Песьняй сэзону-2014 стала рэфлексія на Плошчу-2010
3844 / 1
18.08.2014

Песьняй сэзону-2014 стала рэфлексія на Плошчу-2010

Найлепшай песьняй сэзону 2013/2014 на Tuzin.fm стала кампазыцыя «Сьнежань» ад гурта Landau.

Песьня «Сьнежань» літаральна адваявала пазыцыю лідэра ў мэгатуры на Tuzin.fm. Змаганьня за першае месца вялі тры кампазыцыі — новы гіт ад ансамблю «Песьняры» — «Кацярынка» і першы беларускамоўны трэк ад гурта «Майтай» — «Полымя» ды ўласна «Сьнежань», якую Landau запісала разам з Zolki Band для свайго аднайменнага дэбютнага беларускамоўнага сынглу.

Найлепшая кампазыцыя сэзону была задуманая ў 2011 годзе, падчас існаваньня гурта Vertigo Band — супольнага праекту часткі гурта Landau з Раманам f.s.t. Спачатку музыкі разглядалі гэты твор, як жартаўлівую музычную замалёўку, але аднойчы зьмяніўся гітарны рыф, які надаў ёй сур’ёзнасьці і дадаўся тэкст Рамана, напісаны пад уражаньнем ад убачанага сваімі вачыма ў сьнежні 2010 году. Тут ужо не да жартаў — «Сьнежань» ператварыўся ў песьню-развагу, прасякнутую драматызмам.

«Мне здаецца, што кожны ў гэтай песьні знаходзіць штосьці сваё, як і я. Я не магу падзяліць з Ромам яго думкі таго часу, але адназначна магу падзяліць эмоцыі, якія падчас цяжка перадаць словамі. Вельмі прыемна, што слухачы адзначылі гэтую кампазыцыю. Для нас важныя любыя перамогі, таму што яны зьяўляюцца своеасаблівым матыватарам для групы ў дасягненьні новых мэтаў. А віртуальная перамога паказала нам, што нашу музыку прымаюць ня толькі на канцэртах, конкурсах ды фэстывалях, але і слухаюць яе седзячы дома або на працы», — кажа ўзрадаваная вакалістка гурта Алена Калейнікава. Берасьцейскія музыкі пільна сачылі за разьвіцьцём падзеяў у чарце на Tuzin.fm, у кожнага зь іх былі свае фаварыты. «Камусьці спадабаўся твор гурту Bristol, хтосьці ў галасаваньні падтрымліваў нашых знаёмых — гурт Nizkiz, але ўсе мы сышліся на тым, што гурт Tonqixod вылучыўся з усіх. На нашу думку гэта адзін з самых цікавых гуртоў на беларускай сцэне. Менавіта іх творчасьць мы хацелі б адзначыць, а таксама пажадаць хлопцам далейшага росквіту і перамог. Наогул жа кожны ўдзельнік сваёй песьняю робіць унёсак у разьвіцьцё нашай культуры, а паколькі ўдзельнікаў шмат і за іх галасуюць, то можна з пэўнасьцю сказаць, што беларуская культура разьвіваецца», — зазначаюць пераможцы.

Для Landau гэтае лета апынулася сапраўды багатым на перамогі — акром чарту на Tuzin.fm яны адзначыліся ў Польшчы. Беларускі гурт узяў Гран-пры на польскім фэсьце Wielki Ogień, заняў першае месца на XVI Iławska Fama Rock Festiwal, фэсьце ZMRock 2014, а таксама стаў ляўрэатамі фэсту Around the Rock. Пры гэтым берасьцейскі гурт практычна невядомы ў Менску, за чатыры гады існаваньня яны выступалі тут усяго два разы. «Нас яшчэ ня ведаюць ня толькі ў Менску, а шмат у якіх гарадах ў Беларусі. Мы абявязкова будзем намагацца выправіцца ў самы бліжэйшы час. Будзем імкнуцца больш актыўна выступаць, трапляць на радыёстанцыі і рабіць усё, што залежыць ад нас, каб данесьці сваю творчасьць», — кажа гітарыст каманды Андрэй Кухарчук.

У найбліжэйшы час Landau бярэцца за запіс альбому, куды ўвойдуць абсалютна новыя творы на ангельскай і беларускай мовах, у тым ліку новая кампазыцыя «Поўнач». У сувязі з гэтым канцэртная дзейнасьць берасьцейцаў будзе не такая актыўная. Затое ад новага году яны плянуюць гучна пра сябе нагадаць — прэзэнтаваць новыя песьні, новыя відэа, новы вобраз ды яшчэ нямала чаго. Landau з тых гуртоў, якім ёсьць што сказаць, гэта безумоўна.

Яшчэ: Landau. Парушыўшы законы прыцягненьня (аўдыё, відэа)

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    18.08.2014 / 13:36

    Віншуем цудоўны гурт landau зь перамогаю! Спадзяемся, што пачуем яго ўжывую ў Менску на "тузіноўскай" прэміі "Героі году".

  • КАМЕНТАВАЦЬ