Вячаслаў Радзівонаў: «У такім выглядзе Ultra-Music Awards была мала каму патрэбная»
3530 / 1
17.07.2014

Вячаслаў Радзівонаў: «У такім выглядзе Ultra-Music Awards была мала каму патрэбная»

Галоўны рэдактар парталу Ultra-Music і заснавальнік Ultra-Music Awards патлумачыў Tuzin.fm, чаму сёлета прэмію вырашана не праводзіць.

Сёлета беларуская музычная прэмія Ultra-Music Awards мелася прайсьці ў пяты раз. Акурат у 2014 годзе яе арганізатары вырашылі зьмяніць фармат і вызначаць найлепшых не па выніках году, а па выніках музычнага сэзону. Цырымонія мелася адбывацца ў верасьні, але нечакана было абвешчана пра тое, што прэмія прыпыняе сваё існаваньне.

Як патлумачыў Tuzin.fm галоўны рэдактар парталу Ultra-Music і заснавальнік Ultra-Music Awards Вячаслаў Радзівонаў, разам зь фінансавымі цяжкасьцямі да такога рашэньня яго падштурхнула і практычная адсутнасьць увагі да гэтай падзеі: «У тым выглядзе, у якім існавала прэмія, яна была мала каму патрэбная. Сэнс любой прэміі або ў тым, каб сапраўды ўзнагародзіць кагосьці (то бок зрабіць каштоўны падарунак пераможцу), або стварыць вялікае інфармацыйнае поле, дзякуючы якому пра пераможцаў даведаецца вялікае кола людзей. Некалькіх узгадак у інтэрнэт-СМІ для гэтага недастаткова. Апошні год мы думалі над тым, як дамагчыся гэтай мэты, распрацавалі некалькі сцэнараў. Але ўсе яны вымагалі значных выдаткаў. Кожная цырымонія — гэта і арэнда пляцоўкі, і ганарары для выступоўцаў, і выраб узнагародаў, і рэкляма і шмат чаго яшчэ»

На фота: першыя цырымоніі Ultra-Music Awards праходзілі ў клюбе «Графіці». Вячаслаў Радзівонаў на ўручэньні UMA-2010.

Наконт таго, каб сабраць грошы на правядзеньне прэміі сярод слухачоў, каманда Ultra-Music нават ня думала, бо ня верыць у магчымасьці беларускага краўдфандынга, а вось праца па пошуку спонсараў вялася сур’ёзная. «Мы разумелі, што мінімізаваць выдаткі можна было толькі праз супрацоўніцтва са спонсарамі, таму ў апошнія паўгоду мэтанакіравана займаліся гэтым пытаньнем. Партнэрам прэміі пагадзіўся быць „Атлант-Тэлекам“, вялікі дзякуй гэтай кампаніі за сталую падтрымку беларускіх музычных ініцыятыў. Але, на жаль, іх дапамогі для рэалізацыі ўсіх ідэяў было недастаткова».

На фота: апошняя Ultra-Music Awards прайшла ў лютым 2013 году ў клюбе «Цэнтр». Вячаслаў Радзівонаў абвяшчае пераможцу ў адной з намінацыяў. На дальнім пляне — вядучы прэміі Павал Сьвярдлоў.

Па перамовах з партнэрамі і пошукам партнэраў быў пастаўлены пэўны дэдлайн. Калі арганізатары Ultra-Music Awards зразумелі, што за азначаны час новых магчымасьцяў не адкрылася, яны вырашылі адмовіцца ад правядзеньня мерапрыемства: «Часу да верасьня застаецца зусім няшмат, а весьці перамовы з пляцоўкай, гуртамі, вядучымі, а таксама плянаваць пэўныя ўзнагароды для пераможцаў мы ня ў стане праз адсутнасьць фінансаў, таму прынялі рашэньне не праводзіць прэмію», — зазначае Радзівонаў. Пры гэтым заснавальнікі Ultra-Music Awards кажуць, што не хаваюць сваю задуму назаўжды. Цалкам магчыма, што прэмія будзе адноўлена ў 2015 годзе.

Tuzin.fm 

КАМЕНТАРЫ:

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    17.07.2014 / 14:40

    Вельмі шкада, з кожным годам гэтая прэмія расла і ў апошнія гады выглядала вельмі сур'ёзна. І безумоўна яна патрэбная, чым болей прэмій - тым лепей.

  • КАМЕНТАВАЦЬ