.fm гурт «Ілюжан» выдаў свой дэбютны міні-альбом «ВыЯВы» на DVD-кружэлцы. Наклад абмежаваны. Дыск зьмяшчае тры песьні ў аўдыё- й відэа-фарматах. Музыкі слушна адабралі бадай самыя выразныя, моцныя й блізкія па настроі кампазыцыі.

Кацярына дадае: «Першапачатковая мэта была менавіта зьняць відэа, дзеля комплекснага ўспрыманьня. Ды й час прысьпеў: ужо два з паловай гады працуем — трэба нешта выдаць. Студыйная праца замаруджваецца таму, што мы бесьперапынна займаемся новым матэрыялам. Гэта такая хваля, якая накрывае й накрывае! Матэрыялу ўжо хопіць на паўнавартасны альбом».

Кацярына Аліхвер дапускае зьяўленьне ў рэпэртуары й чыста інструмэнтальных п’есаў. Пакуль жа ўсе бясслоўныя нарыхтоўкі хутка абрастаюць тэкстамі. Тым часам, склад «Ілюжан» працягвае пашырацца — зусім нядаўна далучыўся скрыпач. Што тычыцца канцэртаў, то ансамбаль грае ў сярэднім два разы на месяц, і па-за Менск пакуль не выяжджаў. Найбліжэйшы выступ «Ілюжан» адбудзецца 15 верасьня ў менскім Палацы мастацтваў у межах 1-га фэстывалю гарадзкой культуры «sтARTup».

Спампаваць EP «ВыЯВы» гурта «Ілюжан» адным файлам з Tuzin.fm

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта